Дырэктару газеты «Белорусы и рынок» прысудзілі 4 гады калоніі


У Менску 6 красавіка вынеслі прысуд дырэктару газеты «Белорусы и рынок» Канстанціну Залатых. Яму прысудзілі 4 гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Еўрарадыё».

Канстанцін Залатых.
Фота: Беларусы і рынак

Канстанціна Залатых, медыяменеджара і дырэктара газеты «Белорусы и рынок», абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў КК. Яму інкрымінавалі ч. 2 арт. 130 («Распальванне варожасці»), ч. 1 арт. 368 («Знявага прэзідэнта»), арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»), ч. 2 арт. 426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»). Працэс вяла так званая суддзя Алена Шылько.

Дырэктара выдання затрымалі летась 18 траўня  супрацоўнікі КДБ. Акрамя Канстанціна Залатых, тады затрымалі галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно. Пасля допыту Александровіча і Кахно адпусцілі, а Канстанцін Залатых толькі праз некалькі дзён знайшоўся ў Жодзінскім следчым ізалятары. Пасля яго перавялі ў менскае СІЗА № 1, дзе ён перабываў падчас працэсу.

У пачатку чэрвеня 2022 года праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным вязнем.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў