Выбух у жылым доме Полацкага раёну: версія пра выбух газавага балону не пацвердзілася


5 снежня ў доме аграгарадку Захарнічы адбыўся выбух, у выніку якога моцна пацярпелі двое жыхароў. Паводле папярэдняй інфармацыі, выбухнуў газавы балон. Але пазней аказалася, што ён цэлы.

Разбураная сцяна шматкватэрнага дому ў аграгарадку Захарнічы Полацкага раёну.
Фота: mchs.gov.by

Увечары 5 снежня ратавальнікі выехалі на выклік, у якім паведамлялася аб выбуху, што адбыўся на другім паверсе шматкватэрнага дома ў аграгарадку Захарнічы Полацкага раёну.

Да прыбыцця ратавальнікаў мясцовыя жыхары дасталі з-пад завалаў жанчыну 1940 года нараджэння. Пазней удалося выратаваць 47-гадовага мужчыну. Абодва жыхары былі дастаўленыя ў рэанімацыйнае аддзяленне Полацкай гарадской лякарні, іхны стан ацэньваецца як цяжкі, але стабільны.

У выніку выбуху абваліліся пліты перакрыцця другога паверху.
Фота: mchs.gov.by

Акрамя таго, з дому былі эвакуяваныя 11 жыхароў. Мясцовыя ўлады абяцаюць да канца дня рассяліць іх у часовае жытло.

Згодна з папярэдняй інфармацыяй, прычынай выбуху стаў газавы балон. Але як пацвердзілі спецыялісты «Полацкгазу», якія прыбылі на месца здарэння, цэласнасць устаноўкі звадкаванага газу і двухканфорачнай пліты не была парушаная. Краны на пліце і вентыль газавага балона былі закрытыя. Дзеля бяспекі газавы балон быў вынесены ратавальнікамі за межы жылога памяшкання.

Цяпер у доме працуюць следчыя, якія апыталі пацярпелых і відавочцаў. Праверку праводзіць Полацкі міжраённы аддзел Следчага камітэту. Следчыя збіраюцца надаць асаблівую ўвагу прычынам і ўмовам, якія спрыялі здарэнню.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў