Мясніковіч змяніў Сідорскага


Міхаіла Мясніковіча прызначылі прэм’ер-міністрам Беларусі.

Ён змяніў на пасадзе кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага, што выконваў функцыі прэм’ера апошнія сем гадоў.

Паводле афіцыйнай біяграфіі, Міхаіл Мясніковіч скончыў Берасцейскі інжынерна-будаўнічы інстытут (1972), Менскую вышэйшую партыйную школу (1989). З 1972 г. – інжынер тэхнічнага аддзелу інстытуту “Менскпраект”. З 1973 да 1983 г. – на інжынерных і кіраўнічых пасадах у гарадской гаспадарцы Менску. У 1983 г. абраны старшынём выканкаму савецкага раённага савету народных дэпутатаў Менску, у 1984 г. прызначаны намеснікам старшыні Менскага гарвыканкаму. З 1985 да 1986 г. – сакратар Менскага гаркаму КПБ. У 1986–1990 гг. – міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі. З 1990 г. – намеснік старшыні Савету Міністраў БССР, старшыня Дзяржаўнага камітэту БССР у справе эканомікі ды планавання, першы намеснік старшыні Савету Міністраў БССР.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў 1994 годзе Міхаіл Мясніковіч узначальваў перадвыбарны штаб Вячаслава Кебіча. Пасля сваёй перамогі Лукашэнка запрапанаваў Міхаілу Мясніковічу пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта (1995–2001 гг.). З кастрычніка 2001 г. – прэзідэнт, з кастрычніка 2004 г. – старшыня прэзідыуму НАН Беларусі.

Прэс-служба прэзідэнта паведамляе таксама пра шэраг іншых прызначэнняў. Аляксандр Радзькоў (былы міністр адукацыі) заняў пасаду першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, Андрэй Кабякоў (былы віцэ-міністр) – намесніка кіраўніка Адміністрацыі.

Дзяржкантроль узначаліў Аляксандр Якабсон. Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію ачоліў Генадзь Давыдзька, што змяніў на гэтай пасадзе Аляксандра Зімоўскага.

belsat.eu

Стужка навінаў