Калі ў 2022 годзе адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі склала менш за $100 млн, то ў 2023-м перавысіла $3 млрд. Як паведаміў Белстат, летась імпарт павялічваўся значна шпарчэй за экспарт, прычым найбольш стратаў прыносіць гандаль з краінамі «дальняй дугі».
Гандаль таварамі з краінамі СНД – прыбытковы для Беларусі: экспарт перавысіў імпарт на $2,6 млрд. У 2023-м у параўнанні з 2022-м пастаўкі ў гэтыя рэспублікі выраслі на 4%, а адтуль – на 2,1%.
Калі б не збыт у краінах былога СССР (тут галоўную ролю адыгрывае Расея), сальда зусім было б непрывабным.
Экспарт у іншыя рэгіёны свету павялічыўся за год на 6%, а імпарт адтуль – ажно на 29%. У 2022 годзе сальда з краінамі па-за СНД сышло ў мінус на $2,4 млрд, а летась ужо – мінус амаль $6 млрд.
Агулам экспарт тавараў з Беларусі вырас летась на 4,7%, а імпарт – на 12%. Неўзабаве Нацбанк мае апублікаваць статыстыку, што тычыцца паслугаў, і тады стане вядома, ці выйшаў вонкавы гандаль краіны ў плюс.
З дадзеных апошніх месяцаў было бачна, што і ў паслугах не ўсё добра: прасядае транспарт і IT-галіна.
У студзені–лістападзе летась экспарт тавараў і паслугаў перавысіў імпарт на $730 млн год да года.
Сцяпан Кубік belsat.eu