«ByPol»: Супраць Статкевіча распачнуць новую крымінальную справу


Палітычны вязень Мікалай Статкевіч, які адбывае пакаранне ў Папраўчай калоніі № 13 (Глыбокае, Віцебская вобласць), змешчаны ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), паведамляе аб’яднанне былых сілавікоў «ByPol».

Мікола Статкевіч.
Фота: hramada.org

Адзначаецца, што адміністрацыяй калоніі Мікалай Статкевіч «у мінулым годзе неаднаразова паддаваўся дысцыплінарным спагнанням, акрамя таго, на яго сабралі матэрыял для ўзбуджэння крымінальнай справы паводле арт. 411 КК Беларусі («Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі»)».

«Варта адзначыць, што, прызначаючы пакаранне ў сукупнасці прыгавораў з улікам арт. 411 КК, суды да папярэдняга тэрміну пакарання дадаюць як мінімум 6 месяцаў пазбаўлення волі», – гаворыцца ў паведамленні «ByPol».

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» (не зарэгістраваная) Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 года ў Менску. 14 снежня 2021-га суд пакараў яго 14 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых закалотаў»).

Вярхоўны Суд 31 траўня 2022 года пакінуў вырак без зменаў, 20 чэрвеня таго ж года Статкевіча перавялі з Гомельскага следчага ізалятару № 3 у Папраўчую калонію № 13, адміністрацыя якой паставіла палітыка на ўлік як «схільнага да экстрэмізму», у жніўні змясціла на паўгода ў адзіночную камеру, у верасні – у штрафны ізалятар.

4 лістапада Міністэрства ўнутраных справаў залучыла палітычнага вязня ў «пералік асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Ад палітзняволенага палітыка больш за 11 месяцаў няма ніякай інфармацыі. Ягоная жонка Марына Адамовіч паведамляла раней, што начальнік Папраўчай калоніі № 13, дзе Статкевіч адбывае пакаранне, спасылаецца на кепскую працу «Белпошты». Аднак да «Белпошты» спадарыня Марына прэтэнзіяў не мае.

Hавiны
У палітвязня Міколы Статкевіча ў калоніі пагоршыўся стан здароўя
2023.07.28 15:56

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў