Як дэмакратычны свет выказаў салідарнасць з Беларуссю ў гадавіну забойства Рамана Бандарэнкі


Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю адзначаюць 12 лістапада – у дзень забойства Рамана Бандарэнкі. Пра салідарнасць з Беларуссю заявілі Еўразвяз, парламенцкая асамблея NATO і прадстаўнікі асобных дэмакратычных краінаў.

Ад імя Еўразвязу выказаў салідарнасць з Беларуссю Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па вонкавых справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль. Еўрапейскі звяз падтрымлівае намаганні беларускага дэмакратычнага руху і высока ацэньвае мужнасць і стойкасць беларускага народу, які працягвае выступаць за дэмакратыю і свае асноўныя правы і свабоды, нягледзячы на жорсткі прыгнёт, сказаў ён у заяве.

Афіцыйны прадстаўнік вонкавапалітычнай службы Еўразвязу Пітэр Стана напісаў, што ў гэты дзень Еўразвяз успамінае Рамана Бандарэнку, асуджае працяг рэпрэсіяў з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, заклікае да вызвалення палітвязняў, падтрымлівае людзей і іхныя правы, узначальвае намаганні ў прыцягненні вінаватых да адказнасці.

Генеральная сакратарка Рады Еўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч заявіла пра падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі і палітычных зняволеных, якія змагаліся за свабоду і справядлівасць.

Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі NATO Міхал Шчэрба напісаў: «Нас натхняе адвага народу Беларусі ў змаганні за дэмакратыю і засмучваюць іхныя ахвяры. Яны нагадваюць нам, што дэмакратыя каштоўная і мусіць пастаянна быць абароненая».

Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы ў супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Артур Міхальскі ўпэўнены, што ахвяра такіх людзей як Раман Бандарэнка не будзе дарэмнай.

Амбасада Злучаных Штатаў у Менску заявіла, што ЗША маюць гонар падтрымліваць Беларусь, «пакуль беларусы ва ўсім свеце працягваюць змагацца за светлую будучыню».

Спецыяльная пасланніца ўраду Літвы па справах Беларусі Аста Андрыяўскіене напісала: «Вечная памяць Раману Бандарэнку і ўсім загiнулым за свабоду і праўду».

Міністэрства замежных справаў Латвіі выказала салідарнасць з усімі тымі, хто, нягледзячы на рэпрэсіі, працягвае змаганне за дэмакратычную і Вольную Беларусь. І дадала: «Можаце разлічваць на падтрымку Латвіі так доўга, як спатрэбіцца».

Міністэрства замежных справаў Бельгіі напісала, што, як і Еўразвяз, працягвае падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы.

Міністэрства замежных справаў Нарвегіі напісала пра салідарнасць з тымі, хто змагаецца за дэмакратычную і вольную Беларусь, заклікала вызваліць палітычных зняволеных і абяцала не забываць ахвяраў рэпрэсіяў.

Міністарка замежных справаў Нідэрландаў Ганке Брэйнс Слёт напісала, што ейная краіна падтрымлівае адважных беларусаў, заклікае вызваліць палітвязняў, асуджае зняволенне журналістаў.

Ірландскі міністр па справах Еўропы Пітэр Бэрк напісаў, што Ірландыя заклікае да безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі.

Міністэрства замежных справаў Швецыі напісала, што брутальныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі трэба спыніць – нагадала пра паўтары тысячы палітвязняў, у ліку якіх лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

Салідарнасць з Беларуссю выказалі шматлікія іншыя палітыкі, партыі і ўстановы дэмакратычных краінаў, ад Аўстрыі да Канады.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў