«Ледзі Гага пасмяецца». У Беларусі з’явіўся новы «чорны спіс» артыстаў


Беларуская рада культуры абнародавала «чорны спіс» артыстаў, якім забароненыя выступы і чые песні не дазваляецца выконваць у Беларусі. І калі наяўнасць адных музыкаў нікога не здзівіла, то ўлучэнне туды пераможцы дзіцячага «Еўрабачання» Ксеніі Сітнік або народнай артысткі Іны Афанасьевай выклікала пытанне: а гэтыя чаго? Пра пэўнасць спіса і наступствы для артыстаў такой забароны «Белсат» паразмаўляў з кіраўніком Беларускай рады культуры Сяргеем Будкіным.

Іна Афанасьева, Аляксей Хлястоў, Ганна Шаркунова, Дзмітрый Калдун, Іскуі Абалян, Ларыса Грыбалёва, Паліна Смолава – раней без гэтых выканаўцаў не абыходзіўся ніводны канцэрт, што паказвалі ў дзяржаўным тэлеэфіры. Цяпер усе яны – у стоп-лісце, які атрымалі ўстановы, звязаныя з арганізацыяй канцэртаў.

Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін у размове з «Белсатам» адзначыў, што не сумняваецца ў пэўнасці гэтага пераліку, хаця і складзены ён нязграбна.

«Спіс складзены неахайна і шмат хто (не буду казаць, хто) у ім не ўлічаны, некаторыя з фігурантаў спіса ўжо не жывуць, некаторыя напісаныя з памылкамі. Бачна, што складаў гэта далёкі ад усяго чалавек, хутчэй за ўсё, з КДБ паводле раздруковак з інтэрнэту пра артыстаў, якія падтрымалі хвалю пратэстаў у Беларусі альбо выказаліся супраць вайны ва Украіне. Крытэрыі зразумелыя».

Да таго ж на карысць праўдзівасці гэтага бан-ліста кажа рэпутацыя: каля 10 гадоў таму ў сеціве з’явіўся падобны спіс, пэўнасць якога спраўджвалі супрацоўнікі беларускіх медыяў.

«Недзе ў 2010 годзе быў распаўсюджаны спіс таксама на нейкай паперцы, без пячатак і подпісаў. Таксама штосьці такое абсурднае было, куды Кевін Спэйсі патрапіў, Джуд Ло».

«Чорны спіс» артыстаў, што атрымалі беларускія дзяржаўныя медыі ў 2010 годзе.
Фота: charter97.org

Суразмоўца «Белсату» канстатуе: шмат якія выканаўцы не маюць шанцаў атрымаць дазвол на канцэрт у цяперашняй Беларусі.

«Тыя асобы, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю і засталіся ў Беларусі, развіталіся з канцэртамі. Яны разумеюць, што іх не запросяць на дзяржаўнае тэлебачанне ці радыё. Таму гэта свядомы выбар. Хто як з ім спраўляецца, гэта іншая справа. Хтосьці спыняе дзейнасць, хтосьці спрабуе перайсці ў фармат працы ў студыі, хтосьці шукае магчымасць зладзіць гастролі – кожны выжывае па-свойму».

Пры гэтым Будкін падзякаваў аўтарам спіса за ўлучэнне замежных артыстаў: увагі да Беларусі будзе болей.

«Гэта абсалютна забаўны ход, бо ён можа быць выкарыстаны акурат для шырэйшага данясення сітуацыі ў Беларусі. Да Ледзі Гагі дойдзе інфармацыя – яна пасмяецца і лішні раз пацікавіцца, што адбываецца ў Беларусі. Тут можна выказаць падзяку аўтарам спісу за піяр. Ведаю, што Джуда Ло ўлучэнне ў той спіс моцна пацешыла і мабілізавала на тое, каб удзельнічаць у акцыях падтрымкі Беларусі. Гэта выдатная ідэя: прыцягваць такім чынам замежнікаў да беларускай павесткі», – адзначыў Сяргей Будкін.

Спявачка Ледзі Гага.
Фота: Ледзі Гага / Instagram

Што тычыцца беларускіх выканаўцаў, то праз такі бан яны губляюць грошы, якія б маглі атрымаць за канцэрты ды ратацыю сваіх песень у эфіры.

«У будучыні факт знаходжання ў чорным спісе можа быць фішкай, на афішах будуць пісаць «Фігурант чорнага спіса – 2022». Адзнака якасці. Гэта можа спрацаваць на карысць, папулярызацыю, таму што заўжды забароненае прыцягвае ўвагу больш, чым дазволенае. Спадзяюся, што гэта пашырыць вядомасць і павагу да тых артыстаў, якія трапілі ў гэты спіс за грамадзянскую пазіцыю», – сказаў кіраўнік Беларускай рады культуры.

Пакуль жа ў краіне караюць за выкананне песні гурта «Океан Ельзи» на Зыбіцкай і хапаюць вулічных музыкаў за «Ляпіса Трубяцкога» у падземным пераходзе, падсумаваў Будкін.

Музыка Лявон Вольскі ў сваім Facebook напісаў: «Спачатку ў спіс патрапілі артысты, якія ў 2020-м выказаліся супраць гвалту. Напісаў у сацсетцы: «Я супраць гвалту», і ты – вораг. Потым, у 22-м – тыя, хто супраць вайны. А цяпер – тыя, хто не выказваўся. Таму, што цяпер трэба выказвацца за гвалт і вайну, а калі маўчыш – ты вораг».

Артыкулы
«Дыджэі пераменаў» за 300 гадоў: топ песень супраціву і вызвалення Еўропы
2021.08.06 15:11

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў