Украіна збіраецца адмовіцца ад удзелу ў Алімпіядзе. Праз беларусаў і расейцаў


Украіна мае намер адмовіцца ад удзелу ў парыжскай Алімпіядзе ў 2024 годзе. Як заявіў выканальнік абавязкаў міністра моладзі і спорту Украіны Мацвей Бедны, ёсць надзея, што МАК усё ж зменіць сваё рашэнне наконт удзелу ў Алімпіядзе беларусаў і расейцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: olympics.com

«Калі мы прааналізуем і зразумеем, што нам трэба браць удзел у такіх спаборніцтвах і выкарыстоўваць Алімпійскія гульні, каб прапагандаваць сваю пазіцыю ў свеце, то мы будзем працаваць у гэтым кірунку», – цытуе яго «РИА Новости».

Прадстаўнік ведамства таксама адзначыў, што калі ў Кіеве ўбачаць «неканструктыўную пазіцыю» МАК, то ўдзел украінскіх спартоўцаў у Гульнях у Парыжы будзе немагчымы.

Допуск беларусаў і расейцаў

8 снежня МАК пастанавіў дапусціць на Алімпіяду ў Парыжы беларусаў і расейцаў у нейтральным статусе. Гэта значыць, што сцяг і гімн Беларусі і РФ не будуць выкарыстоўвацца ні на адной афіцыйнай урачыстасці.

На гэты момант у лік 4600 спартоўцаў, якія прайшлі кваліфікацыю, уваходзяць толькі васьмёра расейцаў і трое беларусы. Для параўнання: украінцаў – 60.

 

Удакладнім, што спартоўцы, якія заключылі кантракт з беларускімі або расейскімі вайсковымі органамі або органамі нацыянальнай бяспекі, не будуць дапушчаныя да ўдзелу ў Гульнях. Дарэчы, кіраўніцтва, а таксама чыноўнікаў не запросяць.

Украіна, Літва, Латвія і Эстонія асудзілі рашэнне МАК пра допуск расейцаў да Алімпіяды-2024

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба назваў рашэнне МАК ганебным і заклікаў партнёраў рашуча яго асудзіць.

Неўзабаве пазіцыю Украіны падтрымалі краіны Балтыі. Міністры замежных справаў Эстоніі і Літвы Маргус Цахкна і Габрыелюс Ландсбергіс раскрытыкавалі рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэту дазволіць расяянам браць удзел у Алімпіядзе-2024 у Парыжы ў нейтральным статусе. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйных каналах ведамстваў у сацыяльнай сетцы Х (былы Twitter).

Як сказаў кіраўнік эстонскага МЗС, дазвол расейскім спартоўцам браць удзел у Алімпійскіх гульнях без сцяга «не змые крыві на іхных руках».

«Рашэнне МАК ідзе насуперак усяму, што азначае алімпізм», – лічыць дыпламат.

Літоўскі міністр замежных справаў нагадаў, што Расея «вярбуе спартоўцаў і спартовак у сваё генацыдальнае войска».

«Гэта не нейтралітэт, гэта супярэчыць усяму, за што павінна выступаць Алімпіяда», – дадаў Ландсбергіс.

У Латвіі з асуджэннем рашэння МАК выступіла Міністэрства адукацыі і навукі (МАН), бо яно ганьбіць спартоўцаў і найвышэйшую мэту спорту – сумленную канкурэнцыю. Пра гэта таксама гаворыцца ў афіцыйным канале ведамства ў сацыяльнай сетцы Х.

У МАН заявілі, што такое рашэнне непрымальнае, пакуль у Еўропе трывае жорсткая вайна. Латвія вядзе інтэнсіўныя кансультацыі з Украінай і яе саюзнікамі, і за гэтым рушаць услед дзеянні.

«Менавіта таму мы зробім усё, каб дабіцца справядлівасці ад імя ўкраінцаў і ўсіх спартоўцаў, якія заслугоўваюць Алімпійскіх гульняў, якія ўшаноўваюць чалавечыя дасягненні», – сказала міністарка Анда Чакша.

У сваёй заяве Латышская баскетбольная асацыяцыя (LBS) таксама асуджае рашэнне МАК, называючы яго «гнюсным». LBS адзначае, што з пачатку вайны ва Украіне яна была першаю спартовай арганізацыяй Латвіі, што асудзіла краіну-агрэсара. Асацыяцыя надала непахіснае падтрыманне і дапамогу ўкраінскаму баскетболу, фармуючы кааліцыі з іншымі краінамі, выказваючы цвёрдую пазіцыю на розных форумах і сустрэчах ФІБА, падкрэслівае LBS.

Hавiны
Беларусы і расейцы будуць удзельнічаць у Алімпіядзе-2024 як «індывідуальныя нейтральныя спартоўцы»
2023.12.08 22:40

СП, belsat.eu

Стужка навінаў