Рахункаў «ARCHE» ніхто не размарозіць


Падстава – не хапае патрэбных дакументаў.

Просьбу разблакаваць рахункі часопісу накіравала ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Паводле прэс-сакратара БАЖ Барыса Гарэцкага, з дэпартаменту прыйшоў адказ з адмоваю размарозіць рахункі “ARCHE”. Установа спаслалася на адсутнасць “поўнага аб’ёму” фінансава-гаспадарчых дакументаў.

Гэтая пазіцыя ДФР выклікала здзіўленне рэдакцыі, бо Алесь Пашкевіч, які выконвае абавязкі галоўнага рэдактара, настойвае на тым, што ўсе запатрабаваныя дэпартаментам дакументы былі пададзеныя.

“Працаўнікі часопісу з гэтай нагоды нават напісалі дзве скаргі на следчых з патрабаваннем разблакаваць рахункі, але пакуль безвынікова”, – адзначыў Гарэцкі.

Беларускамоўнае выданне ў цэнтры ўвагі падаткоўцаў

Праблемы ў часопісу пачаліся сёлета ў верасні – у Горадні быў затрыманы галоўны рэдактар часопісу Валер Булгакаў. Яго звінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ды аштрафавалі. Пасля гэтага працаўнікі ДФР прыйшлі ў друкарню, дзе друкаваўся часопіс, і сканфіскавалі ўсе дакументы за апошнія два гады дзейнасці выдання.

У кастрычніку адбыўся арышт больш як 5000 асобнікаў кніг у Булгакава, а ў падатковую інспекцыю быў выкліканы заснавальнік “ARCHE” Андрэй Дынько. Пасля гэтага было прынятае рашэнне вызваліць Булгакава з пасады рэдактара “ARCHE”, каб выратаваць часопіс. Тым не менш, падатковая заблакавала рахункі часопісу, а працаўнікоў выдання пачалі выклікаць праз тэлефон падаць тлумачэнні.

Былы галоўны рэдактар часопісу “ARCHE” Валер Булгакаў на пачатку лістапада пакінуў Беларусь, асцерагаючыся крымінальнага пераследу.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары