Гарадзенскую гімназію назвалі імем кіраўніка чырвонага тэрору


Гімназія № 6 у Горадні цяпер носіць імя Фелікса Дзяржынскага. Перад галоўным уваходам – бюст чалавека, які ствараў палітыку дзяржаўнага тэрору і сістэму савецкіх канцэнтрацыйных лагераў.

Гімназія № 6 у Горадні атрымала імя Дзяржынскага.
Фота: grodnoplustv.by

Дзяржаўны тэлеканал «Гродно Плюс» расказаў 12 лютага аб наданні Гімназіі № 6 у Горадні імя Фелікса Дзяржынскага.

Паводле дырэктаркі гімназіі Таццяны Махнач, ідэя даць такое імя ўстанове з’явілася яшчэ ў 1983 годзе, цягам больш як 30 гадоў вялі «даследчую працу», знайшлі родзічаў Дзяржынскага.

Гэта першы, але не апошні раз, калі ў Горадні ўстанова адукацыі атрымае імя вядомага чалавека: «канцэпцыяй нэймінгу і стварэннем уласнага адрознага брэнду школы, гімназіі і ліцэі займаліся цягам чатырох месяцаў», сцвярджае тэлеканал.

Гісторыі
Першыя канцлагеры ў Беларусі стварылі бальшавікі – 100 гадоў таму
2021.01.27 16:31

Выглядае, што Дзяржынскі ніяк не звязаны з гісторыяй гімназіі, як і з Горадняй наогул. Ён нарадзіўся на хутары Дзяржынава, што ў 15 км ад Івянца і ў 210 км ад Горадні, вучыцца з’ехаў у Вільню.

Дзяржынскі вядомы як спачатку савецкі рэвалюцыянер, а затым – галоўны сілавік Саветаў, адзін з распрацоўнікаў і кіраўнікоў чырвонага тэрору. Такую назву афіцыйна мела палітыка бальшавікоў у час грамадзянскай вайны з контррэвалюцыянерамі. Дзяржынскі вызначаў гэтую палітыку як «застрашванне, арышты і знішчэнне ворагаў рэвалюцыі паводле прынцыпу іхнай класавай прыналежнасці».

Колькасць ахвяраў чырвонага тэрору ацэньваюць у 1,2-2 млн чалавек.

Hавiны
Назвы вуліцаў, якія парушаюць законы логікі, маралі і дзяржавабудаўніцтва
2021.06.05 13:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў