Як санкцыі ЗША супраць Расеі могуць «зрыкашэціць» у Беларусь


Злучаныя Штаты рыхтуюць санкцыі супраць атачэння Пуціна за дзеянні супраць Украіны. Разглядаюць нават адключэнне банкаў ад SWIFT. Беларусь можа пацярпець нават тады, калі не будзе чыніць агрэсіі супраць Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ilya Naymushin / Reuters / Forum

Паводле звестак CNN, перад размовай кіраўнікоў ЗША і Расеі амерыканскія чыноўнікі пачалі разглядаць санкцыі супраць атачэння Уладзіміра Пуціна – выведка кажа, ён рыхтуе ўварванне ва Украіну.

Рашэнні яшчэ не прынятыя, але санкцыі могуць быць скіраваныя супраць асобных алігархаў, энергетычнага сектару, расейскіх банкаў і расейскага вонкавага доўгу. «Ядравы варыянт» – адключэнне расейскіх банкаў ад сістэмы SWIFT.

Паўгода таму Еўрапарламент заклікаў адключыць беларускія банкі ад SWIFT. Супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўжо ўведзеныя і персанальныя, і сектаральныя санкцыі Еўразвязу, ЗША і іншых краінаў, рыхтуюцца новыя санкцыі. Беларусь таксама ўспрымаюць як крыніцу расейскай пагрозы Украіне, дапускаючы ўварванне з тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка намякаў, што ў расейска-ўкраінскай вайне – будзе на баку Расеі.

Hавiны
Кіеў рыхтуецца да міграцыйнага крызісу, які Менск раней арганізоўваў на мяжы з Літвой і Польшчай
2021.12.06 17:02

Тры шляхі «рыкашэту»

Санкцыі супраць Расеі могуць паўплываць і на беларускую эканоміку, тлумачыць «Белсату» дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч.
Фота: Svaboda.org

Санкцыі, якія разглядаюць ЗША, могуць істотна ўскладняць эканамічнае развіццё Расеі – наўрад ці проста разбураць эканоміку, але створаць шмат праблемаў. Напрыклад, адключэнне ад SWIFT, нават пры тым, што ёсць шляхі абыходу санкцыяў, павялічыць нагрузку на фінансавую сістэму, з’явяцца дадатковыя выдаткі на перавод сродкаў, Расея стане менш прывабнай для міжнароднага бізнесу – а Беларусь вельмі моцна залежыць ад Расеі і расейскай эканамічнай кан’юнктуры.

«Залежнасць Беларусі ад Расеі шматузроўневая, – тлумачыць Казакевіч. – Па-першае, Расея – гэта каля паловы беларускага таваразвароту і асноўны рынак збыту, дзе многія беларускія вытворцы зарабляюць асноўныя грошы.

Гэта таксама вельмі істотны рынак працы, там працуе вялікая колькасць беларусаў. Дакладных лічбаў мы не ведаем, бо афіцыйная статыстыка недакладная, але гэта сотні тысяч тых, хто так ці інакш завязаны на працы ў расейскіх рэгіёнах. Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі значыць, што яны будуць вяртацца ў Беларусь або скарачаць пералічэнні на радзіму. Скарачэнне паступлення сродкаў з-за мяжы – таксама патэнцыйна праблема для многіх хатніх гаспадарак.

І праблема доступу да тэхналогіяў: санкцыі могуць яшчэ больш абмежаваць доступ Расеі да розных тэхналогіяў, якія могуць узмацняць ейны вайсковы патэнцыял. Адпаведна, гэтыя тэхналогіі перастануць быць даступнымі для Беларусі як асноўнага саюзніка Расеі».

Эканаміст Леў Марголін кажа «Белсату», што таксама сумняецца ў тым, што санкцыі ў сувязі з дзеяннямі Расеі супраць Украіны закрануць Беларусь наўпрост – Беларусь мае сваю «крэдытную гісторыю».

Леў Марголін.
Фота: прэс-служба АГП

Акрамя Міхаіла Гуцэрыева, Марголін не згадвае расейскіх алігархаў, санкцыі супраць якіх наўпрост маглі б ударыць па Беларусі – а Гуцэрыеў і так ужо пад санкцыямі. Хіба калі будуць прымацца сектаральныя санкцыі супраць усёй расейскай нафтаздабычы, можа пацярпець той жа Мазырскі НПЗ, які яшчэ не трапіў пад санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і вялікую долю ў якім мае расейская «Славнефть».

Ды ён згадвае ідэю «беларускіх контрсанкцыяў» супраць Еўразвязу і ЗША: магчыма, збіраюцца забараніць увоз нейкіх тавараў і замяніць іх расейскімі, а таксама зрабіць Расею крыніцай «шэрых» паставак падсанкцыйных тавараў у Беларусь. Санкцыі супраць Расеі могуць сапсаваць гэткую схему.

Hавiны
Беларускія ўлады чакаюць паратунку эканомікі ад БелАЭС, экспарту ў Кітай і Афрыку. Атрымаецца?
2021.12.07 02:06

Беларускую эканоміку могуць пакараць і наўпрост – праз SWIFT

Мяркуючы з заяваў амерыканскіх палітыкаў і з паведамленняў у амерыканскіх медыях, санкцыі могуць быць уведзеныя супраць расейскіх алігархаў. Але персанальныя санкцыі не будуць несці непасрэднага ўплыву на беларускую эканоміку, разважае Казакевіч. Санкцыі супраць энергетычнага сектару Расеі таксама наўрад ці распаўсюдзяцца на Беларусь «аўтаматычна», і падсанкцыйныя расейскія кампаніі могуць нават менш баяцца ўзаемадзейнічаць з падсанкцыйнымі беларускімі.

Санкцыі супраць некаторых сектараў расейскай эканомікі могуць наўпрост закрануць беларускія прадпрыемствы, але пра гэта рана разважаць: трэба глядзець, супраць чаго менавіта ўвядуць санкцыі, калі іх увядуць.

А калі раптам будзе ініцыяванае адключэнне расейскіх банкаў ад SWIFT, наступствы будуць вельмі сур’ёзныя і для Беларусі нават наўпроставыя, тлумачыць Казакевіч: значная частка беларускага банкаўскага сектару фактычна належыць расейскім банкам. Значыць, санкцыі ЗША супраць Расеі будуць распаўсюджвацца і на беларускія банкі.

Глабальнае пытанне
Што рабіць з грашыма, каб Лукашэнка не забраў
2021.12.06 17:49

У Расеі ўжо ствараюць свае «аналагі SWIFT»: карткі «Мір» і Сістэму перадачы фінансавых паведамленняў (СПФС). Яе паступова інтэгруюць у беларускую банкаўскую сістэму, але толькі з пачатку 2022 года ад беларускіх банкаў стануць патрабаваць прымаць карткі сістэмы «Мір», калі яны працуюць з «Белкарт». Да СПФС падключаныя амаль усе беларускія і расейскія банкі, але СПФС яшчэ не запусцілася на поўную моц нават у Расеі: долю аперацыяў у ёй у Расеі збіраюцца давесці да 30 % да 2023 года. Залежнасць ад SWIFT застаецца высокай: банкі за межамі «саюзнай дзяржавы» да СПФС амаль не падключаюцца. Адключэнне ад SWIFT будзе для расейскіх банкаў шокам, перакананы Казакевіч.

Без SWIFT, тлумачыць Марголін, расейскія банкі будуць мець вялікія праблемы з плацяжамі ў доларах ЗША і, напэўна, у еўра. А падсанкцыйныя беларускія прадпрыемствы разглядалі як варыянт правядзенне плацяжоў праз Расею – ужо цяпер беларускія банкі адкрываюць карэспандэнцкія рахункі ў расейскіх банках. Расейскія праблемы са SWIFT сапсуюць такія схемы.

АА belsat.eu

Стужка навінаў