Скандал з ЦЭ вычарпаны? Як палічылі другі цэнтралізаваны экзамен і пералічылі першы


Вынікі першага цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ) у Беларусі выклікалі скандал, на які рэагавалі Аляксандр Лукашэнка і Святлана Ціханоўская. Тыя вынікі пастанавілі пералічыць паводле іншай методыкі, а таксама лічыць паводле іншай методыкі вынікі другога ЦЭ. 5 чэрвеня вынікі другога ЦЭ сталі вядомыя. Глядзім, што атрымалася.

Падлетак з тэлефонам
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падлетак з тэлефонам.
Фота: cyndidyoder83 / Pixabay

Што было і стала з методыкамі падліку

За першы цэнтралізаваны экзамен (па расейскай ці беларускай мовах) спачатку выстаўлялі балы паводле хітрай схемы. На іспыце можна было атрымаць максімум 80 балаў, а вынік пералічвалі ў 100-бальную шкалу паводле такой схемы: ад 0 да 75 балаў уключна адзін бал роўны аднаму балу, 80 балаў ператвараюцца ў 100, а што адбываецца з баламі ад 76 да 79 – сакрэт.

Пасля абурэння бацькоў і вучняў (а таксама крытыкі экспертаў і нават Святланы Ціханоўскай) у справу ўмяшаўся Аляксандр Лукашэнка: загадаў тэрмінова зрабіць «звычайную, зразумелую сістэму» і вярнуцца праз тыдзень да разгляду гэтага пытання. Загад выканалі не даслоўна (Лукашэнка хваліў савецкую 5-бальную сістэму), але балы за першы ЦЭ пералічылі паводле той методыкі, якую выкарыстоўвалі на рэпетыцыйным тэставанні.

Новыя схемы пераводу апублікавалі на сайце Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў (РІКВ). Схемы ёсць як для першага ЦЭ, так і для другога.

З мовамі так было (чырвоным) і стала (сінім):

Пералік балаў ЦЭ па беларускай і расейскай мовах
Перавод балаў ЦЭ па беларускай і расейскай мовах. Чырвоным колерам – старая «скандальная» схема пераводу балаў, сінім колерам – новая схема. Выява: Белсат

Старая схема істотна заніжала балы для ўсіх, акрамя тых, хто адказаў на ўсе заданні цалкам правільна або цалкам няправільна. Напрыклад, калі паводле 80-бальнай шкалы вучань атрымаў 75 балаў, то атрымліваў 75 па 100-бальнай, а чакаў, магчыма, нешта бліжэй да 94 са 100, бо адказаў на 93,75 % ад максімальнага балу.

Новая сістэма пераліку не лінейная, але даволі блізкая да такой, у якой Х балаў паводле 80-бальнай шкалы дзялілі б на 80 і памнажалі на 100. Выніковыя балы выходзяць крыху завышаныя для тых, хто атрымаў ад 10 да 45 з 80 і крыху заніжаныя – ад 50 да 79. Нейкага заўважнага абурэння такою схемаю не было відаць. Хутчэй наадварот: у каментарах вучні цешацца перамозе.

Каментар
Экспертка Святлана Мацкевіч: Лукашэнка кіруе адукацыяй уручную, і яна даўно ідзе не туды
2023.06.03 00:10

Што з іншымі прадметамі

Для іншых прадметаў таксама прыдумалі схемы пераводу балаў – і яны не зусім лінейныя. Усе яны ёсць на сайце РІКВ. Новая сістэма дае невялікую перавагу тым, хто набраў менш балаў, але абурэння не чуваць.

Напрыклад, для матэматыкі схема выглядае так:

Пералік балаў ЦЭ па матэматыцы
Перавод балаў ЦЭ па матэматыцы. Сіняя лінія – схема пераводу з 50-бальнай шкалы ў 100-бальную. Шэрыя рыскі – калі б вынік паводле 50-бальнай шкалы пераводзілі ў 100-бальную лінейна, два балы за адзін. Выява: Белсат

Такая схема пераводу дае перавагу тым, хто атрымаў нізкі першасны бал, а для выдатнікаў робіць крыху больш высокую «цану памылкі». Напрыклад, за 20 першасных балаў па матэматыцы даюць не 40 выніковых, як было б пры лінейным пераводзе, а цэлых 60.

Асаблівы бонус далі тым, хто здаў біялогію, геаграфію ці хімію на нізкія балы. За 20 першасных балаў з 60 магчымых даюць не 33 выніковыя балы за 33,3 % магчымых першасных балаў, а ўсе 60 са 100.

Параўналі з гэтаю схемаю вынікі, якія школьнікі публікуюць у сацсетках: усё супадае. Гэтым разам не было памылковых вынікаў, як першы раз: тады вучням паказвалі і мінусавыя балы, і большыя за 100.

Агляд
«Адукацыя, не падобная да нашай савецка-наменклатурнай». Дзе беларусам вучыцца за мяжою
2023.05.30 09:00

Абурэння гэтаю схемай не відаць. У каментарах вучняў – шмат мацюкоў, але ўжо з іншым настроем, больш пазітыўна-здзіўленым. Мяркуючы з гэтых каментароў, менш за 50 выніковых балаў атрымалі ад чвэрці да траціны, а яшчэ ад чвэрці да траціны атрымалі 90–100 выніковых балаў.

Паводле Міністэрства адукацыі, роўна 100 выніковых балаў на другім ЦЭ атрымалі 765 вучняў. Агулам другі іспыт па ўсіх 13 прадметах здавалі 53 067 вучняў, на ўсе пытанні адказалі правільна 1,44 %.

У адрозненне ад вучняў, чыноўнікі і дзяржаўныя медыі не святкуюць перамогі. У асноўным каментары зводзяцца да таго, што і раней, і цяпер «памылак не было», што цяпер «прэтэнзіяў няма», а таксама да таго, што «да экзаменаў належыць добра рыхтавацца». Пра змену методыкі пераліку балаў паведамляюць без каментароў ці зусім пра гэта не згадваюць.

Наступны этап уступнай кампаніі – цэнтралізаванае тэставанне (ЦТ), якое пачнецца 14 чэрвеня.

Агляд
Уступная кампанія 2023 года ў Беларусі. Колькі каго куды бяруць і што варта ведаць
2023.05.25 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў