Марш памяці забітай беларускі і пратэст сваякоў закладнікаў. Фатаграфіі тыдня


Усеагульная забастоўка фермераў у Польшчы, пратэст сваякоў закладнікаў у Ізраілі, дэманстрацыя ў Міжнародны жаночы дзень барацьбы за роўныя правы ў Італіі. Сабралі галоўныя здымкі за тыдзень.

У цэнтры польскай сталіцы адбыўся маштабны страйк фермераў. Акцыя пачалася каля канцылярыі прэм’ер-міністра, дзе дэманстранты пасярод дарогі падпалілі апоны і труну. Пасля натоўп рушыў да будынку Сейму, дзе адбыліся сутыкненні з паліцыяй. Фермеры выступаюць супраць імпарту аграпрадукцыі з Украіны, а таксама ўкаранення Еўрапейскага зялёнага курсу для сельскай гаспадаркі, якая накладвае на іх пэўныя абмежаванні. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат
Марш памяці згвалтаванай і забітай беларускі Лізы ў Варшаве. Каля 2000 чалавек сабраліся ў сталіцы Польшчы ўшанаваць памяць жанчыны. Актывістка Яна Шостак прыйшла з плакатам, на якім напісана «АААААААААААА». Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Сабака назірае за рухамі робатасабакі кампаніі «Notum Robotics» у парку Вэлыкай Горыцы (Velika Gorica), Харватыя. 7 сакавіка 2024 года.
Фота: Davor Puklavec / Pixsell / East News
22-гадовая афіцэрка сувязі ўкраінскай арміі Вера гуляе са сваім дэкаратыўным пацуком на пазіцыях каля лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Inna Varenytsia / Reuters / Forum
Сваякі закладнікаў, выкрадзеных баевікамі падчас атакі палестынскай групоўкі «Хамас» на Ізраіль 7 кастрычніка, блакуюць галоўную шашу падчас акцыі пратэсту з патрабаваннем вызваліць закладнікаў. Лод, Ізраіль. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Itai Ron / Reuters / Forum
Людзі фатаграфуюць новую інсталяцыю «Венера з лахманоў» мастака Мікелянджэлё Пісталета ў Неапалі. Мінулая праца згарэла на гэтым жа месцы 12 ліпеня 2023 года. За падпал інсталяцыі арыштавалі 32-гадовага бяздомніка. Неапаль, Італія. 6 сакавіка 2024 года.
Фота: Roberto Jandoli / IPA / abacapress.com / East News
Жанчыны бяруць удзел у дэманстрацыі руху «Non una di Meno» («Ні адною менш») супраць гвалту ў адносінах да жанчын у Міжнародны жаночы дзень барацьбы за роўныя правы і эмансіпацыю. Рым, Італія. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Tiziana Fabi / AFP / East News
Святлана Ціханоўская прыйшла да будынку амбасады Беларусі ў Літве з партрэтам мужа Сяргея Ціханоўскага. 8 сакавіка споўніўся год, як з палітвязням няма сувязі. Увесь гэты час Сяргей Ціханоўскі пазбаўлены лістоў, званкоў і сустрэчаў з адвакатам. Беларуская лідарка звярнулася да генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша з заклікам ўмяшацца ў сітуацыю з палітычнымі вязнямі ў Беларусі. Вільня, Літва. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu

Стужка навінаў