Швейцарская кампанія «Stadler» пакуль не плануе пераносіць сваё прадпрыемства з Беларусі. Пра гэта «Белсату» заявілі ў кіраўніцтве кампаніі.
«Stadler», урад Украіны і чыгуначная кампанія «Укрзалізниця» на пачатку траўня падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні адносна далейшага развіцця чыгункі ва Украіне. Перанос заводу з Беларусі не з’яўляецца часткай гэтага [мемарандуму] і не плануецца. Акрамя гэтага, мы не каментуем бягучых перамоваў адносна кантракту», – паведаміў «Белсату» менеджар аддзелу камунікацыяў з грамадствам і піяру Фаб’ян Вэторы.
На заводзе «Stadler» у Фаніпалі працуюць паўтары тысячы чалавек. Пра магчымасць яго закрыцця на фоне адкрыцця новага прадпрыемства ў суседняй Украіне паведаміла «Еўрарадыё». Гэтак, у адной з беларускіх кампаніяў выданню паведамілі, што ўжо даўно не атрымлівалі ад швейцарцаў новых заказаў.
У траўні пра тое, што «пашыраныя санкцыі супраць Беларусі, як дамоклаў меч, навісаюць над швейцарскімі кампаніямі, якія працуюць у краіне», пісала і швейцарская газета «Tages-Anzeiger».
У «Stadler» тады прызналі, што будуць выконваць рашэнні і санкцыі, уведзеныя наднацыянальнымі арганізацыямі – АБСЕ, ЕЗ або ААН.
МГ belsat.eu