«Людзі выходзілі ў жудасным стане». Тры гады таму ўзнік стыхійны лагер валанцёраў каля Акрэсціна


Тры гады таму ў 2020 годзе працягваліся паслявыбарчыя пратэсты. Сотні людзей апынуліся за кратамі. Пры гэтым грамадства мабілізавалася. Каля ІЧУ на Акрэсціна пачаў афармляцца лагер валанцёраў, якія дапамагалі як вызваленым з ізалятару, гэтак і родным адшукаць сваіх блізкіх, якіх схапілі і катавалі сілавікі. Адзін з валанцёраў, які далучыўся да лагеру ў гэтыя дні тры гады таму, апавёў «Белсату» пра незвычайную салідарнасць беларусаў.

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іхныя затрыманыя сваякі і сябры. Беларусы тры дні запар выхадзілі на акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Усе гэтыя дні ў сталіцы няма інтэрнэту і амаль адсутнічае сувязь, штовечар цэнтр горад быў ачэплены вайскоўцамі, мірных пратэстоўцаў брутальна разганялі. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Мянчук Зміцер даведаўся, што каля ізалятару на Акрэсціна сфармаваўся лагер валанцёраў, 12 жніўня 2020 года. Лагер паўстаў раней, яшчэ 10 жніўня. Але першапачаткова сілавікі і працаўнікі ІЧУ варожа ставіліся да валанцёраў, чынілі перашкоды для дапамогі людзям і нават спрабавалі сілаю разагнаць лагеру. Але, як апавядае «Белсату» Зміцер, ён не пабаяўся магчымых наступстваў і пастанавіў далучыцца да дапамогі пацярпелым ад сілавікоў.

12 жніўня ў лагеры каля Акрэсціна было шмат асобаў, родных затрыманых. Валанцёры складалі спісы, неабыякавыя прывозілі ежу, ваду, дапамагалі іншым чынам.

Агляд
Тры гады пасля выбараў. Як змянілася Беларусь
2023.08.10 20:45

– 13 жніўня пасля абеду, калі разышлася інфармацыя пра тое, што адбываецца на Акрэсціна, з’явілася шмат журналістаў і лагер пачаў расці.

Родным дапамагалі шукаць зніклых, складалі спісы, камунікавалі з дзяжурнымі ІЧУ. З’явілася медычная і юрыдычная дапамога, з’явіліся псіхолагі. Потым, праз некалькі дзён, з’явіліся каталіцкія, праваслаўныя святары, якія прапанавалі сваю дапамогу. Лагер пачаў прафарыентавацца, можна было звярнуцца да медыка, да юрыста. Былі людзі, якія дапамагалі забеспячэннем, транспартам, харчаваннем. Было з 13 жніўня вельмі шмат неабыякавых асобаў, не толькі з Менску. Людзі адгукаліся на ўсе патрэбы.

ЦІП на Акрэсціна. Шмат хуткіх.
Фота: Belsat.eu

– Якія цяжкасці ўзнікалі ў працы валанцёраў?

– Асабіста я не сутыкаўся з нейкімі складанасцямі. Магу сказаць, што 13 жніўня 2020 года была гэткая хваля салідарнасці, што, напрыклад, спатрэбіўся прынтар уначы, дык а 4-й ранку нейкая жанчына прывезла нам тэхніку. Была праблема ў першыя дні, з 9 да 11 жніўня, калі было небяспечна заставацца каля Акрэсціна. Асноўнае – было цяжка дабіцца інфармацыі пра тое, хто затрыманы. Спісаў канкрэтных не было. Людзей маглі вывезці ў Жодзіна, а ў спісах яны былі на Акрэсціна.

– Якую дапамогу надавалі звычайныя людзі і ці была нейкая камунікацыя з сілавікамі, з працаўнікамі ІЧУ?

– Грамадства вельмі хутка змабілізавалася. Была чарга з кіроўцаў, гатовых адвезці людзей з Акрэсціна. Дапамагалі ўсім, чым маглі. Людзі пускалі начаваць да сябе, хадзіць у прыбіральню, цягнулі з вокнаў электрычныя кабелі.

З адміністрацыяй камунікавалі толькі асобныя валанцёры. Працаўнікі ізалятару дазвалялі некаторым забіраць рэчы асобаў, якіх вызвалялі. З перамовамі пра тое, каб выпусцілі затрыманых на Акрэсціна, заходзілі святары.

Тадэвуш Кандрусевіч са святарамі і вернікамі на Акрэсціна.
Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

– Колькі людзей затрымалі ў першыя дні пасля выбараў?

Дакладна не ведаю, але толькі на Акрэсціна былі сотні людзей. Затрыманыя, калі выходзілі, апавядалі пра нечалавечыя ўмовы і катаванні. У камерах спалі ўначы стоячы, бо не было месца, столькі людзей саджалі, было ў дзясяткі больш асобаў, чымся маглі змясціць камеры. Людзі былі не толькі ў камерах, але і на тэрыторыі ІЧУ.

– Ці былі спробы пакараць вінаватых у катаваннях?

– Было вельмі шмат заяваў і скаргаў на збіццё і гвалт. Гэтых скаргаў былі сотні, а можа, і тысяча. Але, наколькі я ведаю, нічога не атрымалася. Мой сябар, які трапіў на Акрэсціна, напісаў скаргу, яго выклікалі ў Следчы камітэт, апыталі. Але, як толькі былы старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч пайшоў у адстаўку, справы перасталі прымацца. Мой сябар, напрыклад, атрымаў адмову, яму паведамілі, што правяранне завершанае і факты збіцця нібыта не знайшлі пацверджання.

Мне невядомы ніводзін выпадак, у якім пакаралі сілавікоў за гвалт і збіццё. Нават людзі, якія працавалі ў тыя дні і выкрытыя ў злачынствах пры дапамозе кіберпартызанаў, надалей працуюць у сілавых структурах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

– Калі пачалі вызваляць затрыманых удзельнікаў пратэсту?

– Людзей пачалі вызваляць нават у першыя дні пасля затрымання, 10–11 жніўня. Але гэта былі адзінкі, яны былі вельмі моцна запалоханыя. Масава людзі пачалі выходзіць у дзень візіту ў ІЧУ на Акрэсціна намесніка міністра ўнутраных справаў Аляксандра Барсукова. Пасля гэтага пачалі выпускаць практычна ўсіх затрыманых.

– У якім стане людзі выходзілі з Акрэсціна?

– Людзі выходзілі ў жудасным псіхалагічным і фізічным стане. Некаторыя адмаўляліся ад дапамогі. Яны баяліся нават размаўляць. Я падышоў да хлопца, які вызваліўся, і прапанаваў яму гарбаты. Ён быў наагул без рэчаў, мне падаецца, што нават без абутку. І вось я яму наліваю гарбату, яна вельмі гарачая, з тэрмаса. Ён яе пачаў прагна і хутка піць. Я яму сказаў, каб быў асцярожны, бо можа апячыся, але ён не адчуваў, што гарачае і што пячэ. Калі ён патэлефанаваў, паведаміў родным, я яму прапанаваў адвезці яго дадому. На гэта ён перапытаў, а ці не выцягнуць яго з машыны і ці не затрымаюць ізноў. Магчыма, у яго быў такі досвед, што яго выцягвалі з машыны. Агулам ён быў у жудасным псіхалагічным стане. Пачаў прасіць, каб яму выклікалі таксоўку і потым нам абяцаў вярнуць за яе грошы. У выніку ён пагадзіўся паехаць машынаю. Да таго ж людзі былі ў страшным фізічным стане, збітыя. Шмат хто не еў на працягу гэтых трох содняў у ізалятары, было вельмі цяжка.

Разбор
Павольнае задушванне эканомікі: наступствы новай хвалі санкцыяў супраць Беларусі
2023.08.11 14:00

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў