Ва Украіне пачало працу «РокРадыёBY» з беларускай музыкай


Украінскі праект «РокРадіо» запусціў на базе ўласнай онлайн-платформы радыёстрым «РокРадыёBY», дзе можна паслухаць музыку беларускіх культавых гуртоў, выступы ваяроў-добраахвотнікаў і апазіцыйных дзеячаў.

«РокРадыёBY».
Фота: скрыншот з інтэрфэйсу «РокРадыёBY»

Стваральнікі праекту адзначаюць, што «РокРадыёBY» імкнецца стаць пляцоўкай для беларускіх музыкаў, якія граюць рок, а таксама для тых дзеячаў, што падтрымліваюць сапраўдную беларускую ідэнтычнасць, піша ўкраінскае выданне «Еспресо».

«Радыё мусіць стаць астраўком беларускага і ўкраінскага року, а з часам і стартавай пляцоўкай для супольных культурных праектаў», – адзначаюць стваральнікі «РокРадыёBY».

Таксама паведамляецца, што ў планах у радыё інтэрв’ю з беларускімі апазіцыйнымі, культурнымі і палітычнымі дзеячамі, прадстаўнікамі палка імя Кастуся Каліноўскага, пры падтрыманні якога паўстала гэтыя радыёстанцыя, а таксама з украінцамі, якія салідарныя з ідэяй вольнай Беларусі як дружалюбнай Украіне краіны.

У эфіры таксама плануюць даваць блокі навінаў пра падзеі ва Украіне: зводкі з фронту, інфармацыю пра культурныя ініцыятывы і ўкраінска-беларускія дачыненні.

«Беручы пад увагу цэнзуру і прапаганду ў афіцыйных беларускіх медыях, такая опцыя дасць магчымасць беларусам атрымліваць праўдзівую інфармацыю, датычную падзеяў ва Украіне», – кажуць стваральнікі «РокРадыёBY».

Паведамляецца, што сярод стваральнікаў новага беларускага радыё ва Украіне – украінскі радыёпрадзюсар Алег Удавічэнка і кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Слухаць «РокРадыёBY» можна праз спасылку: https://rockradioua.online/by/

Акрамя таго, паведамляецца, што ўжо існуе адмысловы дадатак для праслухоўвання радыё на смартфонах «РокРадыёВУ».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў