«Не сумняваюся ў тым, як вы лічылі». Лукашэнка не разумее, што чыноўнікі «нахамуталі» з вынікамі ЦЭ


6 чэрвеня на нарадзе, прысвечанай уступнай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не сумняваецца ў правільнасці падліку балаў цэнтралізаванага экзамену, аднак абвінаваціў чыноўнікаў у тым, што яны нешта «нахамуталі» з методыкаю падлікаў. З паведамленняў дзяржаўнага агенцтва БелТА вынікае, што налета правілы паступлення ў ВНУ зноў могуць змяніць.

ЦТ у Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі.
Фота: mogilev-region.gov.by

Правяранне паказала, што тэхнічнага збою не было, і балы палічылі правільна, заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

«Сістэма падліку балаў, што ўжывалася на цэнтралізаваным тэставанні з 2019 года, спрацавала правільна, і я не сумняваюся ў тым, як вы там лічылі. Мае прэтэнзіі ў тым, што людзі вас не разумеюць: ані будучыя студэнты, абітурыенты, ані бацькі, ані іншыя людзі – што вы там нахамуталі, напрыдумвалі», – сказаў палітык.

Ён абвінаваціў чыноўнікаў у тым, што яны стварылі занадта мудрагелістую сістэму замест зразумелай і простай, і заклікаў іх не баяцца прызнаць памылку.

«Чаго мы хаваемся і віляем хвастом перад грамадствам? Дапусцілі памылку? Так, дапусцілі – выправілі, своечасова паправілі, дзякуючы тым жа людзям, якія на гэта адрэагавалі», – заявіў Лукашэнка.

Разбор
Скандал з выпускнымі экзаменамі: у чым першапрычына і што рабіць бацькам і вучням
2023.05.30 17:36

Акрамя таго, ён паставіў пад сумнеў ідэю з адным экзаменам – фактычна і выпускным, і ўступным:

«Я як былы настаўнік разумею, што іспыт у школе – гэта вянец усяму. Ішлі як на свята, настаўнікі задаволеныя. Нічога дрэннага там не было. Мы прыбралі самы галоўны вынік работы ў школах і павезлі дзяцей у нейкія зборна-прыёмныя пункты здаваць цэнтралізаваны іспыт».

Палітык запатрабаваў «жалезабетонна» вызначыцца з правіламі паступлення ў ВНУ налета.

«Ці мы пойдзем зноў шляхам цэнтралізаванага тэставання, калі сядзіш там і часам тыкаеш пальцам у неба, ці ж мы будзем здаваць іспыты шляхам сумоўя, выкарыстоўваючы сістэму, якая добра зарэкамендавала сябе. Ці гэта будзе нейкая сумесь таго і іншага», – заявіў Лукашэнка.

Першы цэнтралізаваны экзамен абярнуўся скандалам: школьнікі і іхныя бацькі былі абураныя вынікамі і скардзіліся на незразумелую сістэму падліку балаў.

Агляд
Скандал з ЦЭ вычарпаны? Як палічылі другі цэнтралізаваны экзамен і пералічылі першы
2023.06.06 09:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў