Куды з Беларусі паехаць адпачываць – і дзе бяспечна? Топ кірункаў тураператараў


Глядзім самыя папулярныя кірункі, якія прапануюць беларускія турыстычныя аператары. Сітуацыя няпростая: грамадзянаў краіны – суагрэсара ў вайне ва Украіне далёка не паўсюль радыя бачыць. Але варыянты ёсць.

Выбух, бачны з пляжу ў Крыме
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына здымае выбух у Навафёдараўцы. Крым, Украіна. 9 жніўня 2022 года. Кадр са здымкаў відавочцаў: oboz_video / Telegram

Вызначаем папулярнасць краіны паводле колькасці прапановаў тураў на адным з папулярных беларускіх агрэгатараў. Некалі папулярныя Албанія ці Балгарыя цяпер экзатычныя варыянты: тураў туды прапануюць зусім мала. Ва Украіне ж, дзе беларусы некалі часта адпачывалі, трывае вайна, у якой Беларусь як дзяржава – суўдзельніца расейскага нападу.

Таксама зазіраем у Глабальны рэйтынг міру. Яго складае аўстралійскі Інстытут эканомікі і міру, апошні раз рэйтынг абнаўлялі ў чэрвені 2022 года. Чым вышэйшае месца, тым больш мірная краіна, агулам у рэйтынгу – 163 дзяржавы. Бяспеку пазначаем колерам, як у рэйтынгу: зялёныя – самыя бяспечныя, жоўтыя – адносна бяспечныя, рудыя – рызыкоўныя, чырвоныя – вельмі рызыкоўныя.

Дадатковыя звесткі глядзім у Глабальным рэйтынгу тэрарызму таго ж інстытуту і ў Глабальным рэйтынгу свабоды праваабарончай арганізацыі «Freedom House». Пра атрыманне візаў складаем уражанне з форумаў: у некаторыя краіны візы фармальна даюць, а фактычна іх цяжка атрымаць на турыстычныя мэты.

Кошт ацэньваем гэтак. Сярэдні – каля 2000–2500 рублёў за чалавека за 7 начэй у трохзоркавым гатэлі з улічаным пералётам і няпоўным харчаваннем. Нізкі – калі гэтак можна адпачыць нават за 1000 рублёў. Высокі можа быць у некалькі разоў большы за сярэдні.

Самыя папулярныя краіны

Кот і турысты на старажытных руінах у Турэччыне
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кот і турысты на старажытных руінах у Турэччыне.
Фота: ArchaeologistDurmus / pixabay.com

🟠 Турэччына

З вялікім адрывам лідаруе ў колькасці прапановаў тураў. Краіна славіцца і марскімі курортамі, і багатымі гісторыяй ды культураю. Праўда, суседзі на поўдні і ўсходзе далёка не самыя мірныя, а дзяржава аўтарытарная. Пагроза тэрактаў ёсць, але не значна вышэйшая, чымся ў Францыі ці Нямеччыне, на ўзроўні Ізраілю. Ёсць рызыка палітычнай нестабільнасці пасля прэзідэнцкіх выбараў 14 траўня.

  • Вылет: ёсць з Беларусі.
  • Віза: не трэба (да 30 дзён).
  • Кошт: сярэдні ці крыху ніжэйшы за сярэдні.
  • Месца ў Глабальным рэйтынгу міру: 145 са 163.

🟠 Егіпет

Прапановаў утрая менш, чымся ў Турэччыну, але варыянтаў усё роўна тысячы.Там таксама і пляжы, і гісторыя. Як і Турэччына, гэта не дэмакратычная і не самая стабільная краіна, але Егіпет лічыцца больш мірным за Турэччыну (краіна жоўтая на мапе рэйтынгу міру). Але пагроза тэрактаў там вышэйшая (краіна чырвоная ў рэйтынгу тэрарызму). Злучаныя Штаты не рэкамендуюць падарожнічаць у Егіпет, а Злучанае Каралеўства лічыць умоўна бяспечнаю цэнтральную частку краіны.

  • Вылет: ёсць з Беларусі.
  • Віза: трэба, але можа зрабіць тураператар.
  • Кошт: сярэдні.
  • Месца ў Глабальным рэйтынгу міру: 126 са 163.

🟢 Аб’яднаныя Арабскія Эміраты

Ёсць некалькі тысяч прапановаў. Недэмакратычная, але даволі спакойная і вельмі багатая краіна. Праўда, гістарычных цікавінак мала, большасць славутасцяў сучасная. І краіна мусульманская, таму трэба ўлічваць пэўныя правілы паводзінаў.

  • Вылет: ёсць з Беларусі.
  • Віза: не трэба (да 90 дзён).
  • Кошт: сярэдні.
  • Месца ў Глабальным рэйтынгу міру: 60 са 163.

🟡 Грузія

Чорнае мора, горы, цікавая культура і вялікая беларуская дыяспара. Краіна параўнальна вольная, але не цалкам дэмакратычная і «спакойная з агаворкамі». На тэрыторыі Грузіі існуюць дзве самаабвешчаныя часткова прызнаныя прарасейскія рэспублікі – Абхазія і Паўднёвая Асеція. Туды таксама прапануюць туры, але гэта значна больш рызыкоўна, чымся на астатнюю тэрыторыю, падкантрольную законным уладам.

  • Вылет: ёсць з Беларусі.
  • Віза: не трэба (да года).
  • Кошт: сярэдні ці крыху ніжэйшы за сярэдні.
  • Месца ў Глабальным рэйтынгу міру: 95 са 163.
Агляд
Нашэсце расейцаў і бум унутранага турызму. Дзе адпачываюць беларусы і хто прыязджае да нас
2023.03.10 14:08

Менш папулярныя

🟢 Грэцыя

Мора, гісторыя, культура, спакой (хіба Турэччына часам пагражае вайной) і дэмакратыя. Але Грэцыя ўжо не такая даступная: трэба атрымліваць візу і ляцець не з Беларусі, дый прапановаў толькі некалькі сотняў – у 30 разоў менш, чымся ў Турэччыну. Тэракты бывалі, але менш, як у Турэччыне ці Егіпце. Ёсць палітычныя ды эканамічныя праблемы, але яны звычайна не закранаюць турыстаў.

  • Вылет: няма беспасярэдніх рэйсаў з Беларусі і Расеі.
  • Віза: патрэбная, дапамагаюць пасярэднікі, але бываюць адмовы.
  • Кошт: крыху вышэйшы за сярэдні.
  • Месца ў Глабальным рэйтынгу міру: 53 са 163.

🔴 Расея

Гіганцкая і разнастайная краіна: можна адносна нядорага адпачыць хоць на моры ў Сочы, хоць у гарах на Алтаі, хоць сярод музеяў і палацаў Санкт-Пецярбургу. І візы не трэба, і з транспартам усё проста. Ды ёсць вялізны мінус: Расея – аўтарытарная краіна, якая проста цяпер вядзе захопніцкую вайну і нярэдка зазнае падазроныя выбухі на сваёй жа тэрыторыі, нават у цэнтры Масквы (і прапануе туры ў акупаваны ўкраінскі Крым, дзе таксама бабахае).

  • Вылет: ёсць з Беларусі (можна дабрацца і наземным транспартам).
  • Віза: не трэба.
  • Кошт: нізкі.
  • Месца ў Глабальным рэйтынгу міру: 160 са 163.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Умацаваная берагавая лінія на пляжы блізу Малочнага. Крым, Украіна. 15 снежня 2022 года.
Фота: gur.gov.ua

🟢 Італія

Мірная, бяспечная і дэмакратычная краіна з морам і багатаю гісторыяй, атрымаць візу ў якую будзе праблематычна, а ляцець давядзецца з Варшавы ці Вільні.

  • Вылет: няма беспасярэдніх рэйсаў з Беларусі і Расеі, ёсць аўтобусныя туры.
  • Віза: патрэбная, дапамагаюць пасярэднікі, самастойна запісацца амаль немагчыма.
  • Кошт: высокі.
  • Месца ў Глабальным рэйтынгу міру: 32 са 163.

🟢 Кіпр

Востраў з пляжамі, гарамі, старажытнымі руінамі і непрызнанаю рэспублікаю на поўначы. Ды Кіпр – мірная і дэмакратычная краіна, а за візіт на непрызнаны Паўночны Кіпр ніякіх наступстваў з боку кіпрскіх уладаў не будзе.

  • Вылет: няма з Беларусі, але ёсць з Расеі ды іншых краінаў.
  • Віза: патрэбная, дапамагаюць пасярэднікі.
  • Кошт: высокі.
  • Месца ў Глабальным рэйтынгу міру: 67 са 163.

🟢 Іспанія

Гэта не толькі мора і культура кантынентальнай Іспаніі, але і Канарскія астравы, і Маллёрка. Спакойная дэмакратычная краіна, у якую беларусам трэба атрымаць візу і ў якую не даляцець наўпрост з Беларусі і Расеі.

  • Вылет: няма беспасярэдніх рэйсаў з Беларусі і Расеі.
  • Віза: патрэбная, дапамагаюць пасярэднікі, але трэба ехаць у Маскву, бываюць адмовы.
  • Кошт: высокі.
  • Месца ў Глабальным рэйтынгу міру: 29 са 163.
Разбор
Як беларусу атрымаць візу ў краіну Еўразвязу? Спыталі візавых пасярэднікаў пра тры сцэнары
2023.02.13 07:04

🟢 Катар

Бяспечная і багатая, але недэмакратычная краіна на Блізкім Усходзе. Як і ў ААЭ, большасць цікавінак не гістарычная, а сучасная. І краіна мусульманская – трэба шанаваць пэўныя традыцыі. Віза патрэбная толькі фармальна, а нядаўна пачаліся чартарныя рэйсы з Менску (калі не, то давядзецца ляцець з перасадкаю).

  • Вылет: ёсць шанцы на самалёт з Беларусі.
  • Віза: афармляюць па прылёце на 30 дзён пры зарэзерваваным гатэлі і квітку назад.
  • Кошт: сярэдні.
  • Месца ў Глабальным рэйтынгу міру: 23 са 163.

🟡 Мальдывы

Невялікая астраўная краіна блізу Індыі, апетая берасцейскімі панкамі і вядомая праз пляжны адпачынак, якая раптоўна ўварвалася ў топы беларускіх тураператараў. У рэйтынгу дэмакратыі – у канцы спісу часткова вольных, а ў рэйтынгі бяспекі і тэрарызму не трапіла. Але, напрыклад, Дзяржаўны дэпартамент Злучаных Штатаў засцерагае: ёсць пэўная пагроза тэрарызму. А ўрад Злучанага Каралеўства папярэджвае пра высокі ўзровень злачыннасці за межамі гатэляў. І памятайма, што краіна мусульманская: трэба шанаваць традыцыі.

  • Вылет: няма з Беларусі, але ёсць з Расеі ды іншых краінаў.
  • Віза: афармляюць па прылёце на 30 дзён пры зарэзерваваным гатэлі і квітку назад.
  • Кошт: высокі.
  • Месца ў Глабальным рэйтынгу міру: няма.

Экзатычныя варыянты

На наступныя краіны – менш за сотню прапановаў тураў. Амаль усе яны каштуюць вышэй за сярэдні паказнік, амаль ува ўсе цяжка дабрацца.

Котар, Чарнагорыя
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарнагорыя, якая да пандэміі была папулярным кірункам турызму з Беларусі, а цяпер экзатычная з транспартных прычынаў. На здымку: Котар, Чарнагорыя. 29 кастрычніка 2014 года.
Фота: Cycling Man / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

🟢 Бяспечныя краіны: Францыя і Партугалія (цяжка здабыць візу), Чарнагорыя і Албанія (візы не трэба, але без яе складана дабрацца), Інданезія (візу атрымаць лёгка, але ляцець доўга і дорага), Чэхія, Славаччына і Швейцарыя (цяжка здабыць візу, дый туры прапануюць «праездам» праз гэтыя ды іншыя краіны) і рэшта Еўропы (акрамя Косава, дзе магчымы раптоўны напад Сербіі), Маўрыкій (астравы ў Індыйскім акіяне, віза не трэба, краіна бяспечная і дэмакратычная, але кошт падарожжа вельмі высокі).

🟡 Не самыя бяспечныя: Дамінікана (візу здабыць параўнальна лёгка, але ў краіне ёсць праблемы з крыміналам, ляцець дорага і доўга), Туніс (віза не трэба, кошт сярэдні, але ляцець з суседніх з Беларуссю краінаў – і не набліжацца да межаў з Алжырам і Лівіяй, дзе небяспечна), Тайланд (візу атрымаць лёгка, але кошт высокі, пералёт доўгі і з Расеі, дзяржава аўтарытарная, на поўдні магчымыя тэракты), Арменія (віза не трэба, кошт сярэдні ці ніжэйшы, лятаюць самалёты з Менску, але трэба спадзявацца, што не адновіцца ўзброены канфлікт з Азербайджанам), дзяржавы Сярэдняй Азіі (віза не трэба, але кошт можа выйсці вышэйшы за сярэдні, а дзяржавы аўтарытарныя), Шры-Ланка (візу ставяць у аэрапорце, але кошт высокі, пералёт з Расеі, дзяржава аўтарытарная, у краіне эканамічны крызіс і магчымыя тэракты).

🟠 Рызыкоўныя варыянты, якія ўсё роўна прапануюць беларусам: Мексіка (ёсць хіба пару ўмоўна бяспечных штатаў, узровень крыміналу агулам высокі), Індыя (трэба ведаць бяспечныя месцы: ёсць праблемы з крыміналам і тэрарызмам, на мяжы з Пакістанам магчымыя ўзброеныя канфлікты), Венесуэла (ужо дзесяць гадоў трывае палітычны і эканамічны крызіс, вялікія праблемы з крыміналам), Ізраіль (магчымыя тэракты, трывае палітычны крызіс).

Аб’ектыў
Што чакае беларускі турыстычны бізнес?
2023.04.23 00:15

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў