З сектару Газа, у якім Ізраіль праводзіць ваенную аперацыю ў адказ на атаку тэрарыстаў, 1 лістапада пачалі выпускаць замежных грамадзянаў. Раней консул Беларусі ў Ізраілі казаў, што ў сектары застаюцца «дзясяткі грамадзянаў Беларусі». Што з імі, невядома.
Першая група грамадзянаў Польшчы выйшла з сектару Газа 12 лістапада. У гэтай групе было 18 чалавек. Раней паведамлялася пра 25 грамадзянаў Польшчы, якія былі ў Газе, а таксама пра аднаго ў палоне тэрарыстаў ХАМАС.
Міністэрства надзвычайных справаў Расеі 12 лістапада расказала, што грамадзяне Расеі пачалі выходзіць з сектару Газа. Цягам дня на тэрыторыю Егіпту выйшлі 70 грамадзянаў Расеі, яны кіруюцца ў Каір.
Грамадзяне Украіны пачалі выходзіць з сектару Газа яшчэ раней: цягам тыдня эвакуявалі 214 грамадзянаў, паведаміў 11 лістапада прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Днём раней ён расказваў, што Украіна эвакуявала з Газы таксама 9 грамадзянаў Малдовы.
Консул Беларусі ў Ізраілі Станіслаў Венцэль яшчэ месяц таму расказваў, што ў сектары Газа застаюцца «дзясяткі грамадзянаў Беларусі, пераважна жанчыны і дзеці».
Міністэрства замежных справаў Беларусі і амбасада Беларусі ў Ізраілі на момант публікацыі нічога не казалі аб эвакуацыі з сектару Газа грамадзянаў Беларусі – ні сваімі сіламі, ні разам з расейцамі.
Алесь Наваборскі belsat.eu