Ва Ушацкім раёне абрынулася сцяна корпусу бернардынскага кляштару


Telegram-канал «заброшеннаябеларусь» паведаміў пра разбурэнне старажытнага кляштару бернардынаў у вёсцы Селішча ва Ушацкім раёне. Спробы аднавіць гісторыка-культурную каштоўнасць некалі былі, аднак ні да чаго не прывялі.

Разбурэнне бернардынскага кляштару ў Селішчы. Віцебская вобласць, Беларусь. 30 красавіка 2023 года.
Фота: заброшеннаябеларусь / Telegram

Бернардыны пабудавалі касцёл святой Веранікі разам з кляштарам у 1726 годзе. Падчас Другой сусветнай касцёл моцна пацярпеў. Яго не аднаўлялі, і ён працягваў разбурацца.

Telegram-канал «заброшеннаябеларусь» піша, што аднавіць будынак нібыта спрабавалі: «Нават прыязджаў хтосьці з каталіцкай дыяцэзіі развязваць праблему. Аднак праз адсутнасць даху ад ідэі адмовіліся: занадта дорага».

Сцяна бернардынскага кляштару абрынулася каля двух тыдняў таму.

«І калі касцёл выглядае разбураным, то ад жылога корпусу кляштару бернардынаў засталося і за тое менш. Літаральна два тыдні таму там абрынуліся рэшткі сценаў», – паведамляюць аўтары.

Тутэйшыя апавядаюць, што часта ў касцёл прыязджае мужчына, які расстаўляе  ўнутры знічкі і абразы. Таксама заязджае моладзь і адпачывае ў намётах.

Гэты касцёл ды кляштарны корпус бернардынаў у Селішчы прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю ў 2007 годзе. Паводле Кодэксу аб культуры, уласнікі такіх будынкаў мусяць забяспечваць іх захаванасць.

Hавiны
У Зембіне пачалі зносіць касцёл, які лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю
2022.11.25 20:48

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў