Кіраўніцтва «Белсатам» возьме на сябе Аляксей Дзікавіцкі


Кіраўніцтва Польскага тэлебачання ў ліквідацыі падзякавала Агнешцы Рамашэўскай-Гузы за шматгадовую супрацу і паведаміла, што кіраўніцтва «Белсатам» возьме на сябе ейны намеснік і адзін з заснавальнікаў станцыі Аляксей Дзікавіцкі. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні ліквідатара.

Намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі на сустрэчы са Святланаю Ціханоўскаю падчас ейнага візіту ў Варшаву. Варшава. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Агнешка Рамашэўская-Гузы больш не дырэктарка «Белсату». Цяперашняе кіраўніцтва Польскага тэлебачання ў ліквідацыі падзякавала ёй за шматгадовую супрацу. Абавязкі Рамашэўскай-Гузы возьме на сябе ейны ранейшы намеснік і адзін з заснавальнікаў каналу Аляксей Дзікавіцкі», – напісана ў паведамленні кіраўніцтва Польскага тэлебачання ў ліквідацыі.

Там тлумачыцца, што змены звязаныя з пераходам да новай мадэлі працы замежных каналаў TVP, якія фінансуюцца за кошт Міністэрства замежных справаў:

«Бюджэт «Белсату» павялічыўся з 30 мільёнаў у 2018 годзе да 90 мільёнаў, запланаваных на 2024 год. Рост аб’ёмаў фінансавання быў звязаны таксама з тым, што планавалася вылучыць канал са структураў TVP, што палегчыла б прыцягненне вонкавых сродкаў. Аднак гэты працэс не праводзіўся. МЗС не ўхваліў у гэтым годзе дафінансавання на запланаваным каналам узроўні».

Тое, што кіраваць каналам, які працуе для Беларусі, будзе беларус, «адпавядае чаканням колаў беларускай апазіцыі».

«Аляксей Дзікавіцкі выдатна ведае каманду і, што немалаважна, разумее неабходнасць супрацы з астатнімі каналамі грамадскага тэлебачання», – падсумоўвае кіраўніцтва Польскага тэлебачання ў ліквідацыі.

Hавiны
Агнешка Рамашэўская-Гузы: Мы не можам дазволіць сабе маргіналізаваць найважнейшы медыйны праект
2024.03.12 17:17

belsat.eu 

Стужка навінаў