Лукашэнка падпісаў дырэктыву, якая забараняе павышаць кошты. Але гэта супярэчыць закону


Аляксандр Лукашэнка 6 кастрычніка падпісаў спецыяльную дырэктыву № 10 «Аб недапушчальнасці росту цэнаў», паведамляе ягоная прэс-служба. Аднак, паводле беларускага юрыста Сяргея Зікрацкага, ужо існы закон «не дае права ні прэзідэнту, ні ўраду ўсталёўваць фіксаваных цэнаў на ўсе тавары».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Дакумент прыняты ў мэтах неадкладнага і жорсткага рэагавання на сітуацыю, якая склалася на спажывецкім рынку. Для абароны інтарэсаў грамадзянаў і арганізацыяў Беларусі, недапушчэння далейшага росту цэнаў, устанаўлення эфектыўнай сістэмы цэнавага кантролю і забяспечанасці ўнутранага спажывецкага рынку таварамі дырэктываю ўводзіцца забарона на павышэнне цэнаў і абавязацельствы па безумоўным насычэнні ўнутранага рынку таварамі і паслугамі», – паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

У дакуменце таксама сказана, што за парушэнне патрабавання не павышаць коштаў прадугледжаная адказнасць. «Асобы, вінаватыя ў невыкананні або неналежным выкананні патрабаванняў гэтай дырэктывы, нясуць адказнасць, аж да крымінальнай», – гаворыцца ў дакуменце.

Таксама паведамляецца, што да 20 кастрычніка пастаўленая задача на аснове прапановаў працоўнай групы зацвердзіць і ўвесці ў дзеянне «сістэму рэгулявання коштаў і забяспечыць эфектыўны кантроль за коштавай дысцыплінай». Для гэтага была створаная працоўная група на чале са старшынёй Савету Рэспублікі Наталляй Качанавай.

Юрыст Сяргей Зікрацкі пракаментаваў забарону на павышэнне цэнаў:

«Падазраю, што проста цяпер некалькі соцень юрыстаў чытаюць пастанову Саўміну аб часовых мерах дзеля стабілізацыі цэнаў і спрабуюць знайсці шчыліны, каб мець магчымасць гэтыя цэны падняць. А можна зрабіць прасцей. Дастаткова прыгадаць, што пастанова Саўміну павінна адпавядаць законам. І ўспомніць, што ёсць закон аб цэнаўтварэнні, які ў якасці аднаго з прынцыпаў цэнаўтварэння вызначае спалучэнне свабодных і рэгуляваных цэнаў».

«Закон не дае права ні прэзідэнту, ні ўраду ўсталёўваць фіксаваных цэнаў на ўсе тавары. А ў артыкуле 7 гэтага закону ўстаноўленыя выпадкі, калі магчымае ўсталяванне рэгуляваных цэнаў. Прэзідэнт можа вызначыць пералік тавараў, якія падлягаюць рэгуляванню, а ўрад можа вызначыць парадак іх рэгулявання. У сувязі з гэтым не варта, мабыць, нават шукаць шчыліны ў пастанове Саўміну. Яго не трэба выконваць першапачаткова», – напісаў Зікрацкі ў Facebook.

Тэлеграм-канал «Мотолько помоги» паведамляе, што прадпрымальнікам ужо пачалі дасылаць на подпіс дакумент «аб азнаямленні з персанальнай адказнасцю, аж да крымінальнай, аб забароне павышэння росту цэнаў з 6 кастрычніка 2022 года». Акрамя таго, ад прадпрымальнікаў таксама патрабуюць даць звесткі аб цэнах на тавары паводле стану на 6 кастрычніка з дадаткам ведамасцяў.

Крыніца: motolkohelp/Telegram

Нагадаем, у Беларусі 6 кастрычніка ўвялі забарону на павышэнне цэнаў і тарыфаў на ўнутраным рынку. Пасля нарады ў Лукашэнкі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падпісаў адпаведную пастанову. Камітэт дзяржаўнага кантролю ўжо анансаваў «маштабныя маніторынгі для праверкі цэнаў у гандлёвых аб’ёктах».

Абноўлена
У Беларусі сапраўды ўвялі мараторый на рост цэнаў пасля заявы Лукашэнкі. Будуць праверкі
2022.10.06 22:46

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў