Бомбы, геі і сілавікі-супергероі: паглядзелі новы прапагандысцкі фільм пра няўдалыя тэракты ў Беларусі


Увечары 10 траўня ў ОНТ паказалі чарговы прапагандысцкі фільм – «Забойная пасылка», зняты на замову КДБ. З драматычнымі пасажамі, у павучальным тоне там зноўку выкрывалася нібыта рыхтаванне да тэрактаў у Беларусі, гэтым разам на 9 траўня. Акцэнты ўсё тыя ж: за ўсімі спробамі «расхістаць» сітуацыю ў Беларусі стаяць украінскія спецслужбы, якія робяць свае «чорныя» справы рукамі «беглых», выкарыстоўваючы наіўных беларусаў унутры краіны. Тэрарысты – гэта гомасексуалісты, а беларускія сілавікі – супергероі без страху і папроку. Апавядаем падрабязнасці.

Кадр з фільму «Забойная пасылка». Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

У фільме адзначаюць, што замоўцам тэрактаў у Беларусі нібыта было Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны:

«Напярэдадні свята Вялікай Перамогі і беспасярэдне ў сам дзень 9 Траўня ў Беларусі планавалі ажыццявіць адразу некалькі тэрактаў. КДБ спыніў гэтыя спробы, паведаміў кіраўнік ведамства Іван Церцель».

Выбухныя прыстасаванні нібыта былі замаскаваныя пад настольныя электрычныя пліты, якія прыбылі ў Беларусь з-за мяжы. Пасылкі былі дастаўленыя ў Менск з Украіны ў адзін з пунктаў выдачы міжнароднай кур’ерскай службы па складаным маршруце, які залучаў некалькі краінаў. Выбухоўка, натуральна, амерыканскай вытворчасці.

Кадр з фільму «Забойная пасылка». Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Пасылкі атрымлівалі маладыя асобы з заданнем забраць і схаваць іх. Цікава, што хавалі яны іх на могілках. Адзначаюць, што наіўных маладзёнаў проста выкарысталі. Тым не менш пра іх і пра маці дзяўчыны, якая нібыта дапамагла сваёй дачцэ хаваць гэтую пасылку з электрычнаю плітой, у фільме паведамілі, што яна «падазраваная ў здрадзе дзяржаве і рыхтаванні да здзяйснення акту тэрарызму».

Кадр з фільму «Забойная пасылка». Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

У патрэбны час пасылкі павінны былі актываваць, каб «справакаваць ахвяры, ускалыхнуць сітуацыю ў краіне». Як электрапліты павінны былі перамясціцца з могілак у нейкія людныя месцы, не паведамляецца. Як і тое, хто гэта павінен быў рабіць, бо тых маладзёнаў, якія пасылкі атрымоўвалі, выкарыстоўвалі нібыта «ўцёмную».

Падобную схему ўкраінскія сілавікі нібыта спрабавалі ажыццявіць падчас рыхтавання тэрактаў на часова акупаваным паўвостраве Крым, замаху на прарасейскага прапагандыста Уладлена Татарскага, падрыве Крымскага маста.

Кадр з фільму «Забойная пасылка». Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

«Моладзь, якая цяпер затрыманая і дае прызнальныя паказанні, абʼядноўвае знаёмства з яшчэ адным грамадзянінам Беларусі – Валерыем Водзіным. У 2020 годзе ён браў актыўны ўдзел у масавых закалотах, быў заўзятым прыхільнікам пераменаў. Яму 23 гады, нарадзіўся ў Барысаве. Пасля школы працаваў на заводзе і ў краме. Выехаў ва Украіну 5 лютага 2022 года. Цяпер звязаны з украінскімі спецслужбамі, а таксама тэрарыстычным фармаваннем, якое называюць «Каліноўскім». Атрымаўшы заданне ад Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны, знайшоў выканаўцаў у Беларусі», – заявілі ў эфіры.

Прапагандысты падкрэсліваюць сексуальную арыентацыю хлопца: ён нібыта гомасексуаліст, і наагул у палку Каліноўскага шмат геяў.

Кадр з фільму «Забойная пасылка». Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube 

Фільм заканчваецца, як сацыяльная рэклама, якая заклікае не паліць у ложку ці не перавышаць хуткасці на дарогах, бо будуць дрэнныя наступствы. «Калі вы апынуліся ў складанай сітуацыі, калі вас уцягваюць у злачынную дзейнасць, калі вас спрабуюць выкарыстоўваць замежныя спецслужбы або іншыя асобы, паведаміце: гэта дапаможа абараніць вас і захаваць жыццё», – кажа голас за кадрам, а на экране з’яўляецца кантакт чат-бота КДБ.

Агляд
Чортаў тузін справаў, «сенсацыйна раскрытых» Лукашэнкам
2023.03.09 14:48

СП belsat.eu

Стужка навінаў