«Дзяржава санкцыянавала крадзеж». Як на практыцы можа працаваць новы закон, які «адмяняе» аўтарскае права?


У Беларусі прынялі закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці». Ён датычыць кіно, музычных твораў, праграмнага забеспячэння, тэлетрансляцыі ды нават таварных знакаў і дазваляе выкарыстоўваць іх без дазволу праваўладальнікаў з так званых «несяброўскіх краін». Прынамсі, пакуль што толькі адтуль. Ці забяспечыць гэта беларускі кінапракат буйнымі галівудскімі фільмамі, чаму на крамных паліцах з’явіцца больш тавараў ды ў чым тут небяспека для аўтараў з беларускім грамадзянствам – разбіраліся з экспертамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jeshootscom / Pexels

«Пытанне, у каго першага дрыгнуць нервы, і ён пакажа фільм раней за іншых»

Чуткі пра тое, што ў беларускіх кінатэатрах дэманструюцца пірацкія версіі буйных галівудскіх рэлізаў, з’явіліся напрыканцы мінулага года. У такім выглядзе ў пракат быццам бы выйшлі «Аватар 2: Шлях вады», «Чорная пантэра: Ваканда назаўжды» ды «Чорны Адам». Квіткі на «Аватар», напрыклад, на нашым «заблакаваным» кампаніямі-мэйджарамі кінарынку было не купіць цягам двух тыдняў. Сярод гледачоў было шмат расейцаў: у Расеі стужка выйшла ў пракат пазней.

Гучаць версіі, што закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці» мог быць прыняты акурат дзеля вялікага экрана, маўляў, каб падрыхтаваць базу для злачынства або ўзаконіць дэманстрацыю пірацкага кіно, якая ўжо мае месца. Некаторыя бачаць у законе пацвярджэнне, што такая практыка ў Беларусі існуе.

«Людзям будзе крыўдна, калі ўвесь свет будзе глядзець «Аватара», а мы, атрымліваецца, нейкія ізгоі, – кажа юрыст Міхаіл Кірылюк. – А чаму «Аватара» няма? Бо Лукашэнка не здолеў дамовіцца, а гэта мінус ягонага кіраўніцтва, рэпутацыйныя рызыкі ў тым ліку сярод абыякавых людзей, якім чарка, скварка і «Аватар». Таму мы прымем закон, які дазволіць паказаць пірацкую версію фільму».

Ананімная крыніца, датычная да сістэмы беларускага кінапракату, кажа, што дагэтуль паказы буйных рэлізаў у Беларусі былі легальнымі: праз некаторы час пасля пачатку вайны ва Украіне і блакады расейскага і беларускага рынкаў кантэнт стала пастаўляць новаўтвораная афіляваная з мэйджарамі кампанія: умоўна кажучы, пасярэднік паміж кінатэатрам і афіцыйнымі прадстаўніцтвамі студыяў.

Кинотеатр «Центральный» в Минске
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кінатэатр «Цэнтральны» ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

«Калі пачалася вайна, адбыўся разрыў ланцужка дыстрыбуцыі, бо раней фільмы, што з’яўляліся на беларускім рынку ды ў іншых краінах СНД, рыхтаваліся ў Расеі. Паўнавартасная агучка, напрыклад, можа каштаваць да 100 тысяч долараў. Калі афіцыйны дыстрыб’ютар сыходзіць з расейскага рынку, гэтую працу больш няма каму рабіць, і патрабуецца час, каб знайшлася кампанія, якая возьме гэта на сябе і будзе вырашаць прававыя пытанні. Кінатэатры былі ўвесь час на сувязі з прадстаўнікамі студый, пісалі лісты, маўляў, мы не расейскі рынак, мы не ўдзельнічаем у вайне і так далей. Праз нейкі час пагрукаўся пасярэднік, які пацвердзіў афіляцыю, сеткі сталі разглядаць сур’ёзнасць пастаўляльніка кантэнту, і хутка ўва ўсіх сінхронна запусціўся галівудскі кантэнт».

Якая б ні была ступень афіляцыі гэтай кампаніі з галівудскімі студыямі і якой бы ні была ступень легальнасці атрымання кантэнту праз яе, з прыняццем закону «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці» кінарынак чакае чарговы выклік.

«Пасля ковіду і з пачаткам вайны ва Украіне беларускі кінабізнес перабывае ў датклівым стане, і магчымасць пірацтва некаторыя ўспрымуць як вымушаную захаду выратавання, – працягвае суразмоўца. – Пытанне, у каго першага дрыгнуць нервы, і ён скарыстаецца гэтым законам, бо зможа паказаць фільм раней за іншых і атрымаць канкурэнтную перавагу. Так, з аднаго боку, разарве адносіны са студыямі, нават афіляванымі пастаўляльнікамі кантэнту, але з пункту гледжання хуткіх грошай яно спрацуе. Калі на гэта пойдзе хтосьці з буйных гульцоў, іншыя будуць вымушаныя таксама, бо рынак патрабуе ісці сінхронна».

Галівудскія рэлізы ў такім выпадку будуць дэманстравацца не па адмысловым кодзе ў межах сістэмаў, якія абараняюць аўтарскія правы, а ўключацца як звычайны файл, што будзе значыць страту ў якасці. Гледачы змогуць глядзець буйныя прэм’еры ў ліку першых, але самі кінатэатры як стратэгічныя інвестыцыйныя праекты акажуцца пад рызыкай, бо дэманстрацыя крадзенага кантэнту можа прывесці да доўгатэрміновай блакады ўсяго пракатнага рынку Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Luis Gomes / Pexels

У кінасферы з’явіліся чуткі, што пасля прыняцця закону будзе створаная «дзяржпракладка» (ёй можа быць «Кінавідэапракат»), якая будзе атрымліваць кантэнт і раздаваць правы на паказ прыватным сеткам. Ці пацвердзяцца чуткі, стане зразумела з наступнаю буйною прэм’ераю. Першая намесніца дырэктара «Кінавідэапракату» Вольга Дзюльдзя на прэс-канферэнцыі пра «вынікі працы кінапракатнай сферы Менску ў 2022 годзе і планы на 2023 год» адказала, што сетка чакае, калі закон набудзе моц, і тады «будзе разумець, як жыць і працаваць у новых рэаліях».

«Ужо бачу, як сёстры Груздзевы спяваюць «Karma Police»

Зрэшты, выглядае на тое, што задачы ў навелы далёка не толькі ў тым, каб «узаконіць» пірацкае кіно. Паводле юрысткі Марыі Колесавай-Гудзілінай, пад прапісаныя ў законе мэты – а тут ужытыя такія фармулёўкі, як «развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства» або «забеспячэнне доступу да дасягненняў сусветнай культуры і падзеяў сучаснага жыцця» – можа падпадаць літаральна ўсё, што палічыцца патрэбным.

«Дзяржава фактычна санкцыянавала крадзеж. Калі спатрэбіцца выкарыстаць інтэлектуальную працу ў выглядзе музычнага, літаратурнага ці іншага твору, дастаткова прыналежнасці яго праваўладальніка да «несяброўскай краіны». З юрыдычнага пункту гледжання гэта можа быць і грамадзянін Беларусі з відам на жыхарства ў такой дзяржаве. «NaviBand» спяе цудоўную песню, а ім захочацца перарабіць яе для выпуску Азаронка, і яны спакойна змогуць гэта зрабіць. З любым творам Мадонны ты можаш рабіць усё, што захочаш, таму што яна грамадзянка, напрыклад, Вялікай Брытаніі».

Музычны эксперт Аляксандр Чарнуха жартуе: «Мне нават цяжка ўявіць, якім чынам і ў якіх маштабах дзяржава можа «нацыяналізаваць» кантэнт. Ужо бачу, як сёстры Груздзевы спяваюць «Karma Police, а сілавікі шпацыруюць пад «El Bimbo».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Tima Miroshnichenko / Pexels

Асобна, апроч аўдыявізуальных ды музычных твораў, у законе прапісана арганізацыя трансляцыі, што можа быць звязана з выключэннем Белтэлерадыёкампаніі з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу ў 2021 годзе. Праз выключэнне беларускае дзяржаўнае тэлебачанне не можа атрымліваць правы на трансляцыю пэўных музычных і спартовых падзеяў. Марыя Колесава-Гудзіліна лічыць, што акурат буйныя спартовыя падзеі ды забаўляльныя імпрэзы кшталту «Еўрабачання» цікавяць тут дзяржаву перадусім. Цяпер заключаць пагадненне і выкупляць трансляцыю для таго, каб, уласна, вяшчаць, не спатрэбіцца. «Пакуль не ведаю, як яно будзе выконвацца тэхнічна, – кажа Марыя. – Магчыма, перахоплівацца з онлайн-трансляцыяў».

Што да згаданых у законе камп’ютарных праграмаў, цяпер, атрымліваецца, можна красці любое праграмнае забеспячэнне, браць яго за аснову, перапрацоўваць і выкарыстоўваць. «Беларускім кампаніям, якія займелі рэгістрацыю ў несяброўскай краіне, я б раіла задумацца, – працягвае Марыя. – Калі ў дзяржавы будзе зацікаўленасць выкарыстаць іх прадукт, то яна яго выкарыстае, пытанне толькі, дзе яго ўзяць. Але з распрацоўкамі, якія загружаюцца ў «Google Play» ці «App Store», гэта проста. Мяркую таксама, тут можа цікавіць праграмнае забеспячэнне, звязанае з аховай дадзеных і рассакрэчваннем дадзеных – каб узяць нейкую тэхналогію і яе перапрацаваць. Усё яшчэ ў Парку высокіх тэхналогіяў ёсць кампаніі, гатовыя зрабіць нешта падобнае».

«Можна ўзяць любы таварны знак і выкарыстоўваць яго, як уздумаецца»

Закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці» не толькі дазваляе піраціць кіно і перапрацоўваць праграмнае забеспячэнне – ён распаўсюджваецца ў тым ліку на таварныя знакі, а значыць, у тэорыі праз яго ў Беларусі могуць пераадольваць праблемы з дэфіцытам тавараў і пашыраць асартымент на паліцах крамаў.

«Ён быў прыняты ў складзе трох законаў, і яны неразрыўна звязаныя, – тлумачыць Марыя Колесава-Гудзіліна. – Іншыя два датычаць канфіскацыі ўласнасці і знешняга ўпраўлення без згоды юрыдычных асобаў. Думаю, адным з матываў іх прыняцця стаў сыход «McDonald’s». Раней, каб увесці тавар у грамадзянскі абарот, патрэбна была згода праваўладальніка, цяпер жа можна ўзяць любы таварны знак і выкарыстоўваць яго, як уздумаецца, а значыць, тавары, якія сышлі з беларускага рынку, скажам, «H&M», змогуць увозіцца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Amar Preciado / Pexels

А калі пірацкае кіно або тавары будуць трапляць у Беларусь, у межах дамоўленасцяў Мытнага саюзу іх зможа атрымаць і Расея, дзе такіх законаў няма? Юрыстка нават сумняецца, у чыіх інтарэсах гэта робіцца перадусім – Беларусі ці ўсё-ткі Расеі.

«Возьмуць таварныя знакі ў Казахстане, і вось яны ў грамадзянскім абароце ў Беларусі, а паралельна распаўсюджваюцца на тэрыторыі Расеі. Гэта могуць быць і арыгіналы, але з пункту гледжання юрыста арыгіналы будуць ужо пірацкімі копіямі. Да таго ж калі раней тавары, уведзеныя ў грамадзянскі абарот належным чынам, уносіліся ў мытны рэестр, цяпер усё правамерна, «пакуль не ўстаноўлена іншае». Адкрытым застаецца пытанне, адкуль іх павязуць, магчыма, праз фірмы-пракладкі ў Еўрапейскім Звязе. У любым разе яны стануць даражэйшыя, але тавараў будзе больш».

Паводле Марыі, пасля прыняцця закону трэба ставіць пытанне, ці мае права Беларусь заставацца сябрам Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, да таго ж юрыстка асцерагаецца за інтэлектуальную ўласнасць у Беларусі ў прынцыпе: ці змогуць яе ахоўваць беларускія аўтары, якія жывуць у краіне.

Міхаіл Кірылюк мяркуе, што тыя, хто будзе рабаваць, у кароткатэрміновай перспектыве ўзбагацяцца, але ў доўгатэрміновай закон дрэнна адаб’ецца на ўсіх: «Гэты і падобныя законы пойдуць у справаздачы міжнародных кансалтынгавых кампаніяў, напрыклад, «Вялікай чацвёркі», дзе ў раздзеле «краінавыя рызыкі» напішуць пра крадзеж інтэлектуальнай уласнасці, паралельны імпарт ды канфіскацыю маёмасці. У краіне будзе менш інвестараў, а рэпутацыя на міжнародным кірмашы інвестыцыяў узнаўляецца гадамі».

Пацярпелымі ў выніку будуць не толькі кінастудыі, у якіх беларускі кінапракат скрадзе фільмы, а ўсе мы, бо стане менш магчымасцяў атрымліваць тавары і сэрвіс на міжнародным узроўні.

Стэфанія Палянская   belsat.eu

Стужка навінаў