КДБ абнавіў «спіс тэрарыстаў». У ім – музыка Уладзіслаў Наважылаў і блогер Ілля Салянкоў


Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Беларусі абнавіў так званы «спіс тэрарыстаў», паведамляе «Вясна». У спіс дадалі прозвішчы яшчэ пяці беларусаў, у тым ліку саліста гурту «Gods Tower» Уладзіслава Наважылава і блогера Іллю Салянкова, якія не знаходзяцца зараз у Беларусі, але, паводле КДБ, абвінавачваюцца па арт. 130 КК («Распальванне варожасці»).

Уладзiслаў Наважылаў (Lesley Knife), вакаліст гурта «Gods Tower», змагар з бюракратыяй і абывацельскім мысленнем, падпольны пісьменнік, кінематаграфіст і паэт. Вільня, Літва. 7 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

У спіс «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» КДБ дадаў фігуранта «справы ЧКБ» і палітвязня Аляксандра Юшкевіча, а таксама Мікалая Галалюка, Уладзіміра Марозава, Іллю Салянкова і Уладзіслава Наважылава.

На сённяшні дзень у «тэрарыстычным спісе» КДБ 1141 асоба, 412 з іх – беларусы.

Пералік арганізацый і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, публікуецца на сайце КДБ, які з-за мяжы не адкрываецца. Падставы для ўключэння ў спіс прадугледжвае пастанова Савету Міністраў ад 30 снежня 2014 № 1256, паводле якой (п. 5) у яго дадаюць абвінавачаных і асуджаных грамадзянаў Беларусі і замежных дзяржаваў паводле 25 крымінальных артыкулаў.

Першымі, каго дадалі ў «спіс тэрарыстаў» з палітычных прычынаў, былі Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч. У спісе фігуруюць прозвішчы беларускіх палітыкаў Святланы Ціхноўскай, Паўла Латушкі, палітзняволеных Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Марыны Золатавай, Анджэя Пачобута, Сяргея Ціханоўскага ды многіх іншых.

Трэба пагаварыць
«Віктар Бабарыка спецыяльна не ўзяў ахову». Што рабіць, калі з вязнем знікла сувязь?
2024.01.31 18:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў