«60 метраў гонару» усталююць у Горадні і Віцебску. Ці можна флагштокамі выхаваць патрыятызм?


Патрыятычная істэрыя ў Беларусі набірае абароты. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі заняўся адпаведным выхаваннем беларусаў пасля падзеяў 2020 года. Для гэтага пры розных спецпадраздзяленнях і вайсковых часцях былі створаны «ваенна-патрыятычныя клубы», якія рыхтуюць змену для сілавікоў, а ў школах адкрываюцца ваенна-патрыятычныя класы. У розных беларускіх гарадах адбываюцца мерапрыемствы і акцыі, якія закліканы «абудзіць і замацаваць» любоў ці то да радзімы, ці то да дзяржавы.

Візуалізацыя флагштока на плошчы Савецкай у Гродне. Згенеравана рэдакцыяй Hrodna.life у нейрасетцы.
Фота: travel.by

Не забылі і пра знешнюю атрыбутыку: у абласных гарадах плануецца ўсталёўка 60-мятровых флагштокаў з дзяржаўнымі сцягамі як сімвал гонару за радзіму і «адданасці дзейснай сістэме». І мала таго, што на ўсталёўку кожнага такога металічнага слупа патрабуецца больш за 20 тысяч долараў. Кожны з іх пасля патрабуе штогадовага тэхнічнага абслугоўвання: у Менску на гэта выдаткоўваюць па 60 тысяч рублёў (больш за 18 з паловай тысяч долараў), у абласных цэнтрах – 24 тысячы рублёў (амаль 7 з паловай тысяч долараў).

На днях стала вядома, што ў Горадні адбылася дзяржзакупка на ўсталёўку на Савецкай плошчы флагштоку з дзяржаўным сцягам вышынёй 60 метраў. Гэта столькі ж па вышыні, як і Фарны касцёл, які размяшчацца побач. Выглядаць гэта будзе дзіка, не кажучы пра кошт пытання, а ён даволі высокі – 65 122.67 рублёў з бюджту (гэта больш за 20 тысяч долараў).

Работы пачнуць ужо зусім хутка, усталёўка плануецца да ліпеня. Згодна праекту, каля флагштока з чырвона-зялёным дзяржаўным сцягам размесцяць абсталяванне і канструкцыі для герба і прайгравання гімна. Побач усталююць некалькі святлодыёдных экранаў з гукам. Прылеглую тэрыторыю плануюць азеляніць, размясціць на ёй стэлу з назвай плошчы.

Навошта гораду флагшток у такім месцы і за такі кошт – сказаць цяжка. Але калі яго і ставіць, то лепш бы падыйшло месца на плошчы Леніна, якраз паміж двума выканкамамі – абласным і гарадскім. Але пэўна гарадзенскія чыноўнікі не хочуць бачыць дзяржаўны сцяг з вокнаў сваіх кабінетаў.

Падобны флагшток плануюць усталяваць і ў Віцебску – да 80-годдзя з дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На сайце дзяржаўнай мясцовай газеты «Віцьбічы» зрабілі апытанку наконт таго, у якім месцы было б лепей гэта зрабіць. Большасць чытачоў прагаласавала за Парк Тысчагоддзя за лядовым палацам. Час пакажа, ці прыслухаюцца да гараджан чыноўнікі.

Вялікі сцяг Рэспублікі Беларусь на плошчы Дзяржаўнага сцяга на праспекце Пераможцаў у Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Першы флагшток з дзяржаўным сцягам быў усталяваны ў Менску яшчэ ў 2013 годзе на плошчы Дзяржаўнага сцяга на праспекце Пераможцаў. Вышыня канструкцыі – 70 метраў, гэта як дом у 25 паверхаў. Сцяг памерам 14 на 7 метраў важыць 25 кілаграм і з’яўляецца самым вялікім у Беларусі.

Сем гадоў ніхто не браўся ўсталёўваць такі дарагі металічны слуп у іншых гарадах. Першым абласным цэнтрам, які гэта зрабіў, стаў Гомель. Тут флагшток вышынёй 60 метраў усталявалі побач з плошчай Леніна 18 верасня 2020 года. З тэндэру на будаўнічыя працы, які не адбыўся, вядома, што кошт першага пускавога комплексу праекту «Добраўпарадкаванне плошчы Леніна з усталяваннем флагштока ў горадзе Гомлі» складае 1 459 797 беларускіх рублёў (гэта 655 тысяч долараў). Суму планавалі выдзеліць з мясцовага бюджэту. Але ў жніўні 2020 года чыноўнікі заявілі, што флагшток будуецца за пазабюджэтныя сродкі. Да гэтага часу застаецца загадкай, хто прафінансаваў аб’ект і які яго канчатковы кошт.

У мясцовых актывістаў і гараджан тады была надзея, што ў такую вялізную суму, апроч слупа, увайдзе згаданае ў праекце добраўпарадкаванне, якое, відавочна, мусіла атрымацца вельмі багатым. Аднак у рэальнасці нічога асабліва не памянялася – хіба што расколіны на гранітным абліцоўванні старых фантанаў замазалі чымсьці карычневым.

Першым супраць праекту флагштока выступіла прафесійная архітэктурная супольнасць Гомля, бо на думку спецыялістаў выбар месца будаўніцтва правальны з пункту гледжання прынцыпаў горадабудаўніцтва.

Праціўнікі флагштока напісалі петыцыю (яна набрала 4581 голас), у якой выказвалі сумневы ў мэтазгоднасці такога марнавання грошай: «Мы лічым, што ў Гомлі існуе вялікая колькасць сапраўды неабходных інфраструктурных і сацыяльных абʼектаў (недабудаваныя школы, бальніцы, транспартныя магістралі, рамонт вуліц і іншыя праблемы), якія сапраўды маюць патрэбу ў фінансаванні. Узвядзенне новага флагштока побач з пл. Леніна, на якой ужо знаходзіцца тры флагштокі, лічым нерацыянальным марнаваннем і без таго абмежаванага ва ўмовах крызісу гарадскога бюджэту».

На плошчы Леніна ў Гомлі ўрачыста ўзнялі дзяржаўны сцяг. Гомель, Беларусь.
Фота: newsgomel.by

Але да меркавання гараджан ніхто не прыслухаўся. Разам  з тым, чыноўнікі так і не змаглі пераканаць людзей у неабходнасці будаўніцтва «шаста» на галоўнай плошчы.

На адкрыцці слупа, якое адбылося крыху больш як праз месяц пасля прэзідэнцкіх «выбараў» і падчас пратэстаў, якія грымелі па ўсёй краіне, старшыня гомельскага аблвыканкаму Генадзь Салавей назваў флагшток «сімвалам прызнання ў адданасці Беларусі, гонару за сваю краіну».

«Нездарма кажуць, сіла патрыятызму прапарцыйная колькасці асабістай працы. Пакуль асобная частка насельніцтва паслухмяна выконвае загады заходніх спецслужбаў, укладзеныя ў вусны малалетніх блогераў, сапраўдныя патрыёты працягваюць працаваць на карысць радзімы, – сказаў кіраўнік вобласці. – …Нашай любові да Беларусі хопіць, каб захаваць і прымножыць яе багацці, абараніць перад небяспекай, наставіць аблудных суайчыннікаў і працягнуць курс на далейшае росквіт».

Але ўсталявіць флагшток – толькі палова справы. Пасля яго трэба кожны год тэхнічна абслугоўваць. На сайце дзяржзакупак знаходзім лічбы: так, на абслугоўванне менскага слупа ў 2024 годзе будзе выдаткавана 60 090.36 беларускіх рублёў.

У Гомлі на тэхабслугоўванне просяць менш: 24 тысячы рублёў у год. Разліковы тэрмін службы флагштока разлічаны на 25 гадоў. Пры гэтым гарантыйны тэрмін службы – 2 гады, а тэрмін эксплуатацыі камплектуючы – толькі 1 год з даты ўстаноўкі.

Беларусы глядзяць на ўзняццё дзяржаўнага сцяга на плошчы Леніна ў Гомлі, Беларусь.
Фота: newsgomel.by

Каб «навучыць суайчыннікаў радзіму любіць», будуць цяпер выкінутыя тысячы долараў на флагштокі ў Горадні і Віцебску. Але ці можна металічнымі слупамі выхаваць патрыятызм?

А як у іншых краінах? 

У свеце існуюць флагштокі, вышыня якіх перавышае 150 метраў. Звычайна іх усталёўваюць у недэмакратычных краінах. Прыводзім топ-5 самых высокіх:

1. Каралеўства Саудаўская Аравія

Першае месца ў рэйтынгу найвышэйшых флагштокаў свету займае сцяг, размешчаны ў горадзе Джыда. Яго вышыня дасягае 170 метраў, а плошча палатна складае 50 × 33 метраў. Гэтая ўнікальная канструкцыя важыць 570 кілаграм. Сцяг быў узведзены ў 2014 годзе ў дзень Нацыянальнага свята краіны, заняўшы першае месца ў «Кнізе рэкордаў Гінеса».

Флагшток у горадзе Джыда, Саўдаўская Аравія. Крыніца: tripadvisor.ru

2. Таджыкістан

У Душанбэ ўзвышаецца флагшток вышынёй 165 метраў і вагой каля 420 кілаграмаў. Уражваюць і памеры сцяга: 30 метраў у шырыню і 60 метраў у даўжыню. Устаноўлены флагшток у парку, на тэрыторыі Палаца нацыі, у гонар 20-годдзя незалежнасці рэспублікі.

Флагшток у Душанбэ, Таджыкістан. Крыніца: Шухрат Саъдиев / wikimedia.org

3. Азербайджан

Бронзавы флагшток вышынёй 162 метры ўсталяваны на цэнтральнай плошчы Баку. Памер сцяга каля 75 метраў у даўжыню і 60 метраў у шырыню. Вага збудавання амаль 220 тон.

Флагшток у Баку, Азербайджан. Крыніца: tripadvisor.ru

4. Паўночная Карэя

Далей ідзе паўночнакарэйскі флагшток, устаноўлены ў вёсцы Кіджонг-дон. Яго вышыня 160 метраў, а вага сцяга складае 270 кг. На поўдні Карэі гэтую вёску называюць «Вёска Прапаганды», бо паводле звестак там няма мірных жыхароў, толькі вайскоўцы.

Флагшток у вёсцы Кіджонг-дон, Паўночная Карэя.
Фота: Marcella Bona / flickr.com

У 80-х гадах Паўднёвая Карэя ўзвяла ў сябе флагшток вышынёй 98,4 метра. Паўночная Карэя не магла пакінуць гэта без увагі і ў адказ збудавала больш высокую канструкцыю, тым самым выйграўшы «спаборніцтва». Так з’явіўся выраз «Вайна на флагштоку».

5. Туркменістан

Пятае месца займае збудаванне вышынёй 133 метры, устаноўленае ў Ашхабадзе. Вага сцяга складае 420 кг, даўжыня – 52,5 метра, шырыня – 35 метраў.

Флагшток у горадзе Ашхабад, Туркменістан.
Фота: Sue Fleckney / flickr.com

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў