Трактары «Беларус» уедуць у Брусель


Латвійскія фермеры плануюць правесці ў сярэдзіне лістапада акцыю супраць недастатковых датацыяў з боку Еўразвязу. Як заявіў прадстаўнік Латвійскай асацыяцыі сельскагаспадарчых кааператываў Улдыс Крыеварс, фермеры плануюць адправіцца ў Брусель на трактарах «Беларус» або Т-14, паведамляе партал delfi.lt.

«У дарозе трактары правядуць прынамсі 10 дзён. У Латвіі яны зробяць прыпынкі ў Валміеры, Рызе і Баўсцы, дзе пройдуць мітынгі сялянаў», – кажа Крыеварс.

Паводле яго, мэта акцыі – прыцягнуць увагу брусельскіх чыноўнікаў і жыхароў Еўропы да становішча, у якім апынуліся сяляне балтыйскіх краінаў. Прычына – у нізкіх наўпроставых субсідыях.

Латвія патрабуе ад ЕЗ усталяваць мінімальны памер субсідыяў на ўзроўні прынамсі 80 % ад сярэдняга па Еўропе ўжо з 2014 г. На сённяшні момант латвійскія сяляне атрымліваюць самую нізкую дапамогу – не больш за 63 латы (амаль 91 еўра) за гектар. Сярэдні паказнік па ЕЗ складае 266 еўраў за гектар.

belsat.eu

Стужка навінаў