Абвешчаны збор сродкаў на захаванне старажытнага касцёлу ва Ушацкім раёне


Газета Ушацкага райвыканкаму «Патрыёт» паведамляе, што быў адкрыты адмысловы дабрачынны рахунак, куды можна перавесці грошы на аднаўленне помніку архітэктуры XVIII стагоддзя.

У вёсцы Селішча ва Ушацкім раёне бернардыны пабудавалі касцёл Святой Веранікі разам з кляштарам у 1726 годзе. Падчас Другой сусветнай вайны касцёл моцна пацярпеў. Яго не аднаўлялі, і ён працягваў разбурацца. У красавіку 2023 года стала вядома, што абрынулася сцяна бернардынскага кляштару.

Разбурэнне бернардынскага кляштару ў Селішчы. Віцебская вобласць, Беларусь. 30 красавіка 2023 года.
Фота: заброшеннаябеларусь / Telegram

Пры гэтым касцёл ды кляштарны корпус бернардынаў у Селішчы з 2007 года прызнаны гістарычна-культурнай каштоўнасцю. Паводле Кодэксу аб культуры, уласнікі такіх будынкаў мусяць забяспечваць іх захаванасць.

Імаверна, дзяржава адмовілася выдаткоўваць грошы на захаванне гістарычна-культурнай каштоўнасці, таму газета Ушацкага райвыканкаму была вымушаная абвесціць дабрачынны збор сродкаў.

«Думаецца, што шмат каму хацелася б захаваць гэтую гістарычна-культурную каштоўнасць. Касцёлу цяпер тэрмінова патрэбныя кансервацыйныя і аднаўленчыя працы (стварэнне часовага даху, сховішча фрагментаў сцэнаў)», – гаворыцца ў паведамленні мясцовай газеты.

Адзначаецца, што для гэтых мэтаў быў адкрыты адмысловы дабрачынны рахунак, на які можна пералічыць любую суму на захаванне касцёлу: BY39AKBB31320112601822300000, код AKBBBY2X, УНП 300006248.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў