ПЦ «Вясна»: у лютым мінімум 24 палітвязні выйшлі на волю


Паводле звестак Праваабарончага цэнтру «Вясна», у лютым на волю выйшлі мінімум 24 чалавек, якія цалкам адбылі свае тэрміны. Яшчэ тры чалавекі былі асуджаныя да «хатняй хіміі» і вызваленыя з СІЗА.

«Вясна» ў сваім аглядзе нагадвае гісторыі некалькіх палітвязняў, якія вызваліліся ў лютым.

Максім Сяргеенка правёў у зняволенні 2 гады, 10 месяцаў і 10 дзён. Яго асудзілі за акцыю «павешаных» лялек з выявамі чыноўнікаў. У студзені 2024 году падчас рэйду КДБ на знаёмых і сваякоў палітвязняў затрымалі жонку Максіма – Алесю. Цяпер жанчына знаходзіцца ў СІЗА ў межах крымінальнай справы. У сямʼі двое дзяцей 3 і 16 гадоў.

Вольга Клімкова правяла за кратамі 3 гады, 2 месяцы і 9 дзён. Яе таксама судзілі за акцыю з лялькамі.

Павел Пяскоў знаходзіўся ў зняволенні 3 гады, 5 месяцаў і 10 дзён. Павел быў першым, хто атрымаў палітычны прысуд за падзеі 2020 году (яго абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам), а ў калоніі яму яшчэ дадалі адзін тэрмін нібыта за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі».

Яўген Зялкоўскі правёў за кратамі 3 гады, 2 месяцы і 27 дзён. Яго судзілі за «інсталяцыі» з бел-чырвона-белым сцягам, якія ён ноччу размяшчаў у пустынных месцах Гомля. На судзе мужчына распавядаў пра катаванні з боку міліцыі.

Міхаіл Феранец быў пазбаўлены волі 3 гады, 4 месяцы і 18 дзён. Яго судзілі за ўдзел у пратэставых маршах у 2020 годзе, а таксама за пратэставыя надпісы, малюнкі і вывешванне БЧБ-стужак у дварах Фрунзенскага раёну Менску.

Нарадзінец Данецку, які ў Беларусі жыў больш за дзесяць гадоў, затрымалі 16 верасня 2020 года, 7 месяцаў яго трымалі як замежніка ў чаканні высылкі з краіны ў ІЧУ на Акрэсціна. Пры гэтым у тэрмін пакарання сямімесячнае ўтрыманне яму не залічылі. Ён выступіў з моцным апошнім словам, у якім распавёў пра псіхалагічны і фізічны гвалт з боку сілавікоў.

Міхаіл быў вызвалены па заканчэнні тэрміну пакарання 16 снежня 2023 года і адразу ж затрыманы і змешчаны ў ІЧУ ў Магілёве. 1 лютага 2024 года палітвязень выйшаў на волю, але адразу быў дэпартаваны з Беларусі.

ПЦ «Вясна» таксама паведамляе, што ў лютым 2024 году былі пакараныя «хатняй хіміяй» і вызвалены з-пад варты Ганна Крук, Мікалай Шляжко і Іна Шляжко.

Праваабаронцы нагадваюць, што на дадзены момант у Беларусі налічваецца 1414 палітвязняў, а колькасць іх павялічваецца амаль штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на «хімію»), ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі».

Hавiны
Праваабаронцы: Больш за 8 тысяч жанчын падвергліся палітычнаму пераследу ў Беларусі
2024.03.07 21:28

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў