“Навошта табе самалёт? Цябе нікуды не пускаюць”: Інтэрнаўты каментуюць Лукашэнку


Хоць па-сутнасці за 5 гадзінаў прэс-канферэнцы Лукашэнка не сказаў нічога прынцыпова новага, ягоная размова з журналістамі выклікала рэзананс сярод інтэрнаўтаў. Часцяком каментары выходзілі па-за стандарты цывілізаванай дыскусіі.

“Цуд, а не бацька!”

Рэзка негатыўную рэакцыю выклікалі выказванні Лукашэнкі адносна прапановы паказаць прыклад ашчаджэння дзяржсродкаў у Год беражлівасці. Кіраўнік дзяржавы запэўніў журналістаў, што на набыцці новага самалёта дзяржава зэканоміла, шыкоўны аўтамабіль “Майбах” яму падарылі, а рэзідэнцыя ўвогуле месціцца ў чарнобыльскай зоне.

Навошта табе самалёт? Цябе нікуды не пускаюць, ты і на плацкарт сабе не зарабіў”, – каментуе карыстальнік “YouTube” пад нікам Belarus The Best.

І ўвогуле, бацька не п’е, не есць, не паліць і па бабах не ходзіць. Мае кашулю адну і ходзіць у лапцях, а ўвесь заробак ахвяруе ў дом састарэлых, каб яны там не памерлі. Цуд, а не бацька!”, – іранічна зазначае карыстальнік oriflammarey.

Інтэрнаўт з нікам work1993 звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка часам не даваў журналістам з незалежных медыяў нармальна задаць пытанне. “Калгас… ён усіх так перабіваў?”

Вонкавыя пагрозы і “чалавечны вобраз”Аляксандр Лукашэнка. Архіўнае фота belsat.euАляксандр Лукашэнка. Архіўнае фота belsat.eu

У адказ на нервовы пасаж Лукашэнкі напрыканцы прэс-канферэнцыі пра тое, што “вакол Беларусі шчоўкаюць зубамі”, адзін з карыстальнікаў сеціва адпісаў: “З-за кучкі, што дарвалася да ўлады, краіна ўжо на ўзбочыне прагрэсу, сталася мішэнню для кпінаў, а з кіраўніком і ягонымі падзельнікамі не хочуць сустракацца ў цывілізаваным свеце!”

Спроба змякчыць ды “ачалавечыць” вобраз Лукашэнкі таксама не мела вялікага поспеху. Журналістка тэлекампаніі “Мир” спытала ў кіраўніка дзяржавы пра тое, ці ён яшчэ грае на баяне і ці з’явіліся ў яго новыя хобі, акрамя хакею і лыжаў. Лукашэнка паскардзіўся, што “лапа ўжо не слухаецца інструмента”. “Баяніст х**ў, ідзі лепш свінням дай, бо галодныя”, – напісаў адзін з карыстальнікаў.

“Беларуская кіберкухня”

Інтэрнэт можа даць карыстальніку на пэўным этапе ананімны ўдзел у дыскусіі, гаворыць кіраўніца інтэрнэт-праекту Ірына Віданава Мультымедыйны часопіс 34”.

Таму менавіта ў сеціве можна пачуць больш радыкальных меркаванняў, чымся нават на акцыях апазіцыі. Да таго ж, не апошнюю ролю магла адыграць асоба “спікера” – Аляксандра Лукашэнкі.

У Беларусі няма нармальнай адкрытай публічнай прасторы для дыскусіяў, дзе людзі маглі б збірацца і выказваць меркаванні, – гаворыць Ірына Віданава. – Інтэрнэт і ёсць гэткаю “кіберкухняй”. Як раней нашыя бацькі вялі дыскусіі ў кватэрах на кухнях, гэтак сёння больш маладое пакаленне робіць гэта ў інтэрнэце”.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў