У вёсцы Варзяны Астравецкага раёну невядомыя сарвалі з гранітнай пліты на польскіх могілках табліцу з надпісам. Яна інфармавала аб загінулых жаўнерах Віленскай брыгады Арміі Краёвай, якія загінулі 31 студзеня 1944 года ў баі з нямецкімі войскамі. Пра выпадак паведамляе сайт беларускіх палякаў «Głos z-nad Niemna».
На могілках пахаваныя 18 байцоў 5-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай, якія загінулі ў бітве з нямецкімі салдатамі 31 студзеня 1944 года. Магілы з каменнымі крыжамі размешчаныя ў два шэрагі, на кожным з якіх ёсць звесткі аб пахаваным салдаце.
«Чарговыя польскія вайсковыя могілкі ў Беларусі апаганеныя рэжымам Лукашэнкі. Ганьба і варварства», – пракаментаваў знішчэнне шыльды ў Варзянах дэпутат польскага Сейму Робэрт Тышкевіч.
На шыльдзе па-беларуску было напісана: «Могілкі польскіх партызанаў, якія загінулі 31.01.1944 г. у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі». Далей па-польску тлумачылася, каму стаяць могілкі: «Жаўнерам 5-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай, палеглым 31.01.1944 г. у пераможнай бітве з аддзелам нямецкага вермахту пад вёскай Варзяны. Павага іх памяці».
Паводле польскага МЗС, у Беларусі з ініцыятыву ўладаў на дзень 28 кастрычніка знішчаныя або апаганеныя 13 месцаў памяці палякаў, у тым ліку ваенных пахаванняў, помнікаў і памятных знакаў.
Алена Рувіна belsat.eu