Уніяты і праваслаўныя Украіны пераходзяць на новы каляндар. Што за ён і чаму гэта трэба


Адна з найбуйнейшых цэркваў Украіны – Украінская грэка-каталіцкая царква (УГКЦ) – абвясціла пра каляндарную рэформу. Абмяркоўваецца гэта і ў аўтакефальнай Праваслаўнай царкве Украіны (ПЦУ). Карэспандэнты «Белсату» тлумачаць, што гэта за пытанне такое і чаму менавіта цяпер украінскія цэрквы ўзяліся за яго.

Кіраўнік УГКЦ Дабрашчасны Святаслаў і Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны ПЦУ Дабрашчасны Епіфаній правялі сустрэчу, дзе абмяркоўвалі рэформу царкоўнага календара. Кіеў, Украіна. 24 снежня 2022 года.
Фота: ugcc.ua

Што за праблема?

З часоў Рымскай імперыі хрысціянскія цэрквы карысталіся юліянскія календаром, які яшчэ да нашай эры ўвёў рымскі дыктатар (такая была ў яго пасада) Гай Юлій Цэзар. Першыя стагоддзі гэты каляндар цалкам задавальняў грамадскія і рэлігійныя патрэбы, але ў ім была памылка, у выніку якой даты календара пачалі адставаць ад прыроды. У прыватнасці, пачала змяшчацца дата вясновага раўнадзенства, ад якой залежыць вылічэнне Вялікадня – найгалоўнейшага хрысціянскага свята. У XVI стагоддзі розніца паміж рэальным і каляндарным раўнадзенствамі складала ўжо 10 дзён.

Каб выправіць гэтую памылку Папа Рымскі Рыгор XIII у 1582 годзе правёў каляндарную рэформу і ўвёў у дзеянне новы каляндар, які ад ягонага імя атрымаў назву грыгарыянскага. У выніку пасля 4 кастрычніка ў каталіцкім свеце наступіла 15 кастрычніка. Гэтым календаром свет карыстаецца і да сёння.

Але не паўсюль адразу прынялі такія змены. Нават у Еўропе супраціў ягонаму ўвядзенню захоўваўся доўгі час у пратэстанцкіх і праваслаўных краінах. Вялікая Брытанія, напрыклад, перайшла на яго ў 1752 годзе, а Расея – у 1918-м.

Рэч Паспалітая была сярод тых краінаў, што ўвяла грыгарыянскі каляндар яшчэ ў 1582 годзе. Але зноў жа пратэстанцкія і праваслаўныя колы краіны паставіліся да яго варожа. Адбыліся каляндарныя бунты, напрыклад, у Рызе і Полацку. У выніку ўлады Рэчы Паспалітай дазволілі праваслаўным і ўніятам, якія ўтварыліся ў 1596 годзе ў выніку аб’яднання часткі Праваслаўнай царквы з Рымам, захоўваць у сваім богаслужэнні юліянскі каляндар. Апошні ж быў зноў уведзены ў нашых краях пасля акупацыі частак Рэчы Паспалітай расейскімі войскамі ў XVII-XVIII стагоддзях.

Ні нашым, ні вашым

Тым часам юліянскі каляндар, якім працягвалі карыстацца праваслаўныя цэрквы і краіны, надалей назапашваў памылку. У ХХ стагоддзі ён адставаў ад грыгарыянскага на 13 дзён, а з ХХІI стагоддзя розніца складзе ўжо 14 дзён.

Як гэта выглядае на практыцы? Даты галоўных святаў у хрысціянскіх цэрквах адзначаюцца ў адзін дзень, напрыклад, Раство і ў каталікоў, і ў праваслаўных – 25 снежня. Але з прычыны розніцы календароў 25 снежня паводле юліянскага календара прыпадае на 7 студзеня паводле грыгарыянскага. То бок, калі адныя ўжо святкуюць, іншыя толькі трываюць у посце. Праз 80 гадоў, калі памылка дадасць яшчэ адзін дзень, «юліянскае» Раство перамесціцца яшчэ далей – на 8 студзеня ў грыгарыянскім календары.

Бачачы гэтую праблему, праваслаўныя цэрквы ўвялі свой новаюліянскі каляндар, у якім даты нерухомых святаў (як Раство) супадаюць з грыгарыянскім календаром, а рухомых (як Вялікдзень) – з юліянскім. Сёння ім карыстаюцца Албанская, Александрыйская, Антыяхійская, Балгарская, Грэцкая, Канстанцінопальская, Кіпрская і Румынская праваслаўныя цэрквы. Рэшта надалей ужывае яшчэ рымскі юліянскі каляндар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітрапаліт Епіфаній трымае у руках дзікірый (падсвечнік з дзвюма свечкамі) і крыж падчас службы ва Успенскім саборы Кіева-Пячорскай лаўры з нагоды Нараджэння Хрыстовага. Кіеў, Украіна. 7 студзеня 2022 года.
Фота: Белсат

Сярод тых, хто працягвае карыстацца старым календаром, – Расейская праваслаўная царква, да якой належыць і Беларуская праваслаўная царква, Украінская праваслаўная царква, што выйшла з РПЦ у траўні 2022 года, і нават Праваслаўная царква Украіны. Больш за тое, захоўвае юліянскі каляндар Украінская грэка-каталіцкая царква, што паходзіць з Уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай. Дарэчы, беларускія грэка-каталікі яшчэ з 1990-х карыстаюцца грыгарыянскім календаром. Таксама на постсавецкай прасторы паводле «старога стылю» жывуць і некаторыя пратэстанцкія канфесіі.

Назад у будучыню

Ва Украіне размовы пра неабходнасць пераходу цэркваў на больш сучасны – новаюліянскі ці грыгарыянскі календары – вяліся ўжо не адзін год. Але да справы гэта не даходзіла. Працэс «вестэрнізацыі» календара паскорыла расейскае ўварванне 24 лютага 2022 года. Ужо ўлетку мінулага года пра пераход на новы стыль паведамілі найбуйнейшыя пратэстанцкія аб’яднанні – Усеўкраінскі саюз цэркваў евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў і Украінская царква хрысціянаў веры Евангельскай.

Неўзабаве справа дайшла і да больш традыцыйных канфесіяў Украіны – праваслаўных і грэка-каталікоў.

Два этапы УГКЦ

6 лютага 2023 года рашэнне пра пераход на новаюліянскі каляндар абвясціла Украінская грэка-каталіцкая царква. Адбудзецца гэта з 1 верасня, калі ва УГКЦ пачынаецца літургічны год. Пасля гэтага ўкраінскія грэка-каталікі будуць святкаваць нерухомыя святы (Раство, Вадохрышча, Дабравешчанне і іншыя) паводле «новага стылю», а Вялікдзень і прывязаныя да яго – паводле «старога». Тым прыходам, якія не гатовыя да такой рэформы, дазволена да верасня 2025 года захоўваць юліянскі каляндар.

Ва УГКЦ адзначылі, што праводзяць каляндарную рэформу ў два этапы. Пакуль адносна святкавання нерухомых святаў зроблены першы крок.

«У 2025 годзе будзе адзначацца 1700-годдзе Першага Сусветнага Сабора. Рыхтуючыся да гэтага юбілею, вядзецца сумесная праца ў дыялогу паміж Рымам і Канстанцінопалем над абноўленай Пасхаліяй, згодна з якой усе хрысціяне свету будуць святкаваць Вялікдзень у адзін дзень», – заявілі ў царкве.

І дадалі: каляндарную рэформу падтрымлівае 90% украінскіх грэка-каталікоў.

«Гэта значыць жаданне і запатрабаванне каляндарнай рэформы апынулася нашмат вышэйшым, чым мы маглі спадзявацца, і гэта не можа не цешыць», – распавёў кіраўнік УГКЦ архіепіскап Святаслаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Добраслаўленне кулічоў у Архікафедральным саборы Святога Юра ў Львове, Украіна. 23 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Пры гэтым ва УГКЦ адзначылі, што каляндарнай рэформе паспрыяла агрэсія з боку Расеі:

«З прычыны вайны пытанне календара ўжо не так падзяляла, як аб’ядноўвала людзей. Аднадушнасць украінцаў пачала расці».

Праваслаўныя не адстаюць

Украінскія грэка-каталікі спадзяюцца, што да рэформы календара прыйдуць і ва аўтакефальнай Праваслаўнай царкве Украіны. І там ужо рухаюцца ў гэтым кірунку.

2 лютага Сінод ПЦУ прыняў пастанову, якой дазволіў парафіям і манастырам выкарыстоўваць новаюліянскі каляндар. Праўда, для гэтага ім трэба яшчэ прагаласаваць за такое рашэнне і падаць прашэнне ў Сінод, які ўжо будзе прымаць канчатковае рашэнне.

Тым не менш, кіраўніцтва дапускае, што змены могуць наступіць хутчэй.

«Летась я казаў, што гэта патрабуе часу, патрэбна некалькі гадоў, але ў сувязі з вайной мы бачым, што гэты працэс адбываецца вельмі хутка і дынамічна. Таму мы адгукаемся на просьбу нашых вернікаў», – адзначыў кіраўнік ПЦУ мітрапаліт Епіфаній.

Паводле яго, «колькасць тых, хто хоча зменаў, магчыма, нават большая, чым тых, хто хоча заставацца пры старым стылі».

Мітрапаліт Белацаркоўскі Яўстрацій адзначыў у Facebook, што пытанне каляндарнай рэформы ў ПЦУ ўжо вынесенае на разгляд Архірэйскага сабору, які мае адбыцца ў траўні.

«Да 1 верасня, калі пачынаецца новы царкоўны год, час яшчэ ёсць. На маю думку, як аднаго з членаў Архірэйскага Сабора, ёсць усе аргументы і падставы прыняць станоўчае рашэнне, адначасова забяспечыўшы магчымасць ахвочым супольнасцям захаваць папярэднюю каляндарную традыцыю», – заявіў Яўстрацій.

Аналітыка
Царква разладу. Чаму і навошта ўкраінскія ўлады ўзяліся за УПЦ
2023.01.07 07:00

А вось Украінская праваслаўная царква, якая ў траўні 2022 года заявіла пра выхад з РПЦ, чаму ўкраінскія ўлады не вераць, пакуль не абвяшчала пра свае планы адносна каляндарнай рэформы. Верагодна, такія варыянты там нават не разглядаюцца. Як не збіраецца рабіць гэтага Беларуская праваслаўная царква, што застаецца ў складзе Маскоўскага патрыярхату.

«Падалей ад Масквы»

Грэка-каталіцкі святар-рэдэмптарыст Львоўскай правінцыі Сяргей Ганчароў у размове з «Белсатам» адзначыў, што да поўнамаштабнай расейскай агрэсіі пытанне рэформы календара таксама абмяркоўвалася, але больш у багаслоўскіх колах. Таксама збіраліся подпісы і звароты, але толькі каля паловы вернікаў была гатовая да зменаў.  Вайна паскорыла шмат якія працэсы, у тым ліку патрэбу рэформы.

Паводле святара, шмат украінцаў згодныя на гэтую рэформу паводле прынцыпу «падалей ад Масквы і быць з усім светам». Але, падкрэслівае ён, гэта не з’яўляецца асновай рэформы, хоць і дапамагае яе правядзенню. Рэальная патрэба рэформы – гэта адпаведнасць праўдзе.

«Праўда пра каляндар наўпрост пішацца на небе, бо каляндар залежыць ад астранамічных справаў, а не тэалагічных. Каляндар – гэта не догма веры, а тое, што мы маем ад прыроды. Царкоўны каляндар быў проста прывязаны да таго календара, які быў актуальны ў той час», – адзначыў айцец Сяргей.

На заканчэнне сустрэчы кіраўнікі УГКЦ і ПЦУ абмяняліся каляднымі віншаваннямі і падарункамі. Кіеў, Украіна. 24 снежня 2022 года.
Фота: ugcc.ua

Ён нагадаў, што некаторыя епархіі і мітраполіі УГКЦ за мяжой ужо некалькі гадоў, як перайшлі на грыгарыянскі каляндар. Цяпер першы крок зрабіла і царква ў самой Украіне. Другі крок будзе залежыць у тым ліку ад тых перамоваў, якія вядуць паміж сабой Рыма-каталіцкая царква, усходнія каталіцкія цэрквы і праваслаўныя цэрквы адносна вызначэння карэктнай пасхаліі.

«У 2025 годзе ёсць надзея і працэсы да гэтага ідуць, што адбудуцца змены ў вылічэнні пасхаліі для ўсіх цэркваў. Мы на гэта таксама спадзяемся», – паведаміў святар.

Пры гэтым ён не выключае, што некаторыя праціўнікі каляндарнай рэформы будуць спрабаваць «пацягнуць» людзей у раскол. Але раней розныя спробы расколу ва УГКЦ не здолелі назбіраць шмат паслядоўнікаў, адзначыў айцец Сяргей.

Таксама парафіям, пакуль не гатовым да змены календара, дадзены пераходны час.

«Каляндар – гэта не догма. Калі б мы ні святкавалі Божае Нараджэнне, ці Уваскрэсенне, вялікай розніцы няма, калі ты вернік. Ты верыш проста ў Хрыста, народжанага і паўсталага з мёртвых. Іншая справа – гэта адпаведнасць календара рэальнасці», – падкрэсліў суразмоўца.

Пры гэтым ён адзначыў, што ва УГКЦ ёсць «больш-менш высокі ўзровень катэхізацыі і ўсведамлення», а эмоцыі перадусім скіраваныя за пераход на новы каляндар, чым за захаванне старога. Таму, спадзяецца айцец Сяргей, «розум мае перамагчы».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў