За смяротную аварыю пад Смалявічамі будуць судзіць галоўнага інжынера філіялу «Менаблаўтатрансу»


Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў суд крымінальную справу супраць галоўнага інжынера філіялу ААТ «Менаблаўтатранс», які дапусціў да руху няспраўны аўтамабіль МАЗ, што сутыкнуўся з маршруткай у Смалявіцкім раёне 20 лютага 2023 года. У выніку той аварыі загінулі 13 чалавек.

Аварыя пад Смалявічамі.
Фота: МУС

Паводле матэрыялаў справы, галоўны інжынер філіялу «Менаблаўтатрансу» на працягу доўгага часу не прадпрымаў належных мераў і дзеянняў на сваёй пасадзе адносна арганізацыі па месцы захоўвання самазвалу МАЗ падчас яго выезду на лінію перадрэйсавага кантролю, а таксама правярання адпаведнасці тэхнічнага стану цяжкавіка патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў і тэхнічных рэгламентаў.

Паводле пракуратуры, абвінавачаны супрацоўнік транспартнага прадпрыемства дапусціў выпуск на лінію аўтамабіля МАЗ з няспраўнасцю хадавой часткі, што ў выніку прывяло да яго сутыкнення на 9 кіламетры трасы Р69 Смалявічы – Шацк з маршрутным таксі Citroen Jumper. Гэта «пацягнула па неасцярожнасці смерць 13 чалавек, прычыненне шкоды дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйным памеры, а таксама іншыя цяжкія наступствы», гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Галоўнага інжынера філіялу «Менаблаўтатрансу» будуць судзіць паводле ч.2 арт.428 КК РБ («Службовая халатнасць, якая пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і іншыя цяжкія наступствы»).

Hавiны
Агучаны прысуд кіроўцу МАЗа, з віны якога загінулі 13 чалавек
2023.09.18 18:05

Няспраўнасць аўтамабіля – разбурэнне ліста правай рысоры пярэдняй падвескі – заўважыў яго кіроўца яшчэ да дня аварыі, аднак ад паездак не адмовіўся. 20 лютага 2023 года падчас руху ў МАЗа цалкам разбурылася правая рысора, і цяжкавік сутыкнуўся з маршруткай. У выніку аварыі загінулі кіроўца мікрааўтобуса і 12 пасажыраў. сямёра пасажыраў атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Вінаватым у аварыі суд прызнаў 60-гадовага кіроўцу МАЗу і пакараў яго 7 гадамі калоніі. Цяжкавік МАЗ, на якім абвінавачаны здзейсніў ДТЗ, два гады не праходзіў тэхагляду. А ў маршрутным таксі, разлічаным на 15 пасадачных месцаў, ехалі 19 чалавек.

Hавiны
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці аварыі пад Смалявічамі, у якой загінулі 13 чалавек
2023.03.21 15:45

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў