Беларуса, які насмерць збіў раварыстку ў Польшчы, суд пакараў 6,5 гадамі турмы


9 лютага быў абвешчаны вырак у справе грамадзяніна Беларусі Аляксандра С., які год таму збіў раварыстку на пешаходным пераходзе ў Познані. 27-гадовая дзяўчына ад атрыманых траўмаў памерла на месцы здарэння. Беларуса асудзілі да 6,5 гадоў турмы, піша Głos Wielkopolski.

Суд над беларусам Аляксандрам С., які насмерць збіў раварыстку.
Фота: Robert Woźniak / gloswielkopolski.pl

Акрамя пазбаўлення волі, суд пажыццёва забараніў Аляксандру С. кіраваць аўтамабілем і абавязаў выплаціць 30 тысяч злотых (7500 долараў) сям’і загінулай дзяўчыны і 5 тысяч злотых (1200 долараў) у фонд дапамогі ахвярам і постпенітэнцыйнай дапамогі.

9 лютага 2023 года 27-гадовая раварыстка пераязджала дарогу на вуліцы Дамброўскага ў Познані. На пераходзе была адмысловая зона для раварыстаў, таму дзяўчына не спешылася. Яе збіў аўтамабіль «Uber», за стырном якога быў 35-гадовы грамадзянін Беларусі Аляксандр С. Ад атрыманых траўмаў дзяўчына памерла, як пазней распавёў кіроўца, на ягоных руках – ён спрабаваў аказаць ёй дапамогу.

У аўтамабілі, якім кіраваў беларус, былі два пасажыры. За імгненне да здарэння адзін з іх крычаў кіроўцу, каб той спыніўся.

Hавiны
Для беларуса, які насмерць збіў раварыстку ў Познані, бок абвінавачання запатрабаваў 7,5 года турмы
2024.02.01 13:19

Экспертыза выявіла, што кіроўца перавысіў хуткасць – на пераходзе яна склала 67 км/г. Акрамя таго, у крыві Аляксандра С. знайшлі сляды прыёму марыхуаны.

Суд над беларусам распачаўся ў снежні 2023 года. Мужчына часткова прызнаў сваю віну, але адмаўляў, што ў момант ДТЗ быў пад уплывам наркотыкаў, ён распавёў, што марыхуану паліў раней, але не ў дзень аварыі.

Судовы разбор скончыўся ў сераду, 31 студзеня 2024 года. Пракурор запатрабаваў прызнаць Аляксандра С. вінаватым у смерці раварысткі і пакараць яго 7 гадамі і 6 месяцамі пазбаўлення волі з пажыццёвай забаронай на кіраванне аўтамабілем. Адвакат беларуса прасіў зменшыць тэрмін пакарання да 2 гадоў.

Hавiны
У Польшчы сутыкнуліся пяць грузавікоў. Адзін беларус загінуў, другі – у цяжкім стане
2023.12.16 08:22

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў