Грамадзяне Беларусі апынуліся на другім месцы сярод замежнікаў, якія набываюць кватэры і зямельныя ўчасткі ў Польшчы. Гэта вынікае са справаздачы міністра ўнутраных справаў Польшчы аб набыцці ў 2023 годзе нерухомасці ў краіне іншаземцамі.
Беларусы і кампаніі з беларускім капіталам у 2023 годзе набылі ў Польшчы больш за 121 тысячу квадратных метраў ці 1955 жылых і камерцыйных памяшканняў, паведамляецца ў справаздачы. Гэта на 36,1% больш, чым годам раней.
Большасць здзелак па набыцці нерухомасці здзяйснялася фізічнымі асобамі – амаль 98,8%. 92% квадратных метраў склалі жылыя памяшканні.
Больш за беларусаў нерухомасць у Польшчы набывалі ўкраінцы – яны купілі 6852 памяшкання.
У 2023 годзе беларусы набылі ў Польшчы 213 зямельных участкаў агульнай плошчай 6,19 гектараў і занялі па гэтым паказніку таксама другое месца. 20 зямельных участкаў агульнай плошчай 2,06 гектараў, набытых беларусамі – сельскагаспадарчыя і лясныя.
На першым жа месцы – зноў украінцы, якія купілі 895 зямельных участкаў плошчай 44,03 гектара.
У якасці прычынаў, якія паспрыялі росту колькасці замежных здзелак па набыцці нерухомасці і зямельных участкаў, у справаздачы міністра ўнутраных справаў адзначаюцца два фактары: пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў лютым 2022 года і пачатак з 3 ліпеня 2023 года польскай урадавай праграмы бяспечнага крэдытавання пад 2%. Большасць такіх іпатэчных крэдытаў атрымалі ўкраінцы (2215 чалавек) і беларусы (492).
Марыя Міхалевіч belsat.eu