Мядзведзь, рысь, барсук – каго могуць выключыць з Чырвонай кнігі Беларусі


Папуляцыі чырвонакніжных бурага мядзведзя, еўрапейскай рысі і барсука выраслі ў Беларусі. У Мінпрыроды расказалі, ці плануецца выключыць гэтыя віды з Чырвонай кнігі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

Новае выданне дакументу маюць намер падрыхтаваць да 2025 года. Тады ж Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя зацвердзіць новы спіс рэдкіх відаў жывёлаў на тэрыторыі Беларусі.

Еўрапейская рысь

Па дадзеных міністэрства, папуляцыя еўрапейскай рысі павялічылася да 1315 асобін у 2023 годзе. Трэнд захоўваецца ўжо некалькі гадоў, таму ў планах абаронцаў прыроды змяніць значнасць ахоўнасці віду з II катэгорыі да IV ужо ў 2025 годзе.

Улік жывёлаў вядзецца спецыялістамі Мінпрыроды, а таксама іншымі профільнымі ведамствамі па спецыяльнай метадычцы, распрацаванай у Акадэміі навук Беларусі.

Выключаць з Чырвонай кнігі рысь пакуль не спяшаюцца, і на тое ёсць дзве прычыны. Па-першае, недастатковая колькасць – трэба хоць бы 1520 асобін, а па-другое, нераўнамернае яе размеркаванне па месцах пасялення.

Буры мядзведзь

Мядзведзяў у Беларусі ўсяго нічога – толькі 700 асобін. А можа быць, і не 700, таму што ўлік вядзецца анкетным метадам, які мяркуе вялікія хібнасці.

Праблем у мядзведзяў шмат, і не ўсе яны звязаны з людзьмі. Жывёлы ў прынцыпе неахвотна і павольна размножваюцца, хаця і без чалавечага фактару не абышлося. Размова ідзе аб асенне-зімовым паляванні ў лесе. У мядзведзяў не страляюць, але шум ад палявання паднімае жывёлаў са спячкі, з-за чаго гінуць малалікія дзіцяняты.

Так што казаць аб прымальнай папуляцыі жывёлаў пакуль не даводзіцца, як і аб змене іх прыродаахоўнага статуту.

Таксама спецыялістамі фіксуюцца частыя сутыкненні чалавека з мядзведзем. У дадзеным выпадку спецыялісты Мінпрыроды адлоўліваюць або забіваюць жывёлу, калі яна ўяўляе пагрозу для людзей або смяротна паранена.

Барсукі

Гэтых жывёлаў у 2023 годзе налічылі дастатковую колькасць – 2307 асобін. Традыцыйна барсукі насяляюць у Віцебскай вобласці, дзе сканцэнтравана больш за палову ўсёй папуляцыі.

У гэтым і крыецца праблема. Шчыльнасць і распаўсюджванне жывёлаў адны з самых нізкіх у арэале віду. Такім чынам, барсук усё яшчэ знаходзіцца ва ўразлівым стане.

Ён застанецца ў новай рэдакцыі Чырвонай кнігі, але прыродаахоўны статус барсука панізіцца са ІІ да ІV катэгорыі.

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў