У Ляхавічах прымушалі падпісвацца супраць званоў касцёлу. Тых, хто адмаўляўся, называлі «пшэкамі»


Трое жыхароў Ляхавічаў на Берасцейшчыне ініцыявалі збор подпісаў супраць гучання званоў нядаўна адроджанага касцёлу. Адзін з незадаволеных – супрацоўнік лякарні – прымушаў падначаленых падпісвацца пад калектыўным зваротам, паведамляе выданне «KATOLIK.LIFE».

Аўдыясістэма касцёлу ў Ляхавічах. Берасцейская вобласць, Беларусь.
Фота: katolik.life

Скаргамі ўжо закідалі мясцовую пракуратуру, а пробашча час ад часу выклікаюць у райвыканкам.

У касцёле ўсталяваная аўдыясістэма электронных званоў, бо на сапраўдныя бракавала грошай. За ўвесь дзень яна працуе агулам да 10 хвілінаў.

Адзін з скаржнікаў – супрацоўнік адміністрацыі раённай лякарні. Ён прымушаў падначаленых падпісвацца пад калектыўным зваротам пра тое, што касцельныя званы нібыта перашкаджаюць працы медыкаў.

«Сярод персаналу нямала католікаў, і калі яны казалі, што званы ім не замінаюць і адмаўляліся падпісваць скаргу, начальнік абзываў іх «пшэчкамі». У адной са скаргаў парафію вінавацяць у тым, што боем званоў яна быццам бы «распальвае міжканфесійную варожасць»», – піша «KATOLIK.LIFE».

У шпіталі нават замералі ўзровень шуму ад гукавой сістэмы касцёлу, у выніку раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі запатрабаваў панізіць гук узмацняльнікаў, бо «у некаторых кабінетах і палатах лякарні ўзровень нязначна перавышае ўсталяваныя законам нормы».

У парафіі, хаця і назвалі такі загад незаконным, бо нарматыў не тычыцца шуму, абумоўленага набажэнствамі і іншымі рэлігійнымі абрадамі, аднак ужо тройчы панізілі гучнасць. Скаржнікаў гэта не задавальняе.

Святары лічаць гэты ціск парушэннем Канстытуцыі і абмежаваннем правоў вернікаў і напісалі сустрэчны зварот у раённую пракуратуру. Там рашэнне пакуль не прынялі.

Hавiны
Каталікам тут не месца. У Смаргоні напалі на касцёл, пабілі фігуру Марыі і вырвалі крыж
2023.12.21 15:33

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў