На польскай мяжы затрымалі 24 фуры з яблыкамі, коштам больш за мільён долараў


Працаўнікі мытнай службы Беларусі не дапусцілі ўвозу польскімі фірмамі-перавозчыкамі буйных партыяў свежых яблыкаў, на агульную суму больш як 1 мільён долараў, паведамілі ў мытным ведамстве.

Затрыманыя польскія фуры з яблыкамі.
Фота: gtk.gov.by

Беларускія мытнікі паведамілі, што 24 грузавікі з яблыкамі рухаліся праз пункт пропуску «Казловічы». Аднак пры правядзенні мытнага кантролю кіроўцы фураў прадставілі фітасанітарныя сертыфікаты, якія не адпавядалі тавару, чым паставілі пад пытанне якасць і бяспеку яблыкаў, што ўвозяцца.

Агулам польскія перавозчыкі спрабавалі ўвезці праз беларуска-польскую мяжу каля 500 тон яблыкаў коштам 3,2 млн рублёў (гэта амаль 1,28 млн долараў).

Затрыманыя польскія фуры з яблыкамі.
Фота: gtk.gov.by

На перавозчыкаў завялі адміністратыўныя працэсы ў адпаведнасці з ч. 3 арт. 15.5 КаАП («Прадстаўленне мытнаму органу пры мытным дэклараванні тавараў недакладных звестак»). Каб гарантаваць выплату штрафу, на грашовыя сродкі перавозчыкаў, а гэта агулам каля 1 млн рублёў (прыкладна 352 тысяч долараў), накладзены арышт.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў