Расея пайшла ў новыя наступы на ўсходзе і поўдні Украіны


Шэраг украінскіх крыніцаў паведамляе пра новыя наступы расейскіх войскаў. З гэтых паведамленняў незразумела, адбываецца некалькі лакальных аперацыяў – або гэта каардынаваная вялікая аперацыя. «Белсат» пераказвае, што вядома на ранак 595-га дня поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Вайсковец Збройных сілаў Украіны
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковец Збройных сілаў Украіны.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Паведамленні пра расейскія наступы з’яўляюцца самыя розныя. Праз украінскія медыі разлятаецца тўіт камандзіра брыгады «Азоў» Багдана Кратэвіча: ён 10 кастрычніка напісаў, што «па ўсім усходнім фронце непрыяцель перайшоў у актыўныя наступальныя дзеі».

Іншыя крыніцы паведамляюць пра лакальныя наступы. Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны піша, што самі ЗСУ вядуць наступы на бахмуцкім і мэлітопальскім напрамках, але расейскія войскі актывізаваліся на аўдзееўскім, атакавалі на купянскім, ліманскім і бахмуцкім напрамках.

Начальнік Аўдзееўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Віталій Барабаш казаў 10 жніўня, што цяжкія баі трываюць на поўначы ад Аўдзееўкі. Актывізацыю расейскага наступу на гэтым напрамку пацвярджалі прадстаўнікі Усходняй групоўкі войскаў і Сілаў абароны Таўрыйскага напрамку. Камандуючы групоўкай войскаў «Таўрыя» (да зоны адказнасці якой адносіцца і Аўдзееўка) Аляксандр Тарнаўскі пісаў 10 кастрычніка, што ўзмацніліся атакі і на ягоным напрамку, трываюць цяжкія баі.

Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што расейскія войскі 9 кастрычніка пачалі лакалізаваныя контрнаступы не толькі ў зоне Аўдзееўкі, але і на захадзе Запарожскай вобласці – імаверна, каб адвезці ўкраінскія сілы ад паселішча Работына.

Расейскія медыі кажуць пра аперацыю на гэтым напрамку як пра значны наступ з мэтай атачыць украінскія войскі ў Аўдзееўцы. Але ISW нагадвае, што ў апошнія паўтара года вайны ва Украіне расейскія войскі не раз праводзілі жорсткія наступы на гэтым напрамку, але мелі адносна малыя тэрытарыяльныя здабыткі.

«Расея намагаецца контрнаступаць, але беспаспяхова, а мы працягваем прасоўвацца крок па кроку», – казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю «France 2» 10 кастрычніка.

Маштабы і каардынаванасць расейскіх наступаў ацаніць складана. Але Генштаб, сярод іншага, паведамляе пра 108 баявых сутыкненняў за мінулы дзень – гэта істотна больш, чым звычайна. Днём раней паведамлялі пра 75 сутыкненняў, але ў папярэднія дні пісалі пра некалькі дзясяткаў, не больш чым пра паўсотні, сутыкненняў.

Тым часам брытанская выведка звяртае ўвагу на псіхалагічны стан расейскіх войскаў: яшчэ ў мінулым снежні расейскія псіхолагі налічылі 100 тысяч вайскоўцаў з посттраўматычным стрэсавым расстройствам (ПТСР або PTSD). А цяпер такіх людзей мусіць быць значна больш, пішуць выведнікі, бо расейскія войскі не праводзяць дастатковай ратацыі на полі бою і не ладзяць аднаўлення сілаў байцоў. На гэта скардзіліся і прадстаўнікі расейскага вайсковага камандавання. Баявую эфектыўнасць расейскіх войскаў з гэтых і іншых прычынаў брытанская выведка называе «субаптымальнай».

Агляд
Расейцы зноў спрабуюць прарвацца да Купянску. Што вядома?
2023.10.06 19:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў