Дадатнае сальда вонкавага гандлю Беларусі абрынулася летась амаль у 10 разоў


Нацыянальны банк падвёў падрахунак вонкавага гандлю Беларусі ў 2023 годзе. Дзякуючы паслугам агульнае сальда захавалася дадатным і склала $ 480,7 млн. Пазалетась было $ 4,6 млрд – у 9,5 разу больш.

Летась краіна экспартавала тавараў і паслуг на $ 47,9 млрд, імпартавала – на $ 47,4 млрд. Імпарт рос значна хутчэй за экспарт: 12,1 % супраць 2,1 %. У выніку сальда хаця і засталося дадатным, аднак абрынулася з $ 4,6 млрд да $ 480,7 млн.

Усё сапсаваў гандаль таварамі. Калі пазалетась Беларусь прадала за мяжу болей, чымся купіла, то ў 2023 годзе – наадварот. Сальда было плюс $ 385 млн, стала мінус $ 2,4 млрд. Экспарт вырас на 4,6 %, а імпарт – на 12 %.

Імпарт паслуг таксама вырас істотна, на 12,7 %, а экспарт упаў на 7,9 %. Аднак сальда ўсё яшчэ засталося дадатным і ўратавала агульны паказнік вонкавага гандлю.

Раней Белстат падлічыў, што летась Беларусь прадала за мяжу тавараў на $ 40,2 млрд, а купіла – на $ 43,3 млрд. Адмоўнае сальда ўтварылася найперш з увагі на гандаль з краінамі па-за СНД: імпарт адтуль вырас на 29 % год да года.

Што так актыўна купляла Беларусь у краінах дальняй дугі, невядома. Статыстычнае ведамства хавае інфармацыю пра тое, з якімі дзяржавамі і чым менавіта гандлюе нашая краіна.

Hавiны
Экспартны «поспех» Беларусі: адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі вырасла за год у 30 разоў
2024.02.05 20:44

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў