Ксяндзу з Валожына змянілі меру стрымання: ён заключаны пад варту


Каталіцкі святар Генрых Акалатовіч афіцыйна заключаны пад варту. Пра гэта паведамляе Katolik.life. Аднак артыкул, паводле якога яго абвінавачваюць, дагэтуль застаецца не вядомым.

Ксёндз Генрых Акалатовіч.
Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

6 снежня мінула 20 дзён з часу затрымання пробашча рыма-каталіцкай парафіі Святога Юзафа ў Валожыне ксяндза Генрыха Акалатовіча. За гэты час яму павінны былі або выставіць крымінальнае абвінавачванне, або выпусціць на волю. І, паводле крыніц выдання, святару абралі мера ўтрымання ў выглядзе заключэння пад варту, то бок, яму выставілі абвінавачванне.

Артыкул Крымінальнага кодэксу пакуль не называецца, але тэрмін выстаўлення абвінавачвання ў 20 содняў з моманту затрымання прадугледжаны паводле шэрагу «антыдзяржаўных» артыкулаў – такіх як шпіянаж, здрада дзяржаве. Але што менавіта ставіцца святару ў віну, застаецца невядомым.

Аналітыка
«Прашу запісаць у пратаколе: я – шпіён Божы». Як ксяндзоў вінавацяць у здрадзе дзяржаве
2023.12.04 07:20

Пра тое, што ў Валожыне затрыманы ксёндз Генрых Акалатовіч, 17 лістапада паведаміла «Хрысціянская візія». На наступны дзень яна заявіла са спасылкай на свае крыніцы, што затрыманне адбывалася ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Санкцыя артыкулу прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Інфармацыю пра затрыманне святара 24 лістапада пацвердзіла і Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Там адзначылі, што ксёндз «у сувязі з затрыманнем на дадзены момант не можа выконваць душпастырскіх абавязкаў».

У гэты ж дзень адбылася сустрэча міністра замежных справаў Сяргея Алейніка з Апостальскім Нунцыем (амбасадарам Ватыкану) арцыбіскупам Антэ Ёзічам. Паводле афіцыйнага прэс-рэлізу МЗС, сярод іншага «бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковай супрацы». Дэталі гэтага не ўдакладняюцца, аднак можна меркаваць, што гаворка магла ісці і пра справу затрыманага ксяндза.

Святар перанёс інфаркт, і нядаўна яму была зробленая аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем. Яму патрэбнае медычнае назіранне і пастаянны прыём лекаў. Яму ўдалося перадаць толькі бялізну, сродкі гігіены, ручнік і таблеткі. Адваката, з якім падпісаная дамова для абароны святара, да яго не дапускалі і выкарыстоўвалі ў працэсуальных дзеяннях дзяжурнага адваката.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў