Разведслужбы ЗША вызначылі, што Расея плануе магчымы ваенны наступ на тэрыторыю Украіны, які можа пачацца ў пачатку 2022 года. Пра гэта паведамляе агенцтва Associated Press са спасылкай на сваю крыніцу ў адміністрацыі ЗША.
Паводле ацэнак разведкі, Расея плануе размясціць на мяжы каля 175 тысяч вайскоўцаў. Амаль палова з іх ужо размешчана ў розных кропках каля мяжы з Украінай, па словах прадстаўніка адміністрацыі Байдэна. Паведамляецца, што расейскія планы «прадугледжваюць перакідку 100 батальённых тактычных груп разам з бронетэхнікай, артылерыяй і абсталяваннем».
Супрацоўнікі спецслужбаў таксама заўважылі рост расейскай прапаганды за кошт выкарыстання давераных асоб і сродкаў масавай інфармацыі для «ачарнення» Украіны і НАТА напярэдадні патэнцыйнага ўварвання.
Афіцыйныя асобы ЗША і былыя амерыканскія дыпламаты кажуць, што, хоць Пуцін відавочна закладвае аснову для магчымага ўварвання, украінскія вайскоўцы сёння лепш узброеныя і падрыхтаваныя, чым у мінулыя гады, і санкцыі, якімі пагражае Захад, нанясуць сур’ёзную шкоду эканоміцы Расеі. Па іх словах, застаецца незразумелым, ці мае намер Пуцін пайсці на рызыкоўнае наступленне.
Раней у пятніцу, 3 снежня, Байдэн паабяцаў зрабіць «вельмі і вельмі цяжкім» для Пуціна ваенныя дзеянні на Украіне і заявіў, што новыя ініцыятывы яго адміністрацыі накіраваны на стрымліванне расейскай агрэсіі.
«Мы ведалі аб дзеяннях Расеі на працягу доўгага часу, і я чакаю, што ў нас будзе доўгая дыскусія з Пуціным», – сказаў Байдэн.
Нагадаем, тэлефонная размова Пуціна і Байдэна запланавана на вечар аўторка, 7 снежня.
Байдэн і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама папярэдне дамовіліся аб сустрэчы на наступным тыдні.
АД, belsat.eu