Паўднёвая Карэя чакае атакі з боку КНДР у стылі ХАМАСа


У Паўднёвай Карэі заявілі, што Паўночная Карэя рыхтуецца да магчымага нападу на краіну згодна з той жа тактыкай, якую выкарыстоўваў ХАМАС пры нападзе на Ізраіль.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паўднёвакарэйскія салдаты з 25-й пяхотнай дывізіі бяруць удзел у сумесных ваенных вучэннях з салдатамі арміі ЗША.
Фота: KIM HONG-JI / Reuters / Forum

Пра гэта заявіў кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі Кан Шын Чхоль, выступаючы з дакладам «Урокі, вынесеныя з вайны паміж Ізраілем і ХАМАСам, і меры супрацьдзеяння».

Прааналізаваўшы дзеянні баевікоў ХАМАСа, паўднёвакарэйскі вайсковец адзначыў, што іхная раптоўная аперацыя была паспяховай, бо «ізраільскае жалеза» было абясшкоджанае тысячамі баевікоў і ракетных атак цягам кароткага часу, а абарончы эфект супрацьракетнага купалу быў мінімальным. Пры гэтым ізраільская памежная сістэма была нейтралізаваныя, а спецслужбы краіны не змаглі прадказаць напад.

Сярод метадаў, якія можа выкарыстаць Паўночная Карэя, Кан Шын Чхоль назваў раптоўную атаку з выкарыстаннем тактыкі ХАМАСа, дыверсіфікацыю метадаў атакі, выкарыстанне ўразлівых месцаў у сістэмах абароны, а таксама псіхалагічную вайну з выкарыстаннем сацыяльных сетак.

На думку вайскоўца, Паўночная Карэя можа акупаваць памежныя тэрыторыі і ўзяць у закладнікі ейных жыхароў, каб узмацніць напружанасць і пачаць перамовы.

У якасці метадаў супрацьдзеяння магчымай агрэсіі Кан Шын Чхоль назваў знішчэнне артылерыі праціўнікі на раннім этапе і забеспячэнне абароны важных аб’ектаў і буйных базаў у мегаполісе з дапамогай сродкаў перахопу. І нават калі КНДР нападзе на Паўднёвую Карэю з выкарыстаннем вялікай колькасці беспілотнікаў, іх можна будзе выявіць, ідэнтыфікаваць і збіць з дапамогай сумесных аперацыяў СПА, падкрэсліў кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў