«Па-першае, гэта абсурд». Што не так з поўным замарожваннем цэнаў у Беларусі, і што рабіць беларусам


Ранкам 6 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка забараніў рост цэнаў. Шмат якія грамадзяне з яго толькі пасмяяліся, але пад вечар урад сапраўды афіцыйна забараніў павышаць цэны сваёй пастановай, а на раніцу Лукашэнка «дазабараніў» рост цэнаў яшчэ і дырэктывай. Чаго чакаць ад гэтых рашэнняў?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Савецкая крама, 1986 год.
Фота: Московский дом фотографии / russiainphoto.ru, CC BY 4.0

З эканомікай усё напраўду кепска

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за студзень – жнівень 2022 года цэны ў Беларусі выраслі амаль на 18 % адносна студзеня – жніўня 2021 года. Міністэрства гандлю тлумачыла: вінаватыя мяса, малако, алкаголь і камуналка. Намінальны сярэдні заробак у жніўні крыху вырас адносна ліпеня, але рэальныя заробкі за год зменшыліся на 4 %, а рэальныя даходы (з папраўкаю на тое, што на заробкі можна купіць) упалі ўжо мацней, чым цягам крызісаў 2011 і 1999 гадоў.

У сваёй дырэктыве Аляксандр Лукашэнка прызнае, што «ў краіне склалася напружаная сітуацыя з ростам цэнаў», а інфляцыя «значна перавысіла прагнозны паказнік і стала прычынаю зніжэння даходаў у рэальным выражэнні». Калі гэта «нівелюе дзеянні ўраду ў павышэнні заробкаў і пенсіяў», то трэба забараніць рост цэнаў. Зусім. Бестэрмінова. Нельга нават спыняць акцыяў і распродажаў. Цяпер толькі міністэрствы і выканкамы могуць дазволіць падняць цану.

Камітэт дзяржаўнага кантролю ўжо анансаваў «маштабныя маніторынгі для праверкі цэнаў у гандлёвых аб’ёктах». Тым, хто павышае цэны, Дзяржканроль прыгразіў «самымі жорсткімі захадамі, да крымінальных справаў». Міністэрства гандлю анансавала спецыяльную анкету на сваім сайце для паведамлення пра рост цэнаў. Прадпрымальнікам пагражаюць крымінальнай адказнасцю.

Hавiны
Лукашэнка падпісаў дырэктыву, якая забараняе павышаць кошты. Але гэта супярэчыць закону
2022.10.07 14:03

Гэта зусім не пра эканоміку

Кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін кажа «Белсату», што забарона павышаць цэны – не эканамічнае рашэнне, а палітычнае:

«Цэны растуць, беларускі народ гэтым не задаволены. З гэтым трэба нешта рабіць. Што рабіць, калі нічога зрабіць не можаш? Калі ты Лукашэнка, ты ладзіш шоу».

У гэтым шоу «добры цар» бароніць народ «ад злых чыноўнікаў і злых комерсаў», якія «між сабой дамовіліся і п’юць кроў народную».  Гэта «серыял», адзначае эканаміст: колькі Лукашэнка ва ўладзе, столькі ён і змагаецца з ростам цэнаў. Кавалкін згадвае фразу, якую прыпісваюць Лукашэнку: «Толькі ўзяўся за яйкі, як адразу масла прапала».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Савецкая крама, 1981 год.
Фота: Московский дом фотографии / russiainphoto.ru, CC BY 4.0

«З гледзішча эканомікі, па-першае, гэта абсурд. Цэны – гэта вынік прапановы і попыту. Калі хочаш неяк паўплываць на цэны, павялічвай адно і зніжай іншае, будуць іншыя цэны, – каментуе Кавалкін. – Звычайна, калі цэны растуць, дапамагаюць тым, хто не можа асіліць гэтых цэнаў.  Калі цэны растуць праз тое, што склалася манаполія або нейкая змова ёсць на рынку, працуюць над павелічэннем канкурэнцыі.  Калі сітуацыя выправілася, зноўку цэны адпускаюць. Так выглядае эканамічны падыход».

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч прагназуе дэфіцыт тавараў і ўтварэнне чорнага рынку з вышэйшымі цэнамі, перанакіраванне беларускіх тавараў з унутранага рынку на экспарт і змяншэнне легальнага імпарту са з’яўленнем «шэрага імпарту». Ён раіць уладам не замарожваць цэны, а стымуляваць прапанову: напрыклад, часова панізіць падатак на дададзеную вартасць і акцызы, даваць эканамічныя стымулы для адкрыцця новых вытворчасцяў і выкарыстання энергазберагальных тэхналогіяў. А адміністрацыйнымі загадамі не спыніць росту цэнаў, які ў Беларусі ўжо рэкордны сярод еўрапейскіх краінаў.

 Як гэта рэалізуюць?

Эканаміст Леў Марголін кажа «Белсату», што Беларусь мае дастаткова чыноўнікаў, каб рабіць рэйды па крамах, і дастаткова ахвочых паведамляць чыноўнікам пра тых, хто павысіў цэны. Яшчэ хапае людзей, якія лічаць: калі растуць цэны, дык на гэтым нажываюцца прадпрымальнікі. Праверкі і даносы – іншых шляхоў кантролю цэнаў эканаміст не можа ўявіць.

Крамы мала што могуць зрабіць у гэтай сітуацыі, разважае ён. Але ім і не вельмі трэба нешта рабіць: яны ўжо набылі тавар за нейкую цану, пытанне толькі ў тым, колькі заробяць на нацэнцы. Калі трэба будзе набываць новы тавар, будуць ужо глядзець, што больш выгадна купляць.

У больш складанай сітуацыі вытворцы. Ды Марголін мяркуе, што яны ведаюць, як выходзіць з сітуацыі: калі нельга павышаць цану, выпускаецца новы тавар, які можна зрабіць даражэйшым. Быў хлеб з кменам за 1,39 рубля – можна дадаць новы інгрэдыент і прасіць чыноўнікаў даць цану 1,59. Эканаміст прагназуе, што ў такім вымушаным становішчы міністэрствы зацвердзяць цэны на новы від тавару. Найцяжэй будзе вытворцам простай прадукцыі, як то малаказаводам, якія не змогуць выдумаць новай прадукцыі.

Калі не ўдасца падняць цану такім чынам, то нейкія тавары знікнуць з продажу. Але, лічыць Марголін, адносна нейкіх тавараў вытворцы будуць патрабаваць ад дзяржавы кампенсацыі стратаў, а дзяржаве давядзецца пагадзіцца – іначай вытворцы будуць працаваць без прыбытку, несці страты, не змогуць набываць сыравіну і плаціць заробкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крама радыётавараў, закрытая на пераўлік, 1980 год.
Фота: Павел Сухарев / russiainphoto.ru, CC BY 4.0

На думку Кавалкіна, забарона росту цэнаў будзе ажыццяўляцца менавіта ў фармаце шоу: чыноўнікі паспрабуюць паказаць, што насамрэч нешта робяць, знойдуць у нейкай краме высокія цэны, запусцяць туды Міністэрства гандлю ці ГУБАЗіК, дэманстратыўна кагосьці затрымаюць, як было ў «Белагра» , знойдуць «экстрэмісцкую сімволіку», прапагандыст Грыгорый Азаронак звінаваціць супрацоўнікаў крамы ў «здрадзе дзяржаве» і «змове з польскімі панамі»… Да рэальнасці гэта не будзе мець дачынення, перакананы Кавалкін.

Паступова вернуцца «старыя добрыя савецкія практыкі», мяркуе эканаміст: тавары будуць знікаць з крамаў і з’яўляцца ў фарцоўнікаў, якія наладзяць кантакты з дробнымі вытворцамі і будуць самі прадаваць нешта людзям. У познім СССР гэта працавала, калі гандляваць яшчэ было забаронена, а ўсе хацелі купіць замежныя джынсы ці новую кружэлку «The Beatles».

Як доўга гэта будзе працягвацца? Кавалкін кажа, пытанне не да эканамістаў і нават не да палітолагаў, а да псіхіятраў: гэта не эканоміка і не палітыка, а прагназаванне таго, з якім настроем прачнецца Лукашэнка на наступны дзень і ці дазнаецца ён, што замарожванне цэнаў выклікае дэфіцыт.

Што рабіць беларусам?

Папулярны Telegram-канал «Экономика Беларуси» прагназуе «поўны параліч гандлю ў краіне» і «перспектыву вяртання ў другую палову 1980-х». Тое, што ўчора ранкам здавалася «плявузганнем» без сур’ёзных наступстваў, пад вечар зрабілася абяцаннем сапраўднага жорсткага кантролю цэнаў. Канал раіць:

  • рабіць запасы любых тавараў;
  • знаходзіць кантакты вытворцаў і магчымасць купляць «міма касы»;
  • абдумаць магчымасць перадаваць у Беларусь пасылкі ад сваякоў з-за мяжы;
  • прыгадаць пра дачы і агароды, якія «ўратавалі нашую краіну ад голаду ў 1996–1998 гадах».

Марголін жа лічыць, што для такіх захадаў яшчэ няма падставаў: Беларусь збольшага сама сябе забяспечвае харчаваннем, і вытворцы або знойдуць шляхі абыходу пастановы, або будуць ціснуць на дзяржаўныя органы дзеля кампенсацыі стратаў.

Аналітыка
Навошта беларускія прадпрымальнікі перабіраюцца ў Польшчу, і што яны тут знаходзяць
2022.10.04 08:33

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў