Дарваліся да крэдытаў. Запазычанасць беларусаў перад банкамі перавысіла Br 20 млрд


За 11 месяцаў летась беларусы набралі пазыкаў на Br 11,9 млрд, а агульная крэдытная запазычанасць дасягнула Br 20,1 млрд. Усё ідзе паводле плану Нацыянальнага банку, які, як кажуць эканамісты, і хацеў напампаваць эканоміку грашыма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

2023 год можна смела назваць годам крэдытаў. Як тлумачыў раней «Белсату» старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук, у банках назапасіліся свабодныя грошы, а ў беларусаў выраслі рэальныя заробкі. У гэтых умовах Нацбанк захацеў падштурхнуць эканоміку павелічэннем крэдытавання, банкі цягам года зніжалі адсоткавыя стаўкі – і ўсё пайшло паводле плану рэгулятара.

За 11 месяцаў летась беларусы набралі пазыкаў на Br 11,9 млрд, прычым амаль усё (Br 9,5 млрд) – на спажывецкія тавары. Br 2,4 млрд узялі на нерухомасць.

У лістападзе крэдытная запазычанасць фізічных асобаў дасягнула Br 20,1 млрд, павялічыўшыся на 18,7 % у параўнанні з студзенем, 66 % усёй запазычанасці – крэдыты на нерухомасць. Пры гэтым пратэрмінаваная запазычанасць скарачаецца: калі ў студзені летась беларусы не вярнулі своечасова Br 37,3 млн, то ў лістападзе – Br 32,9 млн.

За 11 месяцаў летась у параўнанні з гэтым жа перыядам 2022 года крэдытаванне фізічных асобаў павялічылася на 50,4 %. Пры гэтым выдача пазык асобна на нерухомасць расла шпарчэй: плюс 64,2 % год да года.

Хаця фізічныя асобы пакуль не збаўляюць абаротаў, агулам тэмпы крэдытавання ў Беларусі пачалі зніжацца: менш грошай пачалі пазычаць юрыдычныя асобы. Калі ў верасні ў параўнанні з жніўнем запазычанасць у рублях у карпаратыўнай галіне вырасла на 5 %, а ў кастрычніку – на 4,2 % у параўнанні з вераснем, то ў лістападзе ў параўнанні з кастрычнікам – толькі на 1,5 %.

Hавiны
«Беларусбанк» будзе выдаваць крэдыты пад 4% гадавых. На што іх можна будзе ўзяць?
2023.12.30 11:44

Старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» растлумачыла, што летась прадпрыемствы актыўна бралі крэдыты, якія рабіліся таннейшымі, дзеля рэалізацыі пэўных інвестыцыйных праектаў або якіх-кольвек іншых сваіх патрэбаў. Цяпер жа кампаніі, імаверна, уперліся ў столь магчымасцяў вытворчасці, таму столькі пазык ужо не трэба:

«Ужо адбылося такое насычэнне беларускага рынку крэдытамі. Калі б прадпрыемствы працягвалі браць крэдыты, то гэта ўжо б не мела сэнсу. Бо ў іх ёсць пэўная колькасць працаўнікоў, пэўныя магутнасці, якія яны могуць размяшчаць і дзеля якіх браліся крэдыты для нарошчвання вытворчасці».

Адсюль можна зрабіць выснову, што сёлета такога актыўнага ўзнаўленчага росту эканомікі, як летась, ужо не будзе. «Мы не можам казаць пра нізкую базу 2023 года, адпаведна, ставіцца пад сумнеў магчымасць дасягнення зноў тых жа 3,8 % росту ВУП. Пэўны рост будзе, аднак у больш сціплых маштабах. Прагноз у межах 2 % цалкам рэалістычны», – адзначыла Лузгіна.

Hавiны
Набыць кватэру ці машыну стала цяжэй: банкі масава павышаюць стаўкі па крэдытах
2024.01.03 19:12

Сцяпан Кубік, Ірына Юр’ева belsat.eu

Стужка навінаў