«Netflix» – крыштальная мара? Дар'я Жук і Ігар Сукманаў – пра амбіцыі Беларускай незалежнай кінаакадэміі


На пачатку лютага беларускія кінематаграфісты абвесцілі пра стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Новую арганізацыю прэзентуюць 17 лютага на Еўрапейскім кінарынку ў межах Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. Хто ўвойдзе ў кінаакадэмію? Ці стане вынікам яе дзейнасці зʼяўленне беларускіх фільмаў і серыялаў на «Netflix»? Размаўляем пра гэта з кінаэкспертам Ігарам Сукманавым і рэжысёркай славутага «Крышталю» Дарʼяй Жук – сябрамі ініцыятыўнай групы новай інстытуцыі.

«Правільны момант гісторыі»

«Мы насамрэч даўно пра гэта гаварылі. Свой першы кароткаметражны фільм я паказала на «Лістападзе-2015», і у нас тады адбыўся круглы стол. Сядзелі там з кінематаграфістамі і дзівіліся, чаму ў нас дагэтуль няма такой арганізацыі. Мы, напэўна, тады нават і на ўвазе не мелі, каб быць незалежнымі – былі гатовыя быць і «залежнымі» на той момант. Але ўжо тады разумелі, што бракуе такой арганізацыі», – расказвае рэжысёрка Дарʼя Жук, якая цяпер здымае кіно ў ЗША.

На ейны погляд, тады, у 2015-м, яшчэ не падрасло новае пакаленне беларускіх кінематаграфістаў, гатовае ўзяць справу ў свае рукі. Плюс – павінен быў настаць «пэўны момант гісторыі», «правільны момант», каб усё супала. Першай ідэю агучыла сёлета заснавальніца кінафестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская. Яе падтрымалі. Было вялікае жаданне і драйв.

Рэжысёрка Дар’я Жук падчас здымак. Фота перададзенае рэдакцыі гераіняй публікацыі

«А калі ёсць вялікае жаданне і драйв – усё атрымліваецца. Нават рэчы, якія раней здаваліся непадʼёмнымі. Як, напрыклад, прэзентацыя на «Берлінале». Не паверыце, колькі высілкаў патрэбна, каб гэта ўсё зладзіць!» – кажа Дарʼя Жук.

Кінаэксперт Ігар Сукманаў, які ўваходзіць у каманду арганізатараў Беларускай незалежнай кінаакадэміі, называе новае абʼяднанне «прафесійнай камунай», асноўная мэта якой – прамаванне беларускага кіно, «незалежнага беларускага аўтара».

«Беларусь як кінематаграфічная дзяржава – такая terra incognita. Нягледзячы на тое, што існуюць такія аўтары, як Дарʼя Жук, Аляксей Палуян, Андрэй Куціла і іхныя імёны добра вядомыя прафесійнаму колу міжнароднай кінаэліты, яны працуюць паасобку.

Каб абʼяднаць іх усіх і для таго, каб з гэтых аскепкаў склаўся класічны пазл беларускага незалежнага кіно, і ствараецца нашая арганізацыя», – гаворыць Ігар Сукманаў.

Ён падкрэслівае, што задача кінаакадэміі «не будзе зводзіцца да выдзялення нейкіх грошай», бо гэтым займаюцца іншыя інстытуцыі – кінафонды. Галоўная задача кінаакадэміі – «выбудоўваць камунікацыю са светам кінаіндустрыі», каб творцы маглі лепш разумець канʼюнктуру ў свеце.

На пытанне, якія дзесяць беларускіх праектаў будуць паказаныя ў межах прэзентацыі Беларускай кінаакадэміі на кінамаркеце Берлінскага фестывалю, Ігар Сукманаў не адказвае – захоўвае інтрыгу. Намякае толькі, што будуць прадстаўленыя некаторыя праекты сябраў ініцыятыўнай групы. Астатняе – сакрэт. Будуць сюрпрызы, кажа.

Дарʼя Жук прэзентуе стужку пра 12 жніўня 2020 года

Рэжысёрка Дарʼя Жук таксама не раскрывае таямніцы, але прызнаецца, што на Берлінале будзе прэзентаваны яе новы поўнаметражны фільм пра падзеі 2020 года ў Беларусі. На жаль, праект не рэалізаваны да канца, бо апошнім месцам здымак меў быць украінскі Харкаў.

«Гэта фільм пра трох гераінь у адзін дзень. І дзень гэты – 12 жніўня 2020 года. Працоўная назва праекту шмат разоў змянялася. На сёння стужка называецца «Да гэтага лета».

Праект ужо некалькі разоў быў амаль што рэалізаваны, амаль што зняты, але, на жаль, пасля пачатку вайны нашыя планы сталіся нерэальнымі. Я спадзяюся, што праект нейкім чынам будзе перасабраны. Памяняліся прадзюсары. Пабачым, як гэта ўсё рэалізуецца і калі», – кажа рэжысёрка.

Яна тлумачыць, што, прэзентуючы на кінарынку ў Берліне свае праекты, Беларуская кінаакадэмія пакажа, «што маем у кішэні». 

Будуць прэзентавацца праекты на рознай стадыі распрацоўвання. І тыя, напрыклад, хто мае пакуль толькі напісаны сцэнар, і тыя, хто ўжо цалкам зняў стужку і шукае дыстрыбʼютара. Дарʼя Жук выказвае спадзяванні, што пасля Берлінале да новай арганізацыі кінематаграфістаў далучыцца шмат новых сябраў.

На прынцыпах рэпутацыі

На думку кінакрытыка Ігара Сукманава, кінавытворчасць – гэта заўсёды пошук грошай і бюджэтаў. Можна, канечне, здымаць і «на ўзроўні вельмі аднамерным», але каб гэта загучала, «трэба інтэгравацца з навакольным светам».

«Нашая кінаакадэмія – гэта першы крок, каб стварыць сурʼёзную прафесійную арганізацыю, якая б базавалася на прынцыпах пэўнай рэпутацыі. Тут не будзе так, што кожны першы-лепшы змош уступіць у кінаакадэмію», – запэўнівае Сукманаў.

Крытэрам сяброўства будзе прафесіяналізм, наяўнасць паслужбовага спісу фільмаў, якія ўжо здабылі рэпутацыю, у тым ліку на еўрапейскім узроўні.

Лагатып Беларускай незалежнай кінаакадэміі

Дарʼю Жук ён называе «козырам ажыццяўлення ідэі кінаакадэміі».

«Хіба таму, што з усіх пачынальнікаў-ініцыятараў, мне здаецца, адно ў мяне атрымалася папрацаваць не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў Галівудзе. Таму я выступаю сімвалам таго, што ўсё магчыма. Паказваю шлях. Козыр…» – смяецца Дарʼя Жук.

Апошнім часам рэжысёрка «Крышталю» працавала ў Лос-Анджэлесе, здымаючы яшчэ адну аўтабіяграфічную гісторыю – пра сваё першае каханне (беларуская дзяўчына прывозіць у Нью-Ёрк хлопца з Менску). Праект выйшаў у снежні 2022 года на «Apple Plus» у якасці альманаху да другога сезону серыялу «Little America». Дарʼя выступала ў ім і як рэжысёрка, і як сцэнарыстка. Прызнаецца, што гэта быў вялізны досвед. 

Але кажа, што здымаць у Лос-Анджэлесе пра Беларусь было вельмі цяжка.

Дзеяць, як барон Мюнхгаўзэн

Як мяркуе Ігар Сукманаў, у ідэале Беларуская незалежная кінаакадэмія магла б уключаць у сябе ўсіх этнічных беларусаў, і тых, хто ўжо дасягнуў прызнання. Як, напрыклад, аператар гучнай стужкі Люкі Гуаданіннё (Luca Guadagnino) «Bones and All» Арсеній Хачатур’ян, які нарадзіўся ў Менску.

Сукманаў лічыць, што цяпер стаіць найперш пытанне аб захаванні і, наагул, існаванні беларускага кіно. Гэта складаны працэс, бо шмат якія кінематаграфісты працуюць цяпер на вялікай адлегласці ад радзімы, а для стварэння «трывалага, арганічнага і спакойнага» патрэбны свой асяродак, карані.

Ігар Сукманаў на кінафестывалі ў Канах, 2022 год.
Фота: Igor Soukmanov / Facebook

«У гэтым і ёсць унікальнасць нашага эксперыменту. Як выжыць? Але вось: не было шчасця – ды няшчасце памагло. Усе разумеюць, што ў прасторы, куды нас раскідаў лёс, велічэзную ролю грае салідарнасць, кансалідацыя. Адзінства. Адсюль патрэба абʼяднаць супольнасць, каб кінематаграфісты адчувалі за плячыма апору», – кажа Ігар Сукманаў.

З ягоных словаў, Беларуская незалежная кінаакадэмія, нягледзячы на сваю ўнікальнасць, будзе спадчынніцаю каштоўнасцяў і прынцыпаў Еўрапейскай кінаакадэміі, якая ўжо афіцыйна выказала падтрыманне беларускім кінематаграфістам. Яна ўспадкуе таксама і традыцыю ўганаравання выбітных кінатвораў статуэткамі. Але гэта – справа будучага, заўважае наш суразмоўца. Ёсць ужо і правобраз беларускага Залатога мядзведзя ці Оскара, але казаць пра гэта зарана, запэўнівае Ігар Сукманаў.

«Пытанне развіцця – пакуль важнейшая генеральная лінія нашай інстытуцыі. Як барон Мюнхгаўзэн выцягвае сябе за валасы з балота – дакладна так сама мусім зрабіць і мы. А хто, калі не мы? Хто, калі не самі кінематаграфісты? Таму трэба развівацца, быць часткаю гэтага свету. Не разʼядноўвацца. Не ізалявацца. Ізаляцыя – шлях тупіковы», – мяркуе кінакрытык і адзін з заснавальнікаў незалежнай беларускай кінаакадэміі.

«Netflix»? Чаму і не

«Ці прывядзе праца і развіццё пад крылом Беларускай незалежнай кінаакадэміі да таго, што беларускі глядач пабачыць нарэшце айчынныя фільмы і серыялы на буйных платформах: Netflix», HBO, іншых?» – пытаемся.

«Вядома! Гэта такая крыштальная мара. Раней марылі пра Залатыя пальмавыя галіны і Оскары, а цяпер – трапіць у пул «Netflix». І гэта больш прыземленая мара, якую сапраўды можна ажыццявіць. Але тое магчыма толькі праз пазнаванне, толькі праз камунікацыю, толькі тады, калі аўтар навідавоку. У камунікацыі набываецца большы досвед і прафесійныя навыкі, якія адпавядаюць патрабаванням еўрапейскага рынку. Усё магчыма. Дзеля гэтага і створаная кінаакадэмія», – падсумоўвае Ігар Сукманаў.

Дарʼя Жук, якая мае досвед здымак для «Netflix», згодная з гэтым. Але яна заўважае, што новае беларускае кіно мае заставацца аўтарскім і асабістым.

«Чым больш розных аўтарскіх праектаў – тым больш шанцаў быць пачутымі», – мяркуе яна.

Прэзентацыя Беларускай незалежнай кінаакадэміі адбудзецца 17 лютага на Еўрапейскім кінарынку ў межах «Берлінале» на галоўнай пляцоўцы EFM Martin Gropius Bau. Там будуць прэзентаваныя дзесяць беларускіх кінапраектаў. На Еўрапейскім фільм-маркеце (гатэль «Marriott») будзе працаваць стэнд Беларускай кінаакадэміі. Чакаецца, што да яго далучыцца прадстаўнік беларускай сеткі фільммэйкераў Леанід Каліценя. У ініцыятыўную групу беларускай кінаакадэміі ўваходзяць рэжысёры Дар’я Жук, Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, прадзюсарка і рэжысёрка Воля Чайкоўская, кінаэксперты Ігар Сукманаў і Ірэна Кацяловіч.

73-ці Берлінскі міжнародны кінафестываль пройдзе з 16 да 26 лютага. Ганаровы Залаты мядзведзь сёлета будзе ўручаны Стывэну Спілбэргу.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў