«Для беларусаў ёсць дзве навіны». Кніга пра змаганне Лукашэнкі з журналістамі выйшла па-ангельску


Арлета Бойке, рэдактарка кнігі «Партызаны. Журналісты ў прыцэле Лукашэнкі» падчас прэзентацыі выдання ў сядзібе Польскага прэс-клубу. 11 траўня 2022 года. Фото: ДД / Белсат

У Варшаве прэзентавалі англамоўную версію кнігі «Журналісты ў прыцэле Лукашэнкі», якую польскія рэпарцёры напісалі пра сваіх беларускіх калег – у тым ліку, журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. Рэдактарскую працу над кнігай выканалі польскія журналісты Арлета Бойке і Міхал Патоцкі. Публікацыя стала магчымай дзякуючы падтрыманню Вялікай Брытаніі і Канады.

У кнігу ўвайшлі гісторыі дваццаці беларускіх журналістаў, якія апынуліся за кратамі, збеглі з краіны або загінулі – Кацярыны Барысевіч, Надзі Бужан, Сашы Івуліна, Ігара Лосіка, Наталлі Лубнеўскай, Алены Талкачовай, Паўла Шарамета і іншых.

«Гэта людскія гісторыі, якія кожны можа прымерыць на сябе. Калі мы бачым статыстыку, колькі ў Беларусі палітвязняў, колькі сярод іх журналістаў, гэта выглядае кепска. Але калі мы чытаем канкрэтныя гісторыі, напрыклад Ксеніі Луцкінай, якая сядзіць у турме з ракам мозга, а я ўдома на яе чакае сын-падлетак, кожны думае, што зрабіў б на яе месцы, ці змог б вытрымаць. Мы хацелі, каб кожны, хто прачытае кнігу, паспрабаваў уявіць сябе ў такой сітуацыі і зразумець, наколькі яна цяжкая», – кажа ў размове з «Белсатам» рэдактарка выдання Арлета Бойке.

Кніга «Партызаны. Журналісты ў прыцэле Лукашэнкі» падчас прэзентацыі выдання ў сядзібе Польскага прэс-клубу. 11 траўня 2022 года. Фото: ДД / Белсат

Журналістка прызнаецца, што цяперашняя сітуацыя ў свеце не спрыяе беларусам найлепей, але дадае, што мае для беларусаў як кепскую, гэтак і добрую навіну.

«Добрая навіна ў тым, што палякі адрозніваюць беларускае грамадства ад уладаў. У выпадку Расеі гэта ўжо цяжэй. Я ведаю расейцаў, якія прысвяцілі сваё жыццё барацьбе з сістэмай і мусілі пакінуць сваю краіну, але іх пазіцыя нябачная на фоне масы расейцаў, якія падтрымліваюць Уладзіміра Пуціна. Кепская навіна: Беларусь аказалася прыкрытай тым, што адбываецца ўва Украіне. Уся дапамога ідзе цяпер туды. Усе мае знаёмыя журналісты, якія займаюцца Усходняй Еўропай, пераключыліся на ўкраінскія тэмы або паехалі ўва Украіну. Але мы мусім тлумачыць, што беларускія і ўкраінскія падзеі – гэта дзве часткі адной галаваломкі пад назвай «расейскі імперыялізм». У сваю чаргу гэты імперыялізм пагражае бяспецы не толькі Украіны, але ўсёй Еўропы і свету», – дадае Бойке.

Пераклад кніжкі стаў магчымы дзякуючы фінансаваму падтрыманню дыпламатычных пляцовак Вялікай Брытаніі і Канады ў Польшчы. Падчас прэзентацыі тома палітычная дарадца амбасады Канады Jeanette Sautner падкрэсліла, што свабода слова – фундамент дэмакратычнага грамадства.

«Адсутнасць свабоды слова прыводзіць да такой сітуацыі, якая склалася цяпер у Беларусі. Таму цяпер мы мусім бараніць журналістаў і падтрымліваць абмен інфармацыяй яшчэ больш, чымся раней», – заявіла дыпламатка.

Палітычная дарадца Амбасады Канады ў Польшчы Jeanette Sautner (у цэнтры) падчас прэзентацыі кнігі «Партызаны. Журналісты ў прыцэле Лукашэнкі» ў сядзібе Польскага прэс-клубу. 11 траўня 2022 года. Фото: ДД / Белсат

Канада ўвяла санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, асудзіла ягоныя дзеянні і да сярэдзіны 2021 года выдаткавала на падтрыманне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі $3 млн, дадала Sautner.

Польская версія кнігі пабачыла свет 9 жніўня 2021 года, у гадавіну пачатку беларускіх пратэстаў. Аўтары працавалі над выданнем без ганарараў. Выдавецтва Adam Marszałek адмовілася ад прыбыткаў ад продажу кнігі. На вокладцы размешчаны малюнак беларускага дызайнера Уладзіміра Цэслера.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў