Абдзіралаўка пакупнікоў скончылася? Аплочваць паслугі рыэлтара забавязалі прадаўца


Пастанова ўраду, якая змяняе правілы аплаты рыэлтарскіх паслуг, набыла правамоцнасць 4 лістапада. У дакуменце прапісана, што паслугі ў суправаджэнні ўгоды куплі-продажу нерухомасці аплочвае прадавец. Раней, незалежна ад таго, ці патрэбная пакупніку дапамога пасярэдніка, ён быў вымушаны заплаціць 60 або 90 базавых адзінак (Br 2220–3330). 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Новыя правілы зацверджаны  пастановаю Савету Міністраў № 754 пра тарыфы на рыэлтарскія паслугі. Яе падпісалі 1 лістапада.

«Гэта бомба», – прарэагавала ў сваім тэлеграм-канале экспертка ў жылой нерухомасці Наталля Літоўская.

Хто і за што будзе плаціць?

«Аплату рыэлтарскіх паслуг у спрыянні пры заключэнні, выкананні, спыненні дамоваў куплі-продажу ажыццяўляе прадавец аб’екту нерухомасці. Аплата адной і той жа рыэлтарскай паслугі, якая надаецца ў дачыненні аднаго і таго ж аб’екту нерухомасці, абодвума бакамі ўгоды з гэтым аб’ектам, якія ёсць спажыўцамі паслуг гэтай рыэлтарскай арганізацыі, не дапускаецца», – патлумачыла экспертка сутнасць навіны. Гэта значыць не толькі тое, што паслугі агенцтва ў суправаджэнні ўгоды продажу кватэры або дому павінен будзе аплаціць прадавец, але і тое, што ніякіх грошай за гэтую ж угоду з пакупніка браць рыэлтар не мае права.

Меркаванні
У Беларусі патаннелі крэдыты на жытло. Як адрэагуе рынак?
2023.03.10 09:00

Такое рашэнне з’явілася не на пустым месцы. Гэта адказ ураду на шматгадовыя скаргі грамадзянаў, што рыэлтарскія агенцтва дзяруць грошы нават з тых пакупнікоў нерухомасці, якія да іх не звярталіся і ў паслугах не маюць патрэбы: чалавеку проста спадабалася кватэра, а яе прадавец ужо заключыў дамову з агенцтвам.

«Пакупнікі шмат гадоў скардзіліся ў Мінюст, што некаторыя (адзначу, далёка не ўсе) агенцтвы не даюць купіць кватэры, якую праз іх прадаюць, калі пакупнік не заключыць з імі дамовы на нейкую рыэлтарскую паслугу на 60—90 базавых. Уласна 60 базавых быў сярэдні чэк па Менску. У рэгіёнах, дзе попыт меншы, чэк агенцтва быў альбо меншы, альбо з пакупніка наагул нічога не патрабавалі», — піша з гэтай нагоды Наталля Літоўская.

Зрэшты, экспертка папярэджвае, што змены на гэтым могуць не скончыцца, нягледзячы на пазітыўную ацэнку новых нормаў з боку спажыўцоў. Рыэлтарскія агенцтвы знойдуць, што прапанаваць пакупніку і за што ўзяць з яго грошы. Ужо цяпер у агенцтвах кажуць: калі пакупнік не будзе нічога аплочваць, яны не будуць даваць ніякіх гарантыяў адносна надзейнасці ўгоды.

«На пастанову Саўміну, якая пачала дзеяць 4 лістапада, рэакцыя спажыўца была выключна пазітыўная. “Нарэшце спажыўцоў пачулі!” Але, як заўсёды, не ўсё так проста. Агенцтвы адзначаюць: калі ў іх няма дамовы з пакупніком, значыць, пакупнік не атрымлівае страхоўкі. І калі што здарыцца – застаецца сам-насам са сваймі праблемамі», – піша з гэтай нагоды Літоўская.

Зрэшты, і ў ранейшай практыцы рыэлтар нёс адказнасць толькі ў тым выпадку, калі былі выяўленыя памылкі самога рыэлтара.

«Здавалася б, паводле заканадаўства, агенцтва не мае права прадаваць юрыдычна праблемную кватэру і браць за гэта грошы з прадаўца, – адзначае Наталля Літоўская. – І факт таго, што кватэра прадаецца праз агенцтва, павінна быць знакам якасці (юрыдычнай чысціні) кватэры. Але ідэалы заўсёды разбіваюцца і разбіваліся аб практыку. Агенцтва заключае дамову на продаж кватэры проста пераканаўшыся, што да іх з дакументамі на кватэру звярнуўся менавіта ўласнік кватэры

Можна шмат спрачацца пра карысць гэтай страхоўкі і спрабаваць знайсці выпадкі, калі яна каму дапамагла, але немалая колькасць пакупнікоў проста хацела гэтую страхоўку. Для надзейнасці. Некаторыя аплочвалі не 60, а 30 базавых за паслугі для надання дапамогі ў рыхтаванні (афармленні) дакументаў, звязаных з ажыццяўленнем угоды з аб’ектам нерухомасці», — апавядае экспертка.

Наталля Літоўская нагадвае: пастанова забараняе аплочваць адну і тую ж паслугу ў дачыненні аднаго і таго ж аб’екту нерухомасці і пакупніку, і прадаўцу, але не забараняе заключаць дамовы і з прадаўцом, і з пакупніком адначасова. Проста заплаціць яны ўсё ж такі павінны за розныя паслугі.

сделка
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

«Думаю, агенцтвы альбо знойдуць варыянты, альбо запартнёрацца з іншымі агенцтвамі, каб пакупнік атрымаў сваю дамову-страхоўку. Але гэта дадатковыя складанасці», – мяркуе Наталля Літоўская.

Колькі трэба будзе плаціць?

Згодна з пастановаю, рыэлтарскія канторы самі будуць устанаўляць тарыфы на свае паслугі ў тых межах, якія ім прапісаў урад.

Напрыклад, кансультацыйныя паслугі пры ўгодах з аб’ектамі нерухомасці ў пісьмовай форме павінны каштаваць не больш за 3 базавыя велічыні (цяпер адна базавая — 37 рублёў). А паслугі для надання дапамогі ў рыхтаванні (афармленні) дакументаў, звязаных са здзяйсненнем угоды, – ад 10 да 45 базавых велічыняў у залежнасці ад аб’екту нерухомасці.

Таксама прапісалі максімальнае ўзнагароджанне рыэлтараў за спрыянне ў продажы ў залежнасці ад кошту аб’екту:

Фрагмент пастановы з тарыфамі. Крыніца: pravo.by

Раней тарыфы былі фіксаваныя. «Гэта значыць, цяпер у агенцтваў нерухомасці можна пытацца пра зніжку», – падказвае Літоўская.

Акрамя таго, паводле новых правілаў, у акце нададзеных паслуг агенцтва нерухомасці цяпер абавязанае пазначыць пералік нададзеных рыэлтарскіх паслуг ды іх кошт, «а не вось гэта: мы вам дапамаглі, з вас 60–90 базавых за рыэлтарскую паслугу», заключае экспертка.

Агляд
«Рынак суцэль актыўны». Цэны на кватэры ў Беларусі пайшлі ўгору
2023.05.29 07:00

belsat.eu

Стужка навінаў