Згулялі б хоць з самалійскімі піратамі. Але на чэмпіянаце свету

Такое меркаванне выказаў галоўны трэнер хакейнай каманды «Расея 25» Раман Ротэнберг, знудзіўшыся праводзіць спарынгі са зборнай Беларусі.

Заўзятары зборнай Славакіі падчас матчу Славакіі супраць Казахстану, Острава, Чэхія – 12 мая 2024 г.
Фота: David W Cerny / Reuters / Forum

Ужо трэці сезон пайшоў, як і расейцаў і беларусаў выключылі з афіцыйнага календара Міжнароднай Федэрацыі хакею на лёдзе (IIHF). На пазачарговым паседжанні 28 лютага 2022 года Радаю IIHF была дадзеная рэзкая ацэнка факту вайны, што распачалася ва Украіне праз агрэсію Расеі (у тым ліку з тэрыторыі Беларусі). Удзельнікі нарады рашуча асудзілі выкарыстанне ваеннай сілы і заклікалі выкарыстаць дыпламатычныя сродкі для вырашэння канфлікту.

Першымі дзеяннямі сталі:

  • Адхіленне ўсіх зборных і клубаў Расеі і Беларусі ад удзелу ў кожнай узроставай катэгорыі і ўва ўсіх спаборніцтвах і мерапрыемствах IIHF да далейшага паведамлення.
  • Адкліканне ў Расеі права на правядзенне юнацкага чэмпіянату свету па хакеі з шайбаю 2023 года.

Афіцыйная прычына – клопат пра бяспеку іншых удзельнікаў чэмпіянатаў свету ў кожным узросце і клубных еўрапейскіх турніраў – гульцоў, афіцыйных асобаў і заўзятараў.

Новыя «далейшыя паведамленні» сітуацыі не змянілі. Санкцыі былі падоўжаны яшчэ двойчы, што не толькі зрабіла немагчымым выступ зборнай Беларусі ў кваліфікацыі да будучай зімовай Алімпіяды, якая ў 2026-м годзе пройдзе ў Італіі, але дадало прывіднасці шанцам згуляць там і расейцам, якія траплялі б на турнір у Мілане без адбору, паводле свайго высокага рэйтынгу. Гэта быў двайны ўдар па Беларусі. Годам раней у яе, пасля бліскуча праведзенай Беларускім Фондам спартовай салідарнасці кампаніі, забралі права сумеснага з Рыгаю правядзення Чэмпіянату планеты – 2021. Пасля чаго Лукашэнка, сумна зазначыў, што «не парыцца з гэтага».

Гулец зборнай Францыі Стэфан Да Коста святкуе свой першы гол на турніры, Острава, Чэхія – 12 траўня 2024 г.
Фота: David W Cerny / Reuters / Forum

У такой роспачы і пачалі прыдумваць розныя міжсабойчыкі паміж ізгоямі – Расеяй і Беларуссю, якія спачатку проста называлі «выставачнымі матчамі», потым дадалі да «тытулу» назву спонсара – «Ліга ставак» – з далучэннем да «праекту» першай міжнароднай букмекерскай кампаніі, заснаванай у Расеі ў 2008 годзе. А год таму, угаварыўшы паўдзельнічаць у гэтым і Казахстан, прыклеілі да назвы яшчэ і тэрмін «Вялікі тур». І калі летась і пазалетась Беларусь яшчэ здольная была разок-другі перамагчы Расею, то сёлета – суцэльны мінус: 0:6, 0:4, 2:6, 2:4. Фінскі журналіст Янне Ойвіо (Janne Oivio) у выданні Ilta-Sanomat паіранізаваў на тэму гэтага турніру так:

«Расея, якая вядзе крывавую вайну ва Украіне, па-ранейшаму адрэзаная ад значнай часткі міжнароднага спорту. Асаблівае расчараванне прыходзіць у краіну кожную вясну, калі распачынаецца чарговы чэмпіянат свету па хакеі».

Не да смеху расейскім хакейным адмыслоўцам. Сваю злосць ад безвыходнасці ў гэтай сітуацыі яны, людзі дарослыя і, нават сталага веку, кампенсуюць выказваннямі, якія прыніжаюць не толькі сам чэмпіянат свету, але і ягоных удзельнікаў. Маўляў, Расея вялікая, і без яе турнір аніякай цікавасці не ўяўляе.

«Не буду глядзець за турнірам. Чэмпіянат свету без Расеі – гэта ні пра што. Першынство двара глядзець не хочацца. Без нашых хакеістаў – гэта зусім іншы ўзровень удзельнікаў. Думаю, і публікі будзе мала», – заявіў двухразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Кажэўнікаў.

Даведка: за стартавыя два дні чэмпіянату свету – 2024 сярэдняя наведвальнасць першых матчаў склала ў Празе – 16 тысяч 819 гледачоў (змяшчальнасць О2-Арэны – 17 413 крэслаў, а значыць напаўняльнасць 96,5 %), а ў Остраве – 9109 гледачоў, што абсалютна роўна магчымасцям «Острава-Арэны» для прыёму гледачоў на хакейных двубоях. Аншлагі былі на ўсіх матчах: у тым ліку Польшча – Латвія ды Францыя – Казахстан.

Меркаванні
Лукашэнка дазволіў беларускім спартоўцам ехаць на Алімпіяду
2024.05.02 18:33

Іншы двухразовы чэмпіён Алімпіяд – Барыс Маёраў – таксама выбрыкнуў, што не будзе сачыць, а «лепш паедзе на рыбалку».

Эксперт Фёдар Канарэйкін таксама выказаўся ў тым жа ключы: «Цікавасці ў мяне няма і глядзець не буду. Без удзелу Расеі і Беларусі – чэмпіянат непаўнацэнны».

Дазволю сабе нагадаць, што ўсоўваючы Расею ў лік наймацнейшых, калі без яе быццам чэмпіянат свету згубіў цікавасць, адмыслоўцы не кажуць, што зборная гэтай краіны апошні раз прызёрам сусветнага першынства (бронзавым медалістам) станавілася 5 гадоў таму на турніры-2019, які праходзіў у Славаччыне. А ў 2021-м каманда Алімпійскага камітэту Расеі заняла ўвогуле 5-е месца. І наўрад ці, калі б раптам зараз гэтак званую «чырвоную машыну» запусцілі ў Чэхію, яна там была б завадатарам.

А чаму Беларусь сюды прыцягваюць увогуле невядома (ЧС-2018 і ЧС-21 – 15-я, перадапошнія месцы).

Здаецца больш адэкватнага Уладзіміра Крыкунова, былога трэнера зборнай Беларуі, пераклініла ў іншым. Гэта адмыслоўца, які ў кастрычніку 2018 года прыязджаў у сталіцу Беларусі разам з маскоўскім «Дынама», дзе тады працаваў галоўным трэнерам. І пасля таго, як нанёс на «Менск-Арэне» «Зубрам» сёмую запар паразу выказаўся так:

«Што менавіта дапаможа Менску выйсці з гэтай ямы? Ёсць адзін момант: хакеем павінныя кіраваць хакеісты, а не генералы».

Ён меў на ўвазе былых кіраўнікоў Беларускай федэрацыі хакею Юрыя Бародзіча, Уладзіміра Навумава і Ігара Рачкоўскага. Цяпер жа Васільевіч у свае 74 гады не пазбег спакусы часткова ўліцца ў агульны расейскі прапагандысцкі хор: «Канешне, усё роўна буду глядзець чэмпіянат свету. Сам інтарэс падае, калі няма зборнай Расеі, Беларусі, нашых людзей, заўзятараў. Яны там столькі з-за гэтага губляюць. З-за гэтай палітыкі яны і грошы губляюць. Але гэта іх прымушаюць рабіць амерыканцы (!), – прыводзіць словы Крыкунова Legalbet.

Як бы расейцы не язвілі, але чэмпіянат свету глядзяць і самыя туды хочуць вярнуцца як мага хутчэй.

«Мы даказалі, што Расея заслугоўвае месца на чэмпіянаце свету, як і Беларусь. Мы гатовыя гуляць нават з самалійскімі піратамі, калі яны ў гэтую групу праб’юцца», – сумна пажартаваў у інтэрв’ю «РБ Спорт» Раман Ротэнбэрг.

А ў іншым інтэрв’ю выказаўся зусім ужо легкадумна:

– У футболе разлічваюць, што зборная Расеі вернецца на міжнародную арэну да 2030 года. А што Вы думаеце пра хакейную каманду?

– Закончыцца СВА заўтра – паслязаўтра вернемся. Нашто нам чакаць 2030-га году? Тут усё проста.

Дазволіў бы сабе катэгарычна не пагадзіцца. Пляму «агрэсара вайны» так хутка і так лёгка не сатрэш. Ды, нават, калі б вайны і не было. За Расеяй больш за 10 год цягнецца шлейф злоснага і бесперапыннага парушальніка антыдопінгавых правілаў, з-за чаго за гэты час адбылося шмат дыскваліфікацыяў і адмены спаборніцтваў на тэрыторыі краіны. То бок, РФ аддаляецца ад сусветнага спорту ўсё больш і больш.

Вы думаеце, што Беларусь лепшая? Ад дыктатуры Лукашэнкі таксама хутка не адмыешся. Меркаванне пра сітуацыю ў Беларусі ў сусветнай супольнасці ўжо склалася і яно цяпер толькі ўзмацняецца ды замацоўваецца. А таму другі чэмпіянат свету па хакеі ў нашай краіне (першы быў роўна 10 гадоў таму, у 2014-м) пройдзе не ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе як мінімум.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў