У Беларусі патаннелі крэдыты на жытло. Як адрэагуе рынак?

Насельніцтва разважае проста: калі кошты на тое, што звычайна купляеш у краме, выраслі на 25 %, а заробак – на 10 %, значыць, усё ў эканоміцы дрэнна. Калі расце курс долара – дрэнна. Сур’ёзныя эканамічныя выкладкі нецікавыя, людзі кіруюцца ўласнымі адчуваннямі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Даражэе ўсё, акрамя крэдытаў

У сакавіку насельніцтва шчыра здзівілася: усё даражэе, а крэдыты на жытло, такія недаступныя апошнія два гады, патаннелі. Прычым да пад’ёмных для беларускага сярэдняга класу лічбаў.

Флагман крэдытавання насельніцтва – дзяржаўны «Беларусбанк» – цяпер прапануе.

  • Крэдыт на набыццё жылога памяшкання «іпатэка Экспрэс» на 20 гадоў пад 16,31 %.
  • Крэдыт на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля на 20 гадоў. Стаўкі розныя: 16,31 % гадавых – для грамадзянаў, якія будуюць жытло з камерцыйнымі забудоўнікамі; 15,9 % гадавых – для грамадзянаў, якія заключылі дамовы на будаўніцтва з дзяржаўнымі забудоўнікамі; 14 % гадавых – для грамадзянаў, якія будуюць (рэканструююць) аднакватэрны дом або кватэру ў блакаваным жылым доме з ужываннем матэрыялаў айчыннай вытворчасці і сіламі айчынных жа будаўнікоў і прарабаў.
  • З’явілася і навінка: крэдыты на набыццё жытла (незавершанага закансерваванага капітальнага будынку на зямельным участку, прызначаным для будаўніцтва жылога памяшкання) пад 16,3 % гадавых.

Акрамя таго, усе забудоўнікі намагаліся забяспечыць сабе партнёрскія праграмы з банкамі. Сутнасць іх простая – у першыя год-два, пакуль дом яшчэ будуецца, дольнік сплочвае па крэдыце менш за 16,31 % гадавых, а надалей плацяжы становяцца поўнымі.

Не толькі ў флагману крэдытавання такія стаўкі на сёння: падцягнулася яшчэ тройка банкаў, гатовая пазычаць насельніцтву грошы на жытло пад тыя ж адсоткі.

Эканамісты тлумачаць з’яву (калі перавесці на зусім ужо зразумелую большасці мову) так: у банкаў зашмат свабодных беларускіх грошай, і каб яны працавалі, іх трэба раздаць у выглядзе крэдытаў, а дарагіх крэдытаў не бяруць. Дый у прынцыпе крэдыты бяруцца неахвотна. Урад жа хоча стымуляваць эканоміку простым спосабам. Дасі танны крэдыт на будаўніцтва – будаўнічая галіна загрузіцца працай, а грамадзяне будуць і крэдыт сплочваць, і забяспечваць попыт на штукавальныя матэрыялы, мэблю, тэхніку. Нарэшце, аформяць дадатковыя крэдыты на айчынныя кухні і лядоўні/пральныя машыны.

Так, некантраляванае разварушванне эканомікі таннымі крэдытамі на жытло ў 2009–2010 гадах да 2011-га прывяла да трохразовай дэвальвацыі. Таму цяпер таннасць пазыковых сродкаў адносная, зніжэнне ставак дакладна дазаванае, а курсавая палітыка свабодная. Таму рызыка паўтарыць папярэднюю памылку значна меншая.

Даступныя крэдыты – пакуль не падстава для росту коштаў

Звычайна як толькі таннеюць крэдыты, пачынаюць расці кошты. Што назіраем за апошні месяц?

Традыцыйная схема пакуль не працуе. Вядома, частка прадаўцоў падняла кошты прапановы, але гэта не масавая з’ява. Асноўная частка адчувае, што даступнае крэдытаванне не падстава жадаць за сваю кватэру на $ 10 тысячаў больш. Калі цяпер няма пакупнікоў, то што будзе, калі ўзняць кошт?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Рынак «затавараны». Прапанова залішняя – і ў рэгіёнах, і ў Менску. Для Менску норма кватэраў, адначасова выстаўленая на продаж, – да 9 тысячаў. Цяпер іх каля 19 тысячаў. Так, частка – аб’явы з «Менск-Свету», гатовыя без адштукавання. Але «Менск-Свету» таксама не варта скідваць з рахунку. Ён пастаянны і яскравы канкурэнт старому жыллёваму фонду. Ён больш прывабны для маладых пакупнікоў і пакупнікоў з рэгіёнаў, чымся кватэры ў дамах за часоў Хрушчова.

Забудоўнікі на зніжэнне ставак па крэдытах пакуль ніяк не адрэагавалі. Кошты ўзняліся на $ 30–50 за квадратны метр толькі ў дамах, якія павінны здавацца сёлета. Праўда, у парадку будаўніцтва дому попыт на кватэры ў ім і так расце, і такое павышэнне коштаў можна лічыць традыцыйным, не звязаных з крэдытаваннем.

Частка забудоўнікаў, якія выстаўлялі завышаныя кошты, вымушаныя будуць іх скарэктаваць у бок змяншэння. Паколькі і з даступным крэдытам грамадзяне не схільныя пераплочваць.

Ці будуць беларусы браць патаннелыя крэдыты?

Развіццё сітуацыі залежыць ад таго, наколькі актыўна насельніцтва будзе браць гэтыя патаннелыя крэдыты. Пакуль доля ўгодаў з прыцягненнем банкаўскіх пазыковых сродкаў не перавышае 20 %. Да канца года можам выйсці на 40 %. Аднак істотнага карэктавання (як плюс $ 100 да цаны квадратнага метра) адбыцца не павінна. Праз ужо названую прычыну – прапанова залішняя. Акрамя таго, варта ўлічваць той фактар, што актыўнасць грамадзянаў у паляпшэнні жыллёвых умоваў моцна залежыць ад чаканняў.

Любая пагроза – ад росту курсу долара да чутак пра мабілізацыю – можа напалохаць ахвочых набыць/пабудаваць кватэру менавіта ў Беларусі.

belsat.eu / Авер

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў